Паэт пушчанскага паходжання |
04.12.2023 |

Вось ужо 80 гадоў ён узіраецца ў слоўную далеч ды кружляе думкамі ў няўяўных вышынях, каб апісаць невыказную глыбіню таго, што, як аказваецца, ляжыць на паверхні. Усё яскрава адлюстроўваецца ў яго паэзіі. У паэтычным шматгалоссі сучаснай беларускай літаратуры, несумненна, адно з першых месцаў належыць Казіміру Вікенцьевічу Камейшу, які 4 снежня адзначае свой прыгожы юбілей.
На рахунку Казіміра Камейшы – дзясяткі зборнікаў паэзіі. А ўнікальнага жыццёвага досведу хопіць не на адзін дзясятак кніг успамінаў. Казімір Вікенцевіч нарадзіўся ў ваеннае ліхалецце, лічыць сябе «пушчанскім чалавекам», працаваў на Беларускім радыё, у часопісах «Полымя», «Вясёлка», «Маладосць», «Вожык», з юнацтва знаходзіўся ў віры беларускага літаратурнага жыцця... І сёння працягвае ствараць. Творчая праца Казіміра Камейшы не застаецца незаўважанай – яна адзначана літаратурнымі прэміямі імя А. Куляшова, імя В. Віткі, «Залаты Купідон», Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

З юбілейнай кніжнай выстаўкай «Паэт пушчанскага паходжання», прысвечанай 80-годдзю беларускага пісьменніка Казіміра Вікенцьевіча Камейшы, можна пазнаёміцца на абанеменце цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага.
Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка – гэта любоў да Радзімы, чалавек працы, непаўторная прырода Налібоцкага краю. У сваіх творах ён імкнецца закрануць самыя вострыя праблемы сучаснасці, засяроджвае ўвагу чытача на спрадвечных каштоўнасцях чалавека: каханні, дабрыні, высакароднасці. Ёсць у пісьменніка шмат вершаў пра жанчын, каханне, сустрэчы і развітанні. Іх можна параўнаць з лепшымі ўзорамі класічнай паэзіі.

Наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай пісьменніка. Тут шырока прадстаўлены яго творы ў асобных выданнях і зборніках. Сярод экспанатаў – зборнікі вершаў «Пярэймы дня», «Паміж кубкам і вуснамі», «Ад Кромані да Свіцязі», новыя зборнікі «Чмяліны груд» і «Астравы на сушы» і інш. Як бачна, нават загалоўкі зборнікаў адлюстроўваюць настрой, задуму яго паэзіі, што няспешна і нягучна, але трывала ўвайшла і заняла сваё пачэснае месца ў паэзіі ўсебеларускай.

Увазе аматараў творчасці юбіляра прадстаўлены матэрыялы аб яго жыццёвым і творчым шляху, змешчаныя ў энцыклапедычных і літаратурна-крытычных публікацыях.
Асаблівай увагі заслугоўвае літаратуразнаўчая дзейнасць Казіміра Вікенцьевіча: ён займаецца вывучэннем творчасці М. Багдановіча, М. Маляўкі, А. Пысіна і інш., выступае з рэцэнзіямі, крытычнымі артыкуламі, нарысамі.
Асобныя вершы паэта пакладзены на музыку Г. Вагнерам, Я. Касалапавым, К. Цесаковым.

Плённа працуе К. Камейша і ў літаратуры для дзяцей (зборнікі вершаў «Гаёўка», «Буслянка», «Дзятлава кузня», «Добры дзень, шафёр», «Дожджыкава лічылка» і інш.), усе яны запрашаюць чытача ў непаўторны свет прыроды, дзе кожны адчувае сябе ўтульна ў вясёлым суладдзі дрэў, кветак, траў, звяроў і птушак. Шмат перакладае пісьменнік з іншых моў (рускай, польскай, літоўскай, грузінскай і інш.), піша рэцэнзіі і артыкулы, выступае перад чытачамі, а ў апошнія гады хораша далучаецца да прозы ў жанры мініяцюры, дзе заваблівае свежасць, пільнае назіранне за прыродай, чалавечымі ўчынкамі і грамадскімі з’явамі, трапнае, дасканалае мастацкае слова, у адносінах да якога ён адзін з самых дасведчаных, высокакультурных нашых творцаў.