|
Зямля бацькоў – жыцця крыніца |
02.08.2023 |
Ты адна ў мяне, Беларусь мая, –
Родна сэрца наўсцяж адгукнецца.
Непаўторная, непарушная,
Як імя, што Радзімай завецца.
Лідзія Андрэева
Зямля бацькоў – жыцця крыніца. Менавіта тут, ля парога бацькоўскага дома, і пачынаецца наша з вамі агульная Радзіма – Рэспубліка Беларусь. І не важна, жывеш ты ў вялікім горадзе, ці ў маленькай вёсачцы. Толькі пад небам роднай Беларусі вы можаце знайсці сваё месца, раскрыць свае здольнасці, прынесці карысць грамадству, адчуваць сябе сапраўднымі патрыётамі Беларусі.
2 жніўня ў рамках Года міру і стварэння для юных чытачоў філіяла “Рудкаўшчынская сельская бібліятэка-клуб” была арганізавана гульня-падарожжа “Мая краіна – Беларусь”. Па ўмовах гульні ўдзельнікам неабходна было выканаць пяць заданняў. Кожнае заданне мела асобную назву (“Сімволіка Беларусі”, “Этнаграфічная”, “Сцяжынкамі роднага краю”, “Рака беларускай мовы”, “Лірычная”) і змяшчала адпаведныя пытанні. Дзеці актыўна праявілі сябе ў выпрабаваннях і, завяршаючы мерапрыемства, здзейснілі віртуальнае падарожжа па абласцях і абласных цэнтрах Беларусі, пазнаёміліся з іх візітнымі карткамі і славутасцямі.
Гульня-падарожжа дала юным чытачам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. I дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашым сэрцы заўсёды будзе адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся на свае карані, паважаем Радзіму, мы існуём як народ, як нацыя.

















































