Дзякуй шчыра за хлеб і за колас! |
09.09.2024 |

Такi любiмы, як вочы мацi,
Як сонца ў росах.
Яго за век ты не растрацiш
Той звон калоссяў.
Пімен Панчанка
Духоўным багаццем, атрыманым намі ў спадчыну ад продкаў, можна ганарыцца перад усім светам і, каб захаваць сваю самабытнасць у культурным асяроддзі, неабходна яго зберагчы і перадаць наступным пакаленням. Багацце гэта – народныя святы, абрады, традыцыі. Да нашых дзён яны не страцілі сваёй мэтавай скіраванасці і прызначэнні ў народным жыцці, здолелі захаваць у сабе адну з найцікавых старонак народнага побыту, нашай нацыянальнай культурнай спадчыны.

У суботу 7 верасня з самай раніцы ў дзіцячым парку г. Горкі панавала ажыўленая атмасфера. Жыхары горада трапілі на яркае запамінальнае раённае фальклорнае свята «Жытнёвы звон». У праграме былі заяўлены шматлікія мерапрыемствы: пленэр, разнастайныя майстар-класы, выставы, гульні, спартыўныя і творчыя конкурсы, а таксама выступленні творчых калектываў.
![]() | ![]() | ![]() |
---|
Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі ім. М. Гарэцкага прынялі актыўны ўдзел у свяце. Была арганізавана літаратурна-інтэрактыўная пляцоўка з тэматычнай выставай-экспазіцыяй «Дзякуй шчыра за хлеб і за колас!», якая была аформлена з выкарыстаннем садавіны, гародніны, прыроднага матэрыялу, старажытных прадметаў побыту. Кнігі, прадстаўленыя для прагляду, дазволілі наведвальнікам больш падрабязна пазнаёміцца з тым, як адзначалі нашы продкі найбольш значныя ў іх жыцці каляндарныя і сямейна-бытавыя святы.
![]() | ![]() | ![]() |
---|
Госці тэматычнай пляцоўкі маглі не толькі пазнаёміцца з экспазіцыяй, яны, пры дапамозе старажытных прылад хатняга ўжытку нашых продкаў, з вялікай зацікаўленнасцю паспрабавалі малоць жыта ў муку з дапамогай ручнога млыну, шпарка білі калатоўкаю ў бойцы, быццам збівалі масла, звязалі у снапы лён, а затым мялі і церабілі яго ад кастрыцы. Таксама пагулялі ў традыцыйныя беларускія гульні «У мядзведзя на бары», «Каза рагатая», «Гарачая бульба», «Лянок», адгадвалі загадкі і прынялі ўдзел у чытанні скорагаворак.
Багатая наша Беларусь на святы, абрады, традыцыі, якія перадаюцца нам ад пакалення да пакалення. Будзе вельмі выдатна, калі гэтую спадчыну, гэтае багацце мы не забудзем, будзем берагчы і захоўваць, таму што гэта наша Радзіма, наша Беларусь.
![]() | ![]() | ![]() |
---|