Слова яднае сэрцы… |
24.05.2024 |

…Служыць жа трэба Слову, ды з любоўю,
Як служыць кожны член саюза наш.
Аляксандр Ведзянееў
У г. Горкі прайшла літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная 90-годдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван і Святлана Цмугунова, настаяцель храма Святой Жываначальнай Троіцы аграгарадка Расна Дрыбінскага раёна іерэй Генадзь Мартынаў, вучні сярэдняй школы № 3 г. Горкі, студэнты БДСГА, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, удзельнікі народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”, аматары мастацкага слова.

Вядучая, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Людміла Дзеружкова расказала прысутным гісторыю стварэння і развіцця гэтай творчай арганізацыі, пра супрацоўніцтва з Магілёўскім абласным аддзяленнем і горацкіх аўтарах, якія ў розныя гады сталі яго членамі. Гэта Ніна Кавалёва, Сяргей Кісялёў, Міхаіл Уласенка, Наталля Ніканчук і Алеся Цэван. Імёны гэтых аўтараў добра вядомыя не толькі жыхарам Горацкага краю. Аповед Людмілы Мікалаеўны суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй і вершамі горацкіх паэтаў.

На мерапрыемстве прагучалі вершы і песні на словы Алеся Казекі, Ніны Кавалёвай, Сяргея Кісялёва, Наталлі Азаранкі і інш.
Святлана Цмугунова пазнаёміла прысутных з творчай біяграфіяй і сваімі зборнікамі і прачытала верш “Я з вершам у сэрцы не загіну…”, а таксама выканала песню на свае словы “Храм над городом стоит”. Цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Гарэцкага яна падарыла сваю дзіцячую кніжку “Прывітанне, дзетачкі…”.
Алеся Цэван таксама расказала пра свой творчы шлях і прачытала новыя вершы. Паэтка звярнула ўвагу на тое, што «кожны дзень чалавек стварае ўласную гісторыю, а пісьменнікі ўмеюць гэтую гісторыю выказаць словамі і паглыбіцца ў сутнасць рэчаў”. Алеся Дзмітрыеўна пажадала прысутным заўсёды рабіць правільны выбар і мець поспех у добрых пачынаннях, а членам Саюза пісьменнікаў Беларусі – натхнення і творчага росквіту.
![]() | ![]() | ![]() |
---|
“Кніга можа быць і добрым сябрам, цудоўнымі лекамі для душы чалавечай, а можа стаць і жудаснай атрутай у жыцці – такое, на жаль, бывала не аднойчы. Так што, акрамя адказнасці пісьменніка за сваіх “дзяцей”, чытач таксама павінен быць уважлівым да таго, што ён бярэ ў рукі. Бруд з адзежы адмываецца, а з душы і сэрца яго адмыць часцей за ўсё немагчыма. Не пакідайце па-за ўвагай духоўную ежу, і няхай нас усіх бароніць Бог ад усякае навалы”, – адзначыў іерэй Генадзь Мартынаў.
![]() | ![]() | ![]() |
---|
Член народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Ларыса Іванова, якая піша празаічныя творы, у сваім выступленні адзначыла: “Мастацкая літаратура вучыць кожнага з нас думаць, разважаць, аналізаваць і рабіць пэўныя высновы. Вучыць быць неабыякавымі да людзей, да чужой бяды, быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Яна ўплывае і на нашы пачуцці і эмоцыі, спрыяе выхаванню такіх чалавечых якасцяў, як міласэрнасць, добразычлівасць, павага, суперажыванне. Можна ўпэўнена сказаць, што роля мастацкага слова заключаецца ў тым, каб напоўніць душу чалавека духоўнымі каштоўнасцямі і зрабіць яго лепшым, чым ён ёсць”.
Свой верш-прысвячэнне Саюзу пісьменнікаў Беларусі прачытаў паэт Аляксандр Ведзянееў. Шмат цёплых слоў і пажаданняў у адрас літаратараў прагучала ад іншых удзельнікаў мерапрыемства. Сваё музычнае віншаванне падарыла прысутным Надзея Курбасава.
![]() | ![]() | ![]() |
---|
Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага падрыхтавалі літаратурную выставу, дзе былі прадстаўлены кнігі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Наталля Сафронава пазнаёміла аўдыторыю з паказчыкамі запатрабаванасці кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў у чытачоў цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага. Яна адзначыла, што творы беларускіх аўтараў самай разнастайнай тэматыкі заўсёды карыстаюцца папулярнасцю сярод людзей рознага ўзросту.
![]() | ![]() | ![]() |
---|