Тыдзень памяці Максіма Гарэцкага
«Герой забытага Адраджэння»
Максім Беларус, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізерыус Монус, Лявон Задума — мала хто сёння узгадае, што за гэтымі шматлікімі псеўданімамі на працягу свайго, на жаль, даволі кароткага, але моцнага творчага шляху хаваўся Максім Гарэцкі. Чалавек, шматгранная дзейнасць якого выразна пераконвае у тым, што калісьці, на пачатку мінулага стагоддзя, быў у Беларусі свой уласны Рэнесанс, што дапамог беларусам на нейкі час востра адчуць патрэбу ў развіцці сваёй нацынальнай культуры. Пісьменнік, які назаўсёды даказаў, што на беларускай мове можна пісаць жорстка і амаль па-дакументальнаму праўдзіва, без усякай залішняй слязлівасці. Таму часам чытаць яго цяжка і невыносна — ён б’е бязлітасна. Але чытаць яго трэба абавязкова!
Два працяглых перыяды ў творчасці Максіма Іванавіча самым непасрэдным чынам звязаны з Горкамі — так званыя горацкі першы (1912-1913) і горацкі другі (1926-1928). Падчас свайго знаходжання тут ён навучаецца ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, потым вяртаецца сюды на некалькі год у якасці выкладчыка, займае пасаду загадчыка кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Можна толькі ўявіць, як больш за сто гадоў таму па знаёмых нам вулачках шпацыраваў як-небудзь увечары аўтар “Літоўскага хутарку”. Да 2012 года ў горадзе нават захоўваўся дом, дзе жыў беларускі класік.
Таму не дзіўна, што цэнтральная бібліятэка, якая амаль 25 год носіць яго імя, ніколі не дазваляе сабе заставацца ў баку ад святкавання дзён нараджэння свайго сімвалічнага заступніка. Традыцыйна штогод падчас памятнай даты супрацоўнікі ладзяць у сваіх сценах і па-за імі разнастайныя мерапрыемствы на розны густ.
Вось і сёлета, з нагоды 124-годдзя Гарэцкага некалькі дзён працавала на абанеменце мультымедыйная прэзентацыя “Па старонках жыцця і творчасці” — гэта давала магчымасць гасцям бібліятэкі датыкнуцца да трагічных перэпетыяў лесу аднаго з самых экзістэнцыянальных беларускіх творцаў. Яго тайны расстрэл і згубленая магіла — усе гэта так падобна на вынікі жыцця тысяч і тысяч іншых людзей у тыя страшэныя дні.
У чытальнай зале бібліятэкі на выстаўцы-праглядзе “Жыве яго слова” можна было пазнаёміцца з летапісам жыцця і творчасці пісьменніка, творчымі перыядамі, уласнымі творамі Гарэцкага, творамі і кнігамі пра яго. Экспанаваўся і адзін артыкул, які заўсёды звяртае на сябе ўвагу чытачоў. Гэта – “Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская. Гісторыя кахання”.
Акрамя гэтага, у адным са студэнцкіх інтэрнатаў адбылася літаратурная кампазіцыя пад назвай “Свой след: адметны і непаўторны”, да якой была арганізавана кніжная выстаўка “Я праўду адкрываю свету” з удзелам мясцовай паэткі Лідзіі Андрэевай.
Такая спроба папулярызацыі многімі забытага аўтара сярод моладзі, мае месца быць асаблівай. Трэба толькі досыць прыцягальна рабіць такую “прапаганду”. Расказаць аб тым, кім ён сапраўды быў, і якое месца займае гэты, на погляд многіх з сённяшніх юнакоў, непрыметны дзядзька, вядомы выключна са школьнай праграмы, у сусветным літаратурным працэсе. Бо Гарэцкі — гэта наш беларускі адказ імёнам, якія ведаюць і чыталі ўсе, — Эрых-Марыя Рэмарк, Хэмінгуэй, Луі Селін, Фіцжэральд ды іншыя. Ужо цікавей? Дык бяжыце хутчэй да нас у біблятэку за ягонымі кніжкамі!