Пісьменнік-юбіляр
«Нескароны талент»
Да 115-годдзя з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга, перакладчыка, крытыка, аднаго з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк» і сябра аб’яднання «Полымя» Міхася Зарэцкага на абанеменце Раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага распачала дзейнічаць выстаўка літаратуры «Нескароны талент» .
Міхась Яфімавіч Касянкоў (сапраўднае прозвішча пісьменніка) нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні, але дзяцінства яго прайшло на Магілёўшчыне на берагах Дняпра — пад Шкловам у вёсцы Зарэчча (адсюль і псеўданім пісьменніка).
Займацца літаратурнай творчасцю Міхась Зарэцкі пачаў падчас службы ў арміі. Зімою 1921 года папулярная ў тыя гады беларускамоўная газета «Савецкая Беларусь» надрукавала яго апавяданні «Цішка Бабыль» і «У Саўках», якія засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў новы выдатны талент. Міхась Зарэцкі працаваў актыўна і плённа. Першы зборнік яго апавяданняў «У віры жыцця» выйшаў у 1925 годзе. Тады ж з’явіўся і зборнік «Пела вясна». У 1926 годзе былі напісаны яшчэ тры кнігі Зарэцкага — зборнікі апавяданняў «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» і сатырычная аповесць «Голы звер».
Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць выдатныя аповесці і раманы. Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору. Дзве згаданыя акалічнасці не маглі, безумоўна ж, не паўплываць на тэматыку і дух яго твораў, а таксама на яго жыццё.
Калі расстралялі Міхася Зарэцкага, яму толькі споўнілася трыццаць пяць гадоў. Аднак ён унёс неацэнны ўклад у беларускую літаратуру.
На выстаўцы літаратуры «Нескароны талент» прадстаўлены асобныя творы М. Зарэцкага, кнігі і артыкулы аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка, якія дазволяць бліжэй пазнаёміцца і з асобай аўтара, і з яго творчай манерай.
Выстаўка дзейнічае да 24 снежня.