|
Дзівосная вандроўка па свеце казак |
08.08.2023 |
8 жніўня бібліятэкар аддзела па абслугоўванню дзіцячага чытача цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага наведалася ў аздараўленчы лагер «Позитив», які дзейнічае ў школе №4 горада Горкі. Дзеці атрада «Солнышко» з цікаўнасцю выслухалі аповед Наталлі Валянцінаўны Ніканчук (член Саюза пісьменнікаў Беларусі), аб тым як ствараюцца казкі. Яна пазнаёміла юных чытачоў з казкамі Шарля Перо «Чырвоны Каптурок», «Кот у ботах», «Папялушка, ці Крышталёвы пантофлік» у перакладах Якуба Коласа на беларускую мову.
Далей удзельнікі сустрэчы прынялі ўдзел у гульне-віктарыне «Сюрпрызы з кошыка Чырвонага Каптурка». Дзеці адказвалі на пытанні, якія тычыліся шматлікіх чароўных твораў Шарля Перо. Разам з пісьменніцай здзейснілі дзівосную вандроўку па свеце казак і цікавае знаёмства з іх цудоўнымі персанажамі.
У завяршэнні мерапрыемства Наталля Валянцінаўна пазнаёміла наведвальнікаў лагера са сваімі асабістымі творамі і казкамі, адказала на шматлікія пытанні. Юныя ўдзельнікі імпрэзы праяўлялі актыўнасць, задавалі пытанні, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў размове. Насычаная прыемнымі ўражаннямі, вясёлая сустрэча дала магчымасць дзецям паслухаць урыўкі з кніг, пагуляць, паказаць веданне беларускай мовы, а ў канцы нават з’вілася чарга за аўтографам пісьменніцы.
Спадзяёмся, што прыхільнікаў творчасці пісьменніцы стане намнога больш пасля гэтай сустрэчы, як і наведвальнікаў аддзела па абслугоўванню дзіцячага чытача, дзе Наталля Валянцінаўна працуе бібліятэкарам.
Задача пісьменнікаў, бібліятэкараў, кнігагандлю – даваць дзецям такія кнігі, якія іх зацікавяць. Сёння, сапраўды, у звычайнай папяровай кнігі шмат канкурэнтаў, таму трэба прапаноўваць яркія, цікавыя, захапляльныя выданні, якія выклікаюць жаданне ўзяць іх у рукі, зазірнуць пад вокладку і прачытаць.
І цікавых аўтараў, і выдатных кніжак – мноства, і чытачу застаецца толькі скіравацца. А каб вызначыцца, што падабаецца, трэба проста чытаць. Калі ж дзіця прыйдзе ў бібліятэку, то там яму абавязкова падкажуць і парэкамендуюць нешта цікавае.

















































