Паэтычная зорка маленькай радзімы |
16.04.2024 |

У Цемналескім сельскім клубе Дрыбінскага раёна адбылася літаратурна-музычная вечарына «Паэтычная зорка маленькай радзімы», прысвечаная 10-годдзю стварэння музейнага пакоя члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Дзмітрыеўны Кавалёвай.
Ніна Кавалёва – член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1997 года, аўтар 25 паэтычных зборнікаў для дарослых і дзяцей. Яна з’яўлялася актыўным членам народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», якое дзейнічае пры ДУК «Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей», ганаровым членам літаратурнага аматарскага аб’яднання «Вянок Дрыбіншчыны», створанага на базе ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка».

Ніна Кавалёва таксама была ганаровым членам Горацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». У 2019 годзе нашу зямлячку прынялі ў склад ваенна-гістарычнага клуба «Авіягрупа 122» (г. Масква). У 2019 годзе Горацкім раённым выканаўчым камітэтам Ніне Кавалёвай прысвоена ганаровае званне «Чалавек года-2018» у намінацыі «Грамадска-палітычная дзейнасць». У 2020 годзе яна атрымала званне лаўрэата рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2019» у намінацыі «Духоўнасць і культура». На жаль, 16 сакавіка 2020 года Ніна Дзмітрыеўна пакінула гэты свет. Паэтэса пахавана на грамадскіх могілках у г. Горкі Магілёўскай вобласці.

Па волі лёсу, як Дрыбінскі, так і Горацкі край сталі для Ніны Дзмітрыеўны роднымі. На Дрыбінскай зямлі Ніна Дзмітрыена нарадзілася, тут прайшлі самыя бесклапотныя гады яе жыцця. Горацкі край стаў зыходным пунктам яе творчага шляху. У Горках адна за адной нараджаліся яе кнігі, тут яна стала вядомай паэткай і грамадскім дзеячам, стала гонарам як Горацкай, так і Дрыбінскай зямлі. На жаль, Ніны Дзмітрыеўны ўжо як чатыры гады няма побач з намі, але, дзякуючы яе неацэннай спадчыне, яна заўсёды будзе жыць у памяці сваіх землякоў.
У Горках, у Храме ўсіх беларускіх святых звоняць званы Ніны Дзмітрыеўны, яе слаўнае імя вялікімі літарамі ўпісана ў Кнігу працоўнай славы Горацкага раёна, і больш за тое, яе вершам пачынаецца гэтае фундаментальнае выданне. Калекцыя зборнікаў паэткі захоўваецца ў цэнтральнай бібліятэцы ім. М.Гарэцкага. Вось ужо трэці раз, да юбілейнай даты, а менавіта, сёлета Ніне Дзмітрыеўне споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння, так з нагоды супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі выдадзены бібліяграфічны даведнік “…у сэрцы маім ты, мой край, дарагі”.
Гэта выданне, свайго роду спроба сабраць ўсю інфармацыю аб жыццёвым і творчым шляху нашай слаўнай зямлячкі. Тут можна знайсці звесткі аб усіх асабістых зборніках паэткі і калектыўных зборніках, куды ўвайшлі яе творы, тут і вершы аўтара, пакладзеныя на музыку і якія сталі песнямі, і, вядома ж, прысвячэнні гэтаму слаўнаму чалавеку.

На літаратурна-музычнай вечарыне «Паэтычная зорка маленькай радзімы» прысутнічалі загадчык сектара культуры Дрыбінскага райвыканкама Яўген Мова і дырэктар ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка» Святлана Верам’ёва, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Цмугунова і паэтэса Дзіна Рамадзіна. Прымала актыўны ўдзел у мерапрыемстве таксама былы дырэктар ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка» Тамара Салтанава.
У накірунку захавання і папулярызацыі творчасці знакамітай зямлячкі бібліятэкар Алена Шэвардова плённа супрацоўнічае з калегамі з Горацкага раёна. У складзе горацкай дэлегацыі на мерапрыемства завіталі дырэктар ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» Алена Марозава, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова і члены аб’яднання – горацкая салістка Надзея Курбасава і пісьменніца Людміла Дзёменская.

Госці падзяліліся ўспамінамі пра нашу славутую зямлячку, адзначылі каштоўнасць і актуальнасць яе літаратурнай спадчыны. Шмат цёплых слоў і пажаданняў прагучала ў адрас біблятэкара і ўсіх землякоў паэтэсы, якія маюць дачыненне да стварэння і дзейнасці музейнага пакоя.
Загадчык сектара культуры Дрыбінскага райвыканкама Яўген Мова павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з юбілейнай датай адкрыцця музейнага пакоя. Яўген Аляксандравіч уручыў Падзякі за плённую працу па папулярызацыі літаратурнага краязнаўства пра жыццё і творчасць Ніны Кавалёвай, за захаванне культурнай спадчыны бібліятэкару Цемналескай бібліятэкі-філіяла Алене Шэвардавай, дырэктару ДУК “Горацкая бібліятэчная сетка” Алене Марозавай, кіраўніку народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміле Дзеружковай.

У выкананні горацкай салісткі Надзеі Курбасавай прагучалі песні на словы Ніны Кавалёвай «Верность» і «Молодой лейтенант». Вучняі Цемналескай базавай і Дрыбінскай сярэдняй школ дэкламавалі вершы Ніны Кавалёвай «Бусел над Проняй», «Под небом Родины», «Калі забаліць…», «Весенний дождик», «Взлётное поле», «Цветы на вышивках войны». Была прадстаўлена інсцэніроўка па творы паэтэсы «Кому поставите на вид, когда тут каждый вундеркинд?».

У сваёй творчасці Ніна Дзмітрыеўна часта звярталася да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. У апошнія месяцы жыцця яна займалася пошукавай дзейнасцю разам з зямлячкай Аленай Шутавай, афіцэрам запасу, ветэранам атрада спецыяльнага прызначэння «Русь», членам пошукавага клуба «Виккру». Алена Іванаўна падрыхтавала да мерапрыемства відэазапіс, у якім расказала пра гісторыю свайго знаёмства з нашай зямлячкай, прачытала ўрывак з асабістага дзённіка і верш паэтэсы «Для чего ты живёшь на земле…».

Да мерапрыемства была падрыхтавана літаратурная выстава, прысвечаная жыццю і творчасці паэтэсы, і медыяпрэзентацыя «Зорка таленту Ніны Кавалёвай». У выкананні народнага ансамбля народнай песні «Журавінка», які дзейнічае на базе Цемналескага сельскага клуба, прагучалі песні на словы Ніны Кавалёвай «Вёсачка», «Цемналескі вальс», «Рэчка, рэчанька…».
Музейны пакой Ніны Кавалёвай «Паэтычная зорка маленькай радзімы» – каштоўны здабытак у літаратурнай спадчыне Магілёўшчыны. Жыццёвы і творчы шлях знакамітай зямлячкі – прыклад сапраўднага патрыятызму і духоўнага багацця чалавека, які можна параўнаць з крынічнай вадой, што вяртае да жыцця ў спякотны дзень.