|
Шчырая, лагодная, мова наша родная! |
22.02.2023 |
Міжнародны дзень роднай мовы, які кожны год адзначаецца 21 лютага, з’яўляецца напамінам аб тым, што БЕЛАРУСКАЯ – мова нашай Радзімы, у якой ёсць і цвёрдае слова «барацьба», і мяккае, далікатнае – «каханне», і добрае, заспакаяльнае – «спачуванне», i цёплае, ласкавае – «мама». І так можна пералічваць бясконца, але лепш пачаць выкаростоўваць гэтыя словы ў сваёй гаворцы кожны дзень.
Як аднойчы сказаў беларускі паэт Змітрок Бядуля: «Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова».
Да Дня роднай мовы бібліятэкары ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» падрыхтавалі для сваіх чытачоў шэраг бібліятэчных выстаў і тэматычных паліц: «Мова – крыніца ўсёй прыгажосці», «Родная мова – цудоўная!» «Дзіўная родная мова», «Роднай мовы гук чароўны», «Мая родная мова – БЕЛАРУСКАЯ», «Аб роднай мове замоўлю слова», «Мова – родная, лагодная, мая».
У сценах цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага для наведвальнікаў абанемента прайшла акцыя «Размаўляем па-беларуску», падчас якой супрацоўнікі размаўлялі на беларускай мове і запрашалі сваіх чытачоў таксама далучыцца да роднага слова. Бібліятэкары аддзела па абслугоўванню дзіцячага чытача падрыхтавалі слайд-віктарыну «Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся!», дзе дзеці змагаліся ў некалькіх раўндах – перакладалі словы, расказвалі вершы, давалі азначэнні беларускіх слоў.
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы у фае Добраўскага СДК пачала сваю работу інтэрактыўныя пряцоўка «Мова родная, мова модная». Педагогі і навучэнцы школы мастацтваў прынялі ўдзел у бліц-апытванні на веданне значэнняў беларускіх слоў, апраналі папяровую ляльку, плясалі, пелі і чыталі па-беларуску.
Бібліятэкар філіяла «Каменская сельская аб’яднаная бібліятэка» запрасіла маленькіх чытачоў да ўдзелу ў мерапрыемстве «Усяму пачатак – родная мова». Дзеці размеркаваліся па камандах і знаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі, адгадвалі беларускія загадкі, вымаўлялі беларускамоўныя скорагаворкі, адказвалі на цікавыя пытанні. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў на родную мову.
У філіяле «Рудкаўшчынская сельская аб’яднаная бібліятэка» адбылася віктарына «Знаўцы беларускай мовы». Маленькія наведвальнікі прынялi ўдзел у конкурсах «Гэта мова – твая і мая», «Паспрабуй перакладзi». Разам разгадвалi лiтаратурную крыжаванку, у гульнi «Словазнаўцы» выбiралi беларускiя словы, расказвалi, што яны абазначаюць. Свята роднай мовы прадоўжылася гучнымі чытаннямі вершаў на беларускай мове.
З Міжнародным днём роднай мовы, сябры! Наша мова – невытлумачальная асалода, схаваная у глыбіні пачуццяў... Як патаемная крынічка, схаваная пад леташнім лісцем, пад каранямі дрэў, пад нашымі каранямі. Крынічка, гук якой пачуеш толькі прыслухваючыся, але якая набірае моц! Паспрабуйце сёння сказаць сваім блізкім «Добрай раніцы!», калегам «Вітаю!», давайце размаўляць па-беларуску! Агулам, каб беларуская мова была ўсюды і мы нават забываліся пра дзень роднай мовы, бо яна штодзень з намі.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
![]() | ![]() | ![]() |
|---|




















































