Пісьмянкоў луг-2023 |
20.05.2023 |

Плыве між лугоў, гаманлівых лугоў,
Збірае іх водар імклівая Бесядзь,
І поіць ад смагі тут белых буслоў,
І роднае слова ляціць у паднябессе.
Лідзія Андрэева
20 мая ў Касцюковічах прайшоў VII рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг-2023». Свята сабрала творчыя калектывы, паэтаў, пісьменнікаў, майстроў народнай творчасці.

На фестываль прыехалі ўнук народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова Уладзімір Бербераў, сын паэта-земляка Аляксея Русецкага Уладзімір Бурдзялёў, члены Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй Аляксандрам Казекам і іншыя ганаровыя госці.
У сёмы раз горацкая дэлегацыя прыняла ўдзел у фестывалі. У яе складзе былі кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван, паэт Аляксандр Ведзянееў, настаўніца ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Горкі» Аксана Волкава і вучаніца гэтай школы Аліна Фісенка, якая па выніках конкурсу, што праходзіў сярод моладзі ў трох узроставых катэгорыях, атрымала дыплом I ступені.

Члены народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае сова» разам з іншымі гасцямі наведалі гісторыка-культурны аб’ект «Пісьмянкоў луг» на малой радзіме Алеся Пісьмянкова ў вёсцы Бялынкавічы, прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі «Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!» і паэтычных чытаннях «У родным слове цэлы свет».