І вечным застанецца слова…
2017 год адзначаны такой важнай для нашай краіны падзеяй, як 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Гэты юбілей, безумоўна, звязаны з дзейнасцю ўсходнеславянскага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны. Менавіта 500 год таму, у далёкім 1517 годзе, 6 жніўня, славуты сын полацкай зямлі выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр». Гэтая падзея і стала пачаткам беларускага і ўсходнеславянскага кнігадруку. Пасля першай кнігі ўсяго за два гады Скарына выдае ў Празе больш за 20 кніг Бібліі, а потым пераносіць сваю кнігавыдавецкую дзейнасць у Вільню, дзе стварае першую на тэрыторыі ВКЛ друкарню. Тут выходзяць яго «Малая падарожная кніжыца» і «Апостал». Пасля смерці асноўных спонсараў віленскай друкарні, выдавецкая дзейнасць Скарыны прыпынілася, але развіццё беларускага кнігадруку было ўжо не спыніць. Пачатае Скарынай мела плённы працяг.
Дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. Свята з нагоды гэтай знамянальнай падзеі прайшло на радзіме Скарыны, у Полацку, які 1-3 верасня прымаў гасцей на Дне беларускай пісьменнасці.
Несумненна, што бібліятэкі таксама не засталіся ў баку ад гэтай вялікай падзеі. Установы Горацкай бібліятэчнай сеткі адзначылі 500 - годдзе першай беларускай друкаванай кнігі выставамі, прысвечанымі Францыску Скарыне, а раённая дзіцячая бібліятэка правяла з нагоды гэтага юбілею інфармацыйную гадзіну для вучняў «Светачы зямлі беларускай». Падчас мерапрыемства вядучая пазнаёміла юных чытачоў з гісторыяй узнікнення кнігі і пісьменнасці, пачынаючы ад старажытнасці, калі нашы продкі абменьваліся інфармацыяй з дапамогай малюнкаў (так званае піктаграфічнае пісьмо) і да дзейнасці Іагана Гутэнберга, з імем якога звязана ўзнікненне кнігадрукавання ў Еўропе, і нашага славутага першадрукара Францыска Скарыны. Інфармацыя, якую агучвала бібліятэкар, межавалася з цікавымі заданнямі: дзецям прапаноўвалася перадаць пэўную інфармацыю з дапамогай піктаграфіі, зрабіць кнігу-скрутак, адказаць на пытанні па тэме. Інфармацыйны час прайшоў цікава і пазнавальна, вучні даведаліся, якім доўгім і нялёгкім быў шлях нараджэння першай друкаванай кнігі, які подзвіг здзейсніў Францішак Скарына для ўсходнеславянскай культуры.
На выставах, прымеркаваных да юбілея, былі прадстаўлены шматлікія цікавыя выданні пра нашага славутага першадрукара. Так, у чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі была арганізавана вялікая выстава пад назвай «Сусвет Францыска Скарыны», а на абанеменце гэтай жа бібліятэкі – выстава «Спадчына Францыска Скарыны». Гарская сельская бібліятэка падрыхтавала выставу «Жыццядзейныя крыніцы беларускага пісьменства», а Маслакоўская бібліятэка - выставу-прысвячэнне «Сейбіты вечнага».
Як бачна, дата 500-годдзя беларускага кнігадруку мае важнае сусветнае значэнне і шырока адзначаецца ў нашай краіне рознымі па форме мерапрыемствамі. І гэта зразумела, бо справа, распачатая Францыскам Скарынам, стала сапраўдным подзвігам у імя чалавецтва.