Пісьменнік-юбіляр
Змітрок Бядуля
23 красавіка з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння паэта і празаіка, мовазнаўцы Змітрака Бядулі на абанеменце Раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага распачала дзейнасць выстава літаратуры «Пясняр зачараваннага краю».
Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) – адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Яго імя займае асаблівае месца ў галерэі іменаў, якія праславілі беларускі народ, ўзбагацілі яго культуру і мастацтва. Ён – паэт-рамантык, аўтар лірычных вершаў і мініяцюр, раманіст, публіцыст з выразна пазначанай цікавасцю да актуальных праблем, таленавіты і арыгінальны тэатральны крытык, даследчык пытанняў этнаграфіі і фальклору, дзіцячы пісьменнік.
Змітрок Бядуля адносіцца да тых песняроў, якія пакінулі пасля сябе не так шмат, але яго творы прымушаюць кожнага задумацца над чалавечай існасцю. Да такіх твораў можна аднесці ўсімі намі вядомыя яшчэ са школьнай праграмы апавяданні «На каляды к сыну», «Пяць лыжак заціркі», казка «Сярэбраная табакерка».
Прыгажосцю метафар і вобразнасцю твораў Змітрок Бядуля кранае душы. Пад уплывам яго кніг чалавек становіцца дабрэй, духоўна ўзбагачаецца, пранікаецца спачуваннем да ўсяго жывога.
Змітрок Бядуля аддаў свой талент беларускай культуры. Сваёй мастацкай творчасцю – паэзіяй, публіцыстыкай, прозай − ён унёс значны ўклад у справу развіцця і ўзбагачэння літаратуры і грамадскай свядомасці нашага народа.
На выставе літаратуры «Пясняр зачараваннага краю» прадстаўлены асобныя творы аўтара, пераклады, а таксама кнігі і артыкулы аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка.
Выстава дзейнічае да 10 мая.