Паэзія – маё жыццё
У жніўні споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Емяльянавіча Панчанкі. З нагоды гэтай падзеі бібліятэкамі Горацкай раённай бібліятэчнай сеткі былі арганізаваны выставы. Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага і Рэкцянскай сельскай бібліятэкі падрыхтавалі экспазіцыі пад агульнай паэтычнай назвай «Пакуль сонца не згасла, пакуль свецяцца зоры…». На іх прадстаўлена творчая спадчына самога паэта, а таксама артыкулы і кнігі, прысвечаныя асобе аўтара.
Шматгранная паэтычная творчасць Пімена Емяльянавіча знайшла адлюстраванне ў звыш 30 зборніках, выдадзеных у розныя часы: «Упэўненасць», «Вераснёвыя сцягі», «Дарога вайны», «Крык сойкі», «Горкі жолуд», «Высокі бераг» і іншыя. Некаторыя з іх былі адзначаны дзяржаўнымі і літаратурнымі прэміямі. Пімен Панчанка - адзін з самых шчырых, самых «псіхалагічных» паэтаў, ён валодаў рэдкім дарам вельмі канкрэтна, падрабязна, з увагай да дэталяў расказваць пра сябе і пра час. «Паэзія Панчанкі вядзе да людзей, да іх штодзённых спраў, жыве людскімі клопатамі і трывогамі, – адзначаў літаратуразнавец Варлен Бечык. – Паэт вядзе дыялог з пакаленнямі, шмат разоў звяртаецца да моладзі, клапатліва-ласкава гаворыць пра дзяцей, з пяшчотаю, спачуваннем і разуменнем раскрывае глыбіні сэрцаў маці, жанчыны… І якое багацце настрояў і адчуванняў! І крыўда, і недаўменне, і роспач, і абурэнне, і радасць, і здзіўленне... Лірыка Панчанкі вызначаецца псіхалагічнай чуйнасцю, дакладнай душэўнай мерай адчутага і сказанага, суверанасцю свайго і агульнага…» Адметная, непаўторная і глыбока нацыянальная паэзія Пімена Панчанкі назаўсёды ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры.