Паэтычны свет Рыгора Барадуліна |
24.02.2025 |

Ад першага ўспаміну, які ты помніш,
Да апошняга, дзе ўспомняць цябе,
Калі будзе такі — толькі адно імгненне.
I гэтае імгненне — жыццё.
Рыгор Барадулін
24 лютага адзначаецца знамянальная дата – 90-годдзе выдатнага беларускага пісьменніка Рыгора Іванавіча Барадуліна. Яго імя ведае ці не кожны беларус. Нават калі не цікавіцца літаратурай, то песні на вершы Барадуліна чуў не раз. «Трэба дома бываць часцей», «Будзьма», «Зорка босая», «Белая яблыня грому» – знаёмыя як старэйшаму пакаленню, так і моладзі. Яго паэзія вельмі спеўная і яскрава падкрэслівае пявучасць нашай мовы.
Рыгор Барадулін – геній, сціплы, іранічны і просты ў зносінах. Нягледзячы на званні і ўзрост, для большасці знаёмых народны паэт быў дзядзькам Рыгорам.
Яго творчасць – гэта не толькі літаратурная спадчына, але і глыбокі след у сэрцах многіх пакаленняў беларусаў. Барадулін – гэта голас, які гучыць у нашых душах, заклікаючы нас памятаць пра свае карані, любіць родную зямлю і шанаваць яе культуру. Яго вершы, эсэ – гэта не проста словы, а цэлы свет, напоўнены эмоцыямі, філасофскімі развагамі і непаўторным беларускім духам.

Да юбілею пісьменніка бібліятэкі сеткі падрыхтавалі шэраг выстаў: «Салавей беларускай паэзіі», «Пакуль баліць душа», «Чараўнік роднага слова», «Паэтычны свет Рыгора Барадуліна».
Выставы знаёмяць з жыццём і багатай творчай спадчынай Рыгора Барадуліна. Тут прадстаўлены збор твораў і асобныя працы паэта, выставы дапаўняюць цікавыя старонкі біяграфіі, водгукі сяброў і калег паэта аб яго творчасці, партрэты аўтара.

Барадулінская паэзія – гэта перш за ўсё паэзія факта. Ён умее быць і легкадумна-гарэзным, і высокаўсхваляваным, і трагічна ўзрушаным. Адчуваецца вялікая эрудыцыя аўтара, глыбокае разуменне жыцця, страснасць натуры. Творчасць Рыгора Барадуліна – гэта споведзь душы, споведзь шчырая, гарачая, сыноўняя. Яго лірыка – шчырая размова, паэтычны раздум пра родную краіну, пра волю, пра савіх продкаў, генетычных і гістарычных. Мы адчулі, што паэт імкнецца стварыць свой паэтычны свет; адчулі барадулінскую рыфму, гуказапіс, метафарызм, што з′ яўляецца апазнавальным пашпартам асобы паэта. На прыкладзе сваёй паэзіі ён паказаў невычэрпныя магчымасці роднай мовы. Творы яго, захоўваючы сакавітую і найлагоднейшую матчыну мову, вучаць высокай праўдзе, справядлівасці, дабру і чалавечнасці.
Яго творы будуць жыць у нашых сэрцах, натхняючы новыя пакаленні пісьменнікаў і чытачоў. Няхай жа яго мудрасць і талент працягваюць асвятляць шлях беларускага слова, а памяць пра яго застанецца ў нашых душах назаўсёды.