|
«Маё сэрца песнямі гаворыць» |
15.07.2025 |
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш…
Уладзімір Дубоўка
15 ліпеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта Уладзіміра Дубоўкі. Гэта адзін з найстарэйшых беларускіх пісьменнікаў, пачынальнікаў савецкай і беларускай літаратуры. На небасхіле беларускай паэзі 20-х гадоў XX стагоддзя Уладзімір Дубоўка успыхнуў зоркай першай велічыні. Да таго ж ён выдатны крытык, публіцыст, празаік.
Да юбілею пісьменніка ў цэнтральнай бібліятэцы імя М. Гарэцкага аформлена выстава «Маё сэрца песнямі гаворыць». На экспазіцыіі можна знайсці яго зборнікі вершаў, якія прасякнуты любоўю да роднай зямлі, народных традыцый і высокіх маральных каштоўнасцяў. Акрамя таго, прадстаўлены біяграфічныя выданні, якія дазваляюць лепш зразумець жыццёвы шлях паэта, яго матывы і перажыванні.
Яшчэ ў маленстве на Дубоўку паўспрыялі беларуская народная творчасць і прыгажосць роднай прыроды. Любоў да іх ён пранёс праз усё жыццё. Ён вызначаўся свежым, адметным талентам.
Значны след пакінуў таленавіты паэт у дзіцячай літаратуры. Яго казкі маюць рознае паходжанне; адны з іх арыгінальныя, прыдуманыя самім аўтарам, другія напісаныя паводле беларускіх народных твораў, трэція – апрацоўка твораў іншых народаў. Усіх іх аб’ядноўвае жаданне аўтара праз дзівосны свет казкі навучыць дзяцей глыбей разумець жыцце.
Уладзімір Дубоўка пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. Яго вершы, паэмы і артыкулы аказалі значны ўплыў на развіццё беларускай літаратурнай мовы і нацыянальнай думкі. Дубоўка ўнёс уклад у папаўненне слоўнікавага складу абстрактнай і навуковай лексікай, а таксама распрацоўваў уласныя праекты для літар беларускага алфавіту.
Цікавы факт, што Уладзімір Дубоўка ўвёў у беларускую мову шмат слоў: некаторыя прыдумаў сам («летуценне», «адлюстроўваць», «ажыццяўленне», «мэтазгодна», «спадабанка»), некаторыя ўзяў з дыялектаў – і праз яго творчасць яны прыжыліся ў літаратурнай мове («апантаны», «наканаваны», «нелюдзь», «пройма», «петраць», «агораць», «ашчаперыць», «водар», «дойлід», «збочыць», «знічка», «імклівасць», «непрыдатны», «талака»). Шмат зрабіў для абнаўлення паэтычнага сінтаксісу.
Нягледзячы на трагічны лёс, Уладзімір Дубоўка застаецца адной з самых яркіх і значных фігур у гісторыі беларускай літаратуры. Яго жыццё і творчасць служаць прыкладам стойкасці, вернасці сваім ідэалам і любові да роднай зямлі.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|



















































