Пісьменнік-юбіляр
«Кветкі правінцыі…»
Да 70-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, сцэнарыста, драматурга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгія Васільевіча Марчука на абанеменце Раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага распачала дзейнічаць выстаўка літаратуры «Кветкі правінцыі…»
Нарадзіўся Георгій Марчук 1 студзеня 1947 годзе ў Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1973), Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (Масква, 1975). Працаваў галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм», дырэктарам выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Экранізаваў свой раман «Кветкі правінцыі» (Дзяржаўная прэмія Беларусі).
Георгій Марчук з ліку тых літаратараў, хто пісьменнік па волі лёсу. Выбіраў Георгій Васільевіч паміж літаратурай і кіно і, аддаўшы 17 гадоў працы на кінастудыі «Беларусьфільм», усё ж пагрузіўся ў пісьменніцтва.
У кнігах пісьменніка адлюстравана жыццё беларускай правінцыі, карціна свету землякоў-палешукоў з іх самабытным характарам, само Палессе, «царыца-рака» Гарынь.
Выданні, прадстаўленыя ў экспазіцыі, раскрываюць шматграннасць і жанравы дыяпазон творчасці Георгія Васільевіча. Гэта і п’есы «Пеўчыя 1941 года» (2014), камедыі «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1998), трагедыі «Менелай, Елена и Парис», «Орест и Кассандра» (2003), раманы и апавяданні «Прызнанне ў забойстве» (1985), «Кветкі правінцыі» (2004), «Крык на хутары» (2013), «Вочы і сон» (2015), «Сава Дым і яго жанчыны» (2016), навелы «Урсула» (2003), «Ласточки над Горынью» (2013), «Давид-Городокские каноны» (2015), і др. Піша Георгій Марчук і для дзяцей. Напярэданні 500-годдзя кнігадрукавання ў часопісе «Маладосць» (№11, 2016 г.) апублікавана п’еса «Святло вышыні», якая прысвечана жыццю нашага асветніка Францыска Скарыны.
Дапаўняюць выстаўку матэрыялы пра жыццё і творчасць юбіляра, літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі.
Творы Георгія Марчука перакладзены на шэраг моў СНД і далёкага замежжа (рускую, англійскую, украінскую, літоўскую, балгарскую, казахскую, польскую, македонскую).
Выстаўка дзейнічае да 5 лютага.