Чытаем разам з Наталляй Ніканчук |
10.08.2023 |

Я не магу паэткай звацца
І промні ўдзячнасці дарыць,
Калі не буду сустракацца,
Сяброўскіх позіркаў лавіць.
Лія Родная
Заўжды хочацца каб кнігі няслі стваральную энергію, давалі ідэі для развіцця і рабілі час, праведзены за чытаннем, прыемным. А дзе знайсці такія кнігі? Мы ведаем – у бібліятэцы! А калі іх прапануе сапраўдны пісьменнік – жаданне чытаць у рэшце рэшт прачнецца нават у тых, для каго друкаванае выданне з’яўляецца сумам і прымусай. Ні ў якім разе нельга прымушаць чытаць, а трэба пастарацца накіраваць, заахвоціць кнігай, каб юны чытач пачаў адкрываць для сябе дзівосны, неверагодны, таямнічы, прыгодніцкі свет чытання.

9 жніўня ў аддзеле па абслугоўванню дзіцячага чытача цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага адбылася сустрэча з пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў рэспублікі Беларусь Ніканчук Наталляй Валянцінаўнай “Я не зайздрошчу, я проста жыву…”. На сустрэчу прыйшлі дзеці другога атрада аздараўленчага лагера “Радуга” ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Горкі”.

Пачалося мерапрыемства са знаёмства падлеткаў з бібліятэкай. Менавіта для іх бібліятэкарамі была падрыхтавана выстава кніг, якія карыстаюцца асаблівым попытам ў вучняў 6-7 класаў. Папулярныя для гэтага ўзросту жанры: фэнтэзі, прыгоды, дэтэктывы. Гэта выданні Джоан Роўлінг, Люка Бессона, Філіпа Пулмана. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі Дзмітрыя Емца, Кацярыны Вільмант, Тамары Крукавай, якія прызначаны для падлеткаў. Таксама на выставе былі прадстаўлены кнігі беларускай пісьменніцы Алены Туравай і рускіх аўтараў: Яўгена Гаглоева, Наталлі Шчарбаковай, Юрыя Сітнікава, і інш.

Вядучая мерапрыемства расказала аб сваім творчым шляху, калі яна пачала пісаць свае першыя літаратурныя творы. “Гэта былі артыкулы для раённай газеты і невялікія вершы”, – распавяла размову Наталля Валянцінаўна. Далей яна прачытала свой першы надрукаваны ў раёнцы верш “Няма спакою на Зямлі…”, пазнаёміла наведвальнікаў бібліятэкі с асабістымі, выдадзенымі кнігамі: “Любоў крылатая істота”, “Іаланта”, “…Кранаючы неба рукамі”, коратка раскрыла іх змест.
Выклікала цікавасць у прысутных выкананне вершаў Канстанціна Сіманава “Чакай мяне” і “Маёр прывёз малога на лафеце” ў перакладзе на беларускую мову. Дзеці з задавальненнем слухалі пісьменніцу, цікавіліся творчым шляхам і задавалі шмат пытанняў. Школьнікі пыталіся, як нараджаюцца творы, што натхняе іх аўтара, колькі трэба часу, каб напісаць кнігу, адкуль бяруцца ідэі для апавяданняў і што адчуваеш, калі бачыш свой твор у руках чытачоў.
Напрыканцы мерапрыемства наведвальнікам далі магчымасць самім выбраць кнігі, якія ім спадабаліся і аформіцца ў бібліятэку.
![]() | ![]() | ![]() |
---|