З глыбінаў роднага краю |
08.01.2024 |

8 студзеня 100 гадоў магло б споўніцца знакамітаму беларускаму пісьменніку Алесю Савіцкаму. Алесь Ануфрыевіч пражыў вялікае жыццё, багатае на рэзкія павароты лёсу. Ён прымаў удзел у Вялікай Айчынай вайне, спачатку як партызан, потым як кадравы вайсковец. Пісьменніцкай дзейнасцю ён шчыльна заняўся ўжо на пачатку 1960-х гг. пасля заканчэння Літаратурнага інстытута імя Горкага ў Маскве. У 1969-1973 гг. працаваў на пасадзе загадчыка сектара мастацкай літаратуры ў аддзеле культуры ЦК КПБ. За свой творчы шлях Алесь Савіцкі напісаў 8 аповесцей, 10 раманаў, зборнік апавяданняў «Белы гарлачык», зборнік апавяданняў для дзяцей «Шкляная нітка», казачную трылогію «Дзівосы Лысай гары» і інш.

З нагоды юбілея Алеся Ануфрыевіча супрацоўнікі бібліятэк сеткі аформілі выставы прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка: «З глыбінаў роднага краю», «Жыццёвае поле Алеся Савіцкага», «Вернасць сваёй дарозе», на выставах прадстаўлены творы аўтара.
Вядома, перажытае падчас вайны не адпускала, давала сюжэты, вызначала погляд на свет і літаратуру. Вось пісьменнік у эсэ «Зялёна-зялёная рунь» распавядае, як па дарозе ад Панявежыса да Шаўляя любуецца мірным полем.

І тут жа: «Драбнiца за драбнiчкаю, памяць аднаўляла падзеi таго бою, i поле бачылася ўжо не зялёным, а чорным, пераараным выбухамi снарадаў i мiн, i трава тады на iм выдавала попельнай i нежывой, парэзанай глыбокiмi каляiнамi ад танкавых гусенiц». Менавіта на гэтым месцы быў бой, у якім Алеся Савіцкага цяжка параніла. А ордэн Славы, да якога Савіцкі быў прадстаўлены як раз за гэты бой загадам камандзіра III гвардзейскага механізаванага корпуса 27 верасня 1944 года, знайшоў героя праз паўстагоддзя, восенню 1999 года.

Алесь Савіцкі, заўсёды любіў дзяцей, выдатна разумеў дзіцячую псіхалогію, назіраючы за імі, а потым – за ўнукам Жэнем, добра адчуваў унутраны свет маленькіх чытачоў. Таму казкі пісьменніка адразу бяруць у палон, прывабліваюць дабрынёй, багаццем фарбаў і гукаў, захапляюць прыгажосцю маляўнічых куткоў, дзе жывуць любімыя ім жывыя істоты, выгляд і павадкі якіх ён трапна апісвае.
Алесь Ануфрыевіч пражыў доўгае жыццё, памёр на 91-м годзе. У дзень свайго нараджэння пісьменнік, які да апошняга заставаўся чалавекам актыўным, абавязкова прайшоў бы ўлюбёным маршрутам.