Чароўны свет дзяцінства |
21.12.2022 |

Што такое хараство?
Гэта вочы маці.
Што такое хараство?
Гэта смех дзіцяці…
Ніна Кавалёва
У рамках рэспубліканскай акцыі «Разам з кнігай мы расцём» у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі для вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 г. Горкі прайшла літаратурная гадзіна «Чароўны свет дзяцінства».

Вучні пазнаёміліся з творчасцю горацкіх аўтараў, членаў ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Анатоля Прохарава, Ніны Кавалёвай, Наталлі Ніканчук і Алесі Цэван. У даступнай для дзяцей форме супрацоўніца Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага Вольга Максімава расказала пра кожнага пісьменніка, раскрыла адметнасць іх твораў для дзяцей. Вучні таксама дзяліліся сваімі ўражаннямі аб творах, задавалі пытанні, выказвалі пажаданні. Удзельнікі тэатральнага класа «Светлячок» Дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі (кіраўнік Алена Сідлерава) Алеся і Вераніка Шумінскія, Маргарыта Гнедзянкова, Данііл Паўлаў і Руслан Лепскі дэкламавалі вершы і ўрыўкі з апавяданняў аўтараў.

Вершы дзіцячага паэта Анатоля Прохарава прыцягваюць да сябе ўвагу маленькіх чытачоў непасрэднасцю аўтарскага светаўспрымання, лёгкасцю і дакладнасцю рыфмаванага слова, зразумелым для іх гумарам і пластыкай вобразаў.
Разам з матчынай калыханкай увабраў Анатоль Прохараў хараство, прыгажосць і тонкае адчуванне роднага слова, а талент, працавітасць і любоў да дзяцей спрыялі стварэнню вершаў, якія знаходзяць водгук у сэрцах маленькіх чытачоў. Анатоль Прохараў – аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Вуркаток» (1983), «Птушыны гарадок» (1988), «Вясёлы карагод» (2005). Некаторыя яго вершы змешчаны ў школьных падручніках па беларускай мове для малодшых класаў, а таксама на старонках часопісаў «Вясёлка», «Родная прырода», «Нёман», «Вожык».

Ніна Кавалёва – аўтар 25 зборнікаў, восем з іх прысвечаны дзецям: «Вода-чудесница» (1994), «Есть у дождика подружка» (1998), «Хто галоўны на сяле» (2004), «Божья заповедь» (2006), «Нарисуем всё про нас» (2007), «Ангел над колыбелью» (2017), «Я шагаю по земле» (2017). Асобны раздзел для дзяцей маецца і ў кнізе «Як купалі ў купелі» (2018). Ніна Кавалёва пісала для дзяцей так, быццам пляла вяночкі з добрых цёплых слоў. Героі яе вершаў любяць свой край, разумеюць яго прыроду, родных і сяброў, вучаць дабрыні і спагадзе, адказнасці за свае ўчынкі.
Ужо два гады няма побач з намі гэтай цудоўнай таленавітай жанчыны. У Ніны Дзмітрыеўны быў няпросты лёс: шмат гадоў была прыкавана да ложка, нават аловак не магла трымаць у руках. І вершы, якія яна складала, запісвалі людзі, што да яе прыходзілі.

З членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Ніканчук і Алесяй Цэван горацкія школьнікі сустракаюцца даволі часта.
Наталля Ніканчук – аўтар трох кніг для дарослых і казачнай аповесці для дзяцей «Дэльфінчык Агу». Пісьменніца не змагла прысутнічаць на мерапрыемстве, але падрыхтавала зварот да сваіх маленькіх чытачоў, у якім расказала пра свае першыя творы і казачную аповесць “Дэльфінчык Агу”, якая выйшла ў гэтым годзе.

Алеся Цэван – аўтар двух паэтычных зборнікаў для дарослых. У апошнія гады Алеся Дзмітрыеўна Цэван, назіраючы за паводзінамі сваіх траіх дзяцей, пачала пісаць казкі, апавяданні, вершы і для маленькіх чытачоў.
Дзеці з цікавасцю слухалі пісьменніцу і яе казкі пра непаслухмянае мышаня і сараканожку Фросю, пра майскага жука і прынцэс, вершы пра непаўторную прыгажосць роднага краю, прыродныя з’явы і поры года, пра дзяцей, іх паводзіны і мары, узаемаадносіны між сабой і дарослымі. Яны актыўна адказвалі на пытанні па яе творах, разважалі аб ўчынках герояў, выказвалі свае меркаваннні і задавалі пытанні аўтару пра творчасць.
![]() | ![]() | ![]() |
---|