|
Знаёмства з літаратурным героем |
03.04.2023 |
Як мы ўсе ведаем, любая кніга пачынаецца з пісьменніка. Менавіта яго думкі, словы, фантазіі прымушаюць нас сумаваць і цешыцца, разважаць і думаць. Напрыканцы сакавіка ў нашых юных чытачоў, вучняў 1-4 класаў з ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Горкі” з’явілася цудоўная магчымасць сустрэцца з таленавітай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, а з нядаўняга часу, нашай калегай – бібліятэкарам аддзела па абслугоўванню дзіцячага чытача ДУК “Горацкая раённая бібліятэчная сетка” – Наталляй Ніканчук.
Наталля Валянцінаўна пазнаёміла дзетак, якія прыйшлі на сустрэчу падчас вясенніх канікул, з галоўным героем сваёй казачнай аповесці “Дэльфінчык Агу”. Яе кніга, на прыкладзе казачных герояў, паказвае дзеткам, што такое добра, а што такое дрэнна, вучыць як важна быць сапраўдным сябрам, які гатовы прыйсці на дапамогу, быць добрымі, прыязнымі і спагадлівымі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з непадробнай цікавасцю слухалі павучальныя казачныя гісторыі пра дэльфінчыка і яго сяброў.
Вучняў зацікавілі незвычайныя ўласцівасці дэльфінаў спаць “на паў-вока”, іх дзіўныя дзьвухзрэнкавыя вочы, магчымасць прасвечваць водную прастору ўльтрагукам, іх здольнасць абменьвацца інфармацыяй між сабой, размаўляць на сваёй, нікому не зразумелай дэльфінавай мове. Усім было цікава, як жывуць дэльфіны і з якімі складанасцямі ім прыходзіцца сутыкацца штодзённа. Дзеці разглядвалі малюнкі, якія таксама зрабіла Наталля Ніканчук, задавалі шмат пытанняў.
Сапраўднае задавальненне для пісьменніка – бачыць з якім захапленнем чытаюць яго кнігу. Так дзякуючы добрым сустрэчам, цікавым гісторыям і ўсмешкам сяброў самы звычайны дзень стане цёплым і радасным!
Сярод шэрых будняў нам усім не хапае цуда, усім хочацца чагосьці добрага, казачнага. Што ж рабіць? Няма ні чароўнай палачкі, ні чараўніка “ў блакітным верталёце”. І тут прыходзіць на дапамогу выдатная кніжка, сустрэцца з якой можна штодня наведаўшы аддзел па абслугоўванню дзіцячага чытача.














































