Сардэчна віншуем з юбілеем!

Сардэчна віншуем з юбілеем!

23.01.2025


Дваццаць другога лютага сустрэла 85-гадовы юбілей таленавітая горацкая паэтка Лідзія Андрэева.

Са слоў А. Зэкава: «Паэзія Лідзіі Андрэевай чыстая, як настоенае на зёлках баравое паветра, і празрыстае, як ранішнія росы. У ей не заблытаешся, як у нейкім мудрагелістым лаберынце, бо вершаваныя радкі не кружляюць па абсягах думак і пачуццяў, а пад мернае рытмічнае перагукванне слоў выводзяць нас на шырокі прасцяг разваг над нашым існаваннем у гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Паэтка не бае канкрэтных рэцэптаў, хіба што падштурхоўвае чытача да ўсведамлення свайго высокага прызначэння на зямлі…»

Подробнее

Уся творчасць Лідзіі Андрэевай вызначаецца лірызмам, спавядальнасцю, у ёй дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра наш час, абавязак перад беларускім народам, клопат аб лёсе беларускай мовы. Любіць радзіму, вялікую і малую, ведаць свае карані, ведаць гісторыю роднага краю – такі лейтматыў яе твораў.

З нагоды юбілею таленавітай пісьменніцы ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі ім. М. Гарэцкага экспануецца персанальная кніжная выстава «Пакуль жыву – дабро нясу».

Андрэева Лідзія (Мініч Лідзія Андрэеўна) нарадзілася ў 1940 годзе ў в. Рэкта Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт (выкладала на зоаінжынерным факультэце БДСГА).

Член народнага літаратурнага калектыву «Роднае слова». Аўтар паэтычных зборнікаў для дарослых і дзяцей: «Спешу сказать» (2005), «Жыватворная крыніца» (2007), «Споведзь» (2009), «Мая сям’я ад А да Я» (2010), «На хвалях вечнасці» (2012), «I боль, і мары, і любоў» (2013), «У сваім краі, як у раі» (2015), «Цвіла каліна» (2015), «Ніці» (2017), паэмы пра Горкі «Тут росы бялей...» (2018), «Атожылкі» (2019), «Сугучнасць душ... Сугучнасць слоў...» (2019), «У восені ў гасцях» (2022), «Закальцаваны век» (2023).

3 поспехам займаецца перакладамі вершаў класікаў рускай літаратуры. Як расказвае паэтка, з 2020 года у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь праходзіць канцэрт «У час шумнага балю» рамансау рускіх паэтау па яе перакладах на беларускую мову. Актыўна выступае ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Друкавалася ў калектыўных зборніках «Блики памяти», «Над родным краем жураўлі», «Эхо нашей Победы», «На крылах натхнення», «Дарогі памяці жывыя...», «Зоркі над Горкамі», у альманахах «Брама», «Славянская лира», «Акадэмічны вянок», у часопісе «Вожык», у газетах «Літаратура і мастацтва», «Культура», «Беларуская ніва», «Зямля і людзі» і інш.

Актыўная ўдзельніца Рэспубліканскага свята «Дзень беларускага пісьменства» (2007, 2013), абласнога фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» (2008, 2011, 2012), раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў «Працуй і спявай, наш Горацкі край!» (2008, 2010, 2012, 2014) і інш.

Пераможца міжнародных літаратурных конкурсаў «Славянская лира» (2018), «Под небом рязанским» (2018), рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» (2020) і інш.

Член Горацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Пераможца абласнога этапу XI Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2018» у намінацыі «Духоўнасць і культура».

Больш за трыццаць вершаў паэткі пакладзена на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі: «Хлеб», «Я проста сын», «Жыватворная крыніца» і інш.

Калі пералічваць усё, што зроблена гэтым таленавітым чалавекам за апошнія гады, дык міжволі ўзнікае пытанне: як столькі яна змагла? На што Лідзія Андрэеўна адказвае: «Калі тое, што я раблю, што я кажу, пра што думаю, некаму патрэбна, значыць нездарма патрачаны час і сілы, значыць я ў адной плыні з маім народам. І пакуль жывое маё сэрца, я аддаю доўг запаветны з любоўю. Цяпер я ведаю, што не дарма пражыла на маёй зямлі».

З нагоды юбілею зычым нашай паэтцы далейшых творчых дасягненняў на карысць любай Радзімы Беларусі. Сардэчна віншуем Вас з юбілеем! Усе свае гады творчасці Вы выконваце важную i высакародную мiciю – дарыць людзям радасць сустрэчы з Прыгожым.

Сваё паэтычнае віншаванне да ўрачыстага юбілея прапануе паэт Аляксандр Ведзянееў у сваім вершы-прысвячэнні юбілярцы.


Святою стаць, магчыма, і пара –

Ужо жыццё даволі абцясала.

Малілася душой – і ўваскрасала

Любоў да Слова. Раптам з-пад пяра,

Епархіі тутэйшай на здзіўленне,

Няспешна нараджаліся радкі,

На пэўны час, магчыма на вякі,

Аб чым пісаць загадвала сумленне,

Якое не крануў зайздросці бруд.


Свядомасць і сапраўдныя пачуцці,

Прамы заўжды кірунак на распуцці,

Рашучасць (зараз і, вядома, тут) –

Адбіткі пакідалі на паперы,

Верш кожны адлюстроўваў стан душы,

Адкрытай Богу. Бог казаў: «Пішы,

З людзьмі дзяліся скарбамі без меры

Душы сваёй прыгожай, маладой,

Аддай усё і не чакай замены!»

Час пройдзе, і Гасподзь Святы Нязменны

Аднойчы зробіць Лідзію святой.



Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
ГУК "Белыничская централизованная библиотечная сеть" УК "ЦБС г. Бобруйска" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Бобруйского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Быховского района" ГУК "Сеть публичных библиотек Глусского района" ГУК "Дрибинская библиотечная сеть" ГУК "Сеть библиотек Кировского района" ГУК "Климовичская библиотечная сеть" ГУК "Библиотечная сеть Кличевского района" ГУК "Костюковичская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная система Краснопольского района" ГУК "Библиотечная сеть Кричевского района" ГУК "Круглянская централизованная библиотечная система" УК "ЦСГПБ г. Могилева" ГУК "Сеть публичных библиотек Мстиславского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Осиповичского района" ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" ГУК "Библиотечная сеть Хотимского района" ГУК "Чаусская библиотечная сеть" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Чериковского района" ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района" Могилевская областная библиотека им.В.И.Ленина