|
Бацькоўскаму краю адданы… |
04.02.2023 |
Ты толькі пыл мізэрны, чалавеча мара!
Скарыся ў доме божым прад святой ахвярай,
А ўзняўшы голас за бацькоў памёршых цені,
Грахі свае пазнай і ачышчай сумленне.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Жыццё Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – яскравы прыклад адданага служэння Бацькаўшчыне і народу не толькі словам, але і справай. У фальварку Люцынка недалёка ад Івянца, дзе ў вясковай цішы пісаў свае творы, адкрыў школу для сялянскіх дзяцей, у якой настаўнічалі яго дачка Каміла і сын Міраслаў. Пачынальнік беларускай драматургіі стварыў і першы нацыянальны тэатр, быў яго рэжысёрам-пастаноўшчыкам і нават акцёрам.
Гэта ўжо значна пазней прызнаюць яго выключны ўклад у беларускую культуру, назавуць стваральнікам новай беларускай літаратуры і нацыянальнага тэатра, народным асветнікам і паэтам.
4 лютага споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. З нагоды гэтай юбілейнай даты бібліятэкі сеткі аформілі выставачныя экспазіцыі мастацкіх твораў аўтара і матэрыялаў біяграфічнага характару.
Так, аддзел па абслугоўванню дзіцячага чытача экспануе выставу-партрэт “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы”, на абанеменце цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага дзейнічае выстава “Рамантык з Люцынкі”, аднайменную кніжную паліцу прапаноўвае філіял “Горская сельская аб’яднаная бібліятэка”. Супрацоўнікі філялаў “Каменская і Маслакоўская сельскія аб’яднаныя бібліятэкі” падрыхтавалі выставы “Жыве паміж намі дудар беларускі” і “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць” адпаведна. З жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка могуць пазнаёміцца чытачы філіяла “Аўсянкаўская сельская аб’яднаная бібліятэка” праз кніжны агляд “Класік беларускай літаратуры”.
Складаным і супярэчлівым быў творчы шлях, як і светапогляд В. Дуніна-Марцінкевіча. Але любоў да народа, жаданне лепшай долі для яго, крытыка адмоўных з’яў і таленавітасць пісьменніка вызначылі яго месца ў гісторыі беларускай літаратуры як буйнога мастака слова, заснавальніка нацыянальнай драматургіі.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|




















































