Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі |
18.02.2022 |

18 лютага 1893 года нарадзіўся Максім Іванавіч Гарэцкі. Талент гэтага чалавека ўражвае: пісьменнік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, крытык, фалькларыст, мовазнаўца, гісторык. І ўсё гэта ён – Максім Гарэцкі. У кожнай з гэтых галін Максім Іванавіч пакінуў след... Свой след: адметны і непаўторны.

У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага адбылося мерапрыемства “Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі”, прымеркаванае да дня нараджэння Максіма Гарэцкага. На мерапрыемства былі запрошаны вучні дзевятага класа сярэдняй школы №2 г. Горкі. Перагортваючы старонку за старонкай, вядучая пазнаёміла прысутных з біяграфіяй і значнымі падзеямі ў жыцці пісьменніка. Больш падрабязна спынілася на перыядах, калі Максім Іванавіч Гарэцкі жыў у Горках: першы з якіх датычыцца 1908-1913 гадоў, калі Максім Гарэцкі быў навучэнцам Гора-Горацкага каморніцкага аграрнага вучылішча, і другі, які прыпадае на 1926-1928 гады, калі Максім Іванавіч працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыіі. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй напісання твораў аўтара. Асаблівую ўвагу надалі першаму зборніку Максіма Гарэцкага “Рунь”. Выклікала інтарэс у вучнаяў выстава кніг “Жыве яго слова”, арганізаваная ў чытальнай зале бібліятэкі. Выстава складаецца з дзвюх раздзелаў: першы – “Максімава доля”, на якім прадстаўлены кнігі аб жыцці пісьменніка і другі – “Багацце таленту”, які ўключыў у сябе зборнікі, і творы аўтара.

Максім Гарэцкі – гэта волат нацыянальнага духу. Гонар нашага народа. Гонар беларускай літаратуры. Брама скарбаў пісьменніка, адчынена ў вечнасць. Новым пакаленням спасцігаць іх багацце і хараство, не перастаючы здзіўляцца таму, як шмат можа зрабіць талент, які прысвяціў сябе самаадданаму служэнню Бацькаўшчыне.