«І безліч сувязяў жывых…»

«І безліч сувязяў жывых…»

Праз 17 год пасля выхаду ў свет сваёй першай кніжкі «Мікітавы прыгоды» Аляксандр Клачкоў пазнаёміў чытачоў з «Формуламі жыцця» - менавіта такую назву атрымаў яго новы паэтычны зборнік. Адной з першых гэткі, у беласнежнай мінімалістычнай вокладцы, амаль толькі з друку экзэмпляр з подпісам самога аўтара атрымала кагадзе цэнтральная бібліятэка імя М. Гарэцкага.

Падрабязней

Дарэчы, сёлетні год стаўся для Аляксандра Віктаравіча, ў нейкім сэнсе, аж двойчы юбілейным. Так, мы ўжо расказвалі пра тры яго кнігі, якія святкуюць свае гадавіны з часу выдання. Пісалі таксама і пра літаратурную экспазіцыю, што ладзілася ў горацкай бібліятэцы з нагоды 65-годдзя паэта і сабрала амаль поўную калекцыю твораў Клачкова. А цяпер яшчэ і нізка новых вершаў! Трэба ўдакладніць, што вялікая частка рэчаў са зборніка была напісана ажно два з лішнім дзесяцігоддзя таму, а іншыя дык увогуле датуюцца апошнім годам. Зрэшты такая часавая неаднароднасць састаўных кампанентаў з’явілася, на наш погляд, адной з цікавых асаблівасцей гэтай невялічкай кніжкі.

Адметна, што першы яе раздзел «Гісторыя і сучаснасць» складаюць напісаныя па-руску творы пачатку дзевяностых. Час масштабных пераломаў у грамадстве, перыяд балючай разгубленасці – ці значны ўплыў ўсё гэта мела на вершы Клачкова той пары? І так, і не. З аднаго боку, ён задаецца прамым пытаннем «Кто в войне Гражданской был виновник?..», адкрыта прызнаецца, што яго «несказанная давит усталость, леденящий за Родину страх». Але разам з тым гэтая палітычная акрэсленасць, прывязанасць да канкрэтнага моманту ніколі не становіцца ў яго дамінантай, не бяре ў палон творчую думку паэта. Ён нібыта і тут, у самым эпіцэнтры сучаснага Барадзіно, дзе грыміць зброя і «сержант со своим пулеметом сыплет трассеры», дзе «война без дураков, железо и огонь» ды іншыя пякучыя прыкметы скрыжавання эпох. І адначасова клачкоўскія вершы менш за ўсё блізкія хоць да якой-небудзь памфлетнасці ці вострасацыяльнай тэматыкі. Галоўным чынам з-за свайго ціхага і дужа асабістага гучання - яно адчуваецца ў амаль трыццацігадовай вытрымкі радках, што складаюць першы раздзел новага зборніка.

Нярэдка такія медытатыўныя роздумы бываюць звернуты да Творцы - «указать путь без суеты», умацавацца ў веры, абараніць дзетак просіць паэт, адчуваючы ўсю цяжкасць неабходнасці забыцца пра «гордость и срам, поднимаясь к Твоему порогу». Адкрыжавацца ад грахоўнасці і ганьбы - задача ня з лёгкіх. Ды й увогуле, ці пад сілу яна слабому чалавеку? «Ці чуе Ён простыя словы, малітву за родных і блізкіх?» - так узнікае ў ранняй творчасці Клачкова ідэя своеасаблівай тэадыцэі - апраўдання Бога нягледзячы на ўсю наяўнасць зла ў свеце. Няхай не ярка выяўлены, але такі матыў стане, на наш погляд, пазней ў вершах горацкага аўтара скразным. Пры гэтым, зусім не абявязкова, каб у тэксце сустракаліся канкрэтныя звароты ці абазначэнні. Ён, «вялікі і шчодры», «нябеснае вечнае вока» - нават неназваным будзе прысутнічаць ва ўсіх пазнейшых кніжках Клачкова як апошняя інстанцыя, з усёй паўнатой адказнасці за сваё стварэнне. І мы будзем адчуваць боскую наяўнасць падспудна, нават калі апісваюцца сяброўскія летнія вячоркі ля вогнішча, альбо ласкавы подых вясновага ветрыка.

У поўнай меры яно адносіцца і да другой часткі «Формул жыцця». «Усемагутны Божа», «Усемагутны і Вечны», «Моцны і Мілы» – менавіта такім малюецца ў гэтых вершах неспазнавальны і бясконца міласны Аўтар Сусвету. І Ён літаральна ва ўсім. У дрэвах без лісця, у прысыпаных першым сняжком сцяжынках, у неспасціжымым вядзьмарстве маладзіка на небе. Навальніца, лістапад, летні дождж, карціны шчаслівага і павольнага лета, царква ў Кіжах – пра што б не пісаў паэт, яно будзе прасякнута перажываннем Бога ў сабе і спазнаннем свету праз адкрыццё ў ім векавечнага Абсалюту. Такі духоўны вопыт можа быць трагічным – і тады гэтае знаходзіць пэўнае адлюстраванне і ў творчасці.


Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина