|
Я за вас памалюся… |
01.02.2023 |
Яна мела тры вялікія мары: даляцець да зорак “і самой паглядзець як там што на самай справе”, вылечыць усіх анкалагічных хворых, напісаць багата кніжак. Яна любіла мора і палёты на самалётах. Была добрай лекаркай, таленавітай дыктаркай, адоранай паэткай і аўтаркай песень, перакладчыцай. Уважлівай жонкай і клапатлівай маці, бабуляй. А яшчэ – вялікай пакутніцай і шчырай верніцай. Яна пайшла з жыцця з-за цяжкой хваробы, перад смерцю прыняўшы таемны пострыг і стаўшы манахіняй Неанілай...
І ўсё гэта аб адной маленькай, але такой духоўна моцнай жанчыне, беларускай паэтэсе, Анэлі Іванаўне Тулупавай, якой 1 лютага магло б споўніцца 85 гадоў. Немагчыма абыйсці ўвагай і гэта імя, і гэту дату – лёс Анэлі Іванаўны быў цесна звязаны з Горкамі, тут прайшло больш 10 гадоў яе жыцця, тут, у Горках, пачаўся яе шлях у вялікую літаратуру.
У 1962 годзе яна прыехала ў наш горад і працавала тут інструктарам раённага Дома культуры, медсястрой у бальніцы, загадчыкам аддзела райкама камсамола, потым з 1967 па 1974 гады – рэдактарам газеты “Советский студент” Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Яшчэ і цяпер многія жыхары памятаюць гэтую вясёлую сімпатычную жанчыну. Яна збірала круглыя сталы са студэнтамі, ладзіла творчыя сустрэчы з маленькімі чытачамі у дзіцячай бібліятэцы. Закранала у сваіх творах не толькі грамадзянскасць, патрыятызм, эмацыянальнасць надзённых праблем, але і непаўторнасць жыцця, казачнасць кахання, яна таксама аўтар гумарыстычных зборнікаў, баек, казак, апавяданняў для дзяцей.
У многіх яе вершах ёсць радкі пра Горкі, якія яна шчыра палюбіла і якія назаўсёды сталі ёй роднымі. Нэлі Іванаўна працавала шмат і плённа, менавіта тут, на горацкай зямлі расцвіў яе талент і ці не Горкі сталі яе станцыяй надзей, надзей на яшчэ нязведаныя дарогі і пачуцці. У першым зборніку паэзіі «Станцыя надзей» (1971) мы знойдзем цікавыя вершы аб горацкіх мясцінах, аб рэчцы Проні. Дарэчы, менавіта ў Горках выйшла кніга яе вершаў, якую паэтэса не паспела ўбачыць пры жыцці. Зборнік “Вочы ў вочы” быў выдадзены ў 2013 годзе, якраз да 75-годдзя з дня нараджэння Анэлі Іванаўны.
З нагоды 85-гадовага юбілея паэткі і пісьменніцы на абанеменце цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага дзейнічае выстава «Я за вас памалюся…», на якой можна пазнаёміцца з творчасцю гэтай таленавітай жанчыны.
У 2001 годзе Анэлі Іванаўны не стала, але з намі засталіся яе вершы, яе вера ў дабрыню і каханне, яе шчыры зварот да ўсіх нас: “Я люблю вас, людзі!”

















































