Дзень культуры Горацкага раёна
«На родных горацкіх прасторах»
27 красавіка на творчай прэзентацыі Горацкага раёна ў Магілёве, якая праводзілася да Года культуры, супрацоўнікамі Цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага была падрыхтавана выстава краязнаўчай літаратуры «На родных горацкіх прасторах».
На гэтай выставе былі прадстаўлены кнігі, якія кожнаму зацікаўленаму дапамогуць прасачыць гісторыю нашага горада ад моманту першага ўзгадвання ў пісьмовых крыніцах і да сённяшняга дня, даведацца пра нашых славутых землякоў, пра старэйшую ВНУ рэспублікі – Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію: «Горкі: старонкі гісторы» У. Ліўшыца, «Жемчужина в Горках» С. Сергачова, «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» Л. Несцерчука, «Гордость и слава Могилёвщины» і іншыя.
Уласна-бібліятэчныя друкаваныя і электронныя выданні, конкурсныя матэрыялы дапоўнілі выставу новымі і цікавымі звесткамі:
- інфармацыйны буклет «Горки: история и современность» змяшчае гістарычныя звесткі фотаздымкі і кароткую характарыстыку сучаснай інфраструктуры;
- выданне «Горацкі раён (гісторыя адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення)» прасочвае гісторыю змен межаў сучаснага раёна і ўтрымлівае звесткі пра кіраўнікоў органаў улады, пачынаючы з 1917 года і да сённяшняга дня;
- штогоднікі «Каляндар знамянальных і памятных дат» (адлюстроўвае важнейшыя ў бягучым годзе падзеі гiсторыi, палiтычнага, гаспадарчага i культурнага жыцця раёна, дзейнасць знакамітых людзей, звязаных з нашым краем) і «Культура Горацкага раёна ў друку» (змяшчае бібліяграфічнае апісанне артыкулаў са зборнікаў, рэспубліканскага, абласнога і раённага друку, прысвечаных дзейнасці ўстаноў культуры) і інш.
На асобнай паліцы побач з кнігамі былі экспанаваныя бібліятэчныя друкаваныя выданні, прысвечаныя ваеннаму мінуламу: «Наши земляки – Герои Советского Союза», «У Победы и женское лицо» (пра жанчын з Горацкага раёна на франтах Вялікай Айчыннай вайны), «О чем рассказал седой ветеран» (успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны), «Ураджэнцы і землякі Горацкай зямлі на франтах Вялікай Айчыннай вайны» (біябібліяграфічны паказальнік, у якім сабраны звесткі больш за 200 чалавек, удзельнікаў вайны) і іншыя.
Значнае месца ў экспазіцыі было адведзена матэрыялам, прысвечаным літаратурнаму жыццю края. Горацкі раён ганарыцца такімі аўтарамі, як Аляксандр Клачкоў (член Міжнароднага саюза пісьменнікаў), Ніна Кавалёва, Міхаіл Уласенка, Сяргей Кісялёў, Анатоль Прохараў (члены Саюза пісьменнікаў Беларусі), Уладзімір Ліўшыц, Лідзія Андрээва (члены Саюза беларускіх пісьменнікаў), а таксама аматарамі мастацкага слова Валянцінай Мажугінай, Святланай Цярэшка і іншымі. У гэтым раздзеле размесціліся біяграфічныя даведкі аб пісьменніках, а таксама іх лепшыя творы. Дарэчы, гэтыя і іншыя пісьменнікі з’яўляюцца членамі народнага аматарскага аб’яднання «Роднае слова», якому у бягучым годзе спаўняецца 30 год з пачатку дзейнасці.
Пра багацце і разнастайнасць горацкай культуры наведвальнікі выставы таксама змаглі переканацца, прагледзеўшы электронную прэзентацыю «Горацкая гасцёўня».