«Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць…».
Ф. Скарына. З прадмовы да «Кнігі Юдзіф»
ФАКСІМІЛЬНЫЯ ВЫДАННІ КНІЖНАЙ СПАДЧЫНЫ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ
У выніку рэалізацыі праекта па факсімільным узнаўленні спадчыны славутага першадрукара Ф. Скарыны, які рэалізуецца ў межах Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры фінансавай падтрымцы Банка БелВЭБ, фонд Горацкай раённай бібліятэкі папоўніўся ўнікальнымі выданнямі КНІЖНАЙ СПАДЧЫНЫ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ.
Выпуск факсімільных выданняў Скарыны дае магчымасць азнаёміцца з поўнымі тэкстамі яго выданняў, з арыгінальнымі тэкстамі прадмоў і пасляслоўяў.
У фармат выдання ўвайшло пяць асобных кніг: «Кніга Быцця», «Кніга Выхад», «Кніга Лявіт», «Кніга Лічбы», «Кніга Другі Закон». Матэрыялы прадстаўлены на беларускай, рускай, англійскай і ўсходнеславянскай мовах з захаваннем усіх унікальных асаблівасцей арыгіналаў.
Выданні будуць карыснымі для даследчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, навучэнцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.
P.S. Работы па абнаўленні збору кніг, якія былі выдадзеныя Францыскам Скарынам у Празе, Вільні будуць працягнуты. У іх аснову ўжо пакладзены электронныя копіі твораў, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін свету.
Плануецца, што поўны збор кніг будзе прадстаўлены ў 2017 годзе на святкаванні 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання.





















































