Спявак палескага краю |
08.02.2021 |

Мова ‒ гэта вялікі народны скарб.
Яго нельга не паважаць,
як нельга не паважаць
родны народ.
8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі, сусветнавядомы празаік. Народны пісьменнік пакінуў нам творчую спадчыну - вершы, п'есы, апавяданні, аповесцi, раманы.

Самая вялікая ўзнагарода для аўтара, калі творы яго чытаюць і перачытваюць – гэта вышэй за любыя прэміі.
Мележ змог сваёй творчасцю не проста крануць, а нават ускалыхнуць душы чытачоў. Ён заўсёды застаецца побач з народам і свеціць яму з нябёсаў незгасальнай зоркай, застаецца геніем свайго часу.

Гэты таленавіты чалавек адкрыў для нас свет сапраўдных перажыванняў і пачуццяў, застаўляючы ўспрымаць узрушэнні сваёй душы, яе адчуванняў, як свае асабістыя, пры гэтым даючы нам магчымасць самім прыйсці да існасці. Ці не гэта з’яўляецца асноўным прыкладам майстэрства і геніяльнасці?

Любоў да людзей, да роднага краю, да прыроды - стала для Мележа вечным агнём, з якога нараджалася яго творчасць. Нібы вугалёк, перакідваючы з рукі на руку, каб не згас, беражліва нёс Іван Паўлавіч сваё слова і любоў да Бацькаўшчыны чытачу. Не згас гэты агонь і са смерцю пісьменніка. Ён запальвае агеньчыкі чалавечнасці ў душах шматлікіх чытачоў.