АБ ПРАЕКЦЕ


Гульні, якія прыйшлі да нас з далёкіх стагоддзяў, займаюць значнае месца ў выхаванні дзіцяці, вабяць сваёй магічнай таемнасцю. Кожнаму дзіцяці цікава адчуць, чым цікавіліся ягоныя продкі і чым бавіліся ў дзіцячым ўзросце. Народныя гульні развіваюць фізічныя здольнасці і здольнасці да творчай імправізацыі, фарміруюць добразычлівыя, сяброўскія ўзаемаадносіны паміж дзецьмі, вучаць міласэрнасці. У іх шмат гумару, яны спрыяюць актыўнай разумовай дзейнасці, развіцці мовы і памяці. Народныя гульні варта выкарыстоўваць пры працы з дзецьмі як у дзіцячых установах, так і дома ў сем’ях. Яны спрыяюць фарміраванню вытрымкі, развіцці ўвагі, спрыту, кемлівасці, хуткасці рэакцыі, выхаванні любові да роднага слова, павагі да традыцый і звычаяў нашага народа і развіцці навыкаў правільнага маўлення. Беларускія народныя гульні знаёмяць дзяцей з рухамі, якія характарызуюць працоўную дзейнасць, звязаную з пэўнымі вырабамі, спрыяюць выхаванні працавітасці і развіцці любові да роднай мовы.


Мэта праекта:

• стварэнне ўмоў для фарміравання ў дзяцей цікавасці да гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа, праз народныя гульні.

Задачы праекта:

• фарміраванне ў дзяцей цэласных адносін да нацыянальнай культуры, традыцый і гульняў беларускага народа;

• фарміраванне ўяўленняў аб разнастайнасці народных гульняў;

• выхаванне цікавасці да беларускіх народных гульняў.


Пры стварэнні інфармацыйнага рэсурсу выкарыстаныя дакументы з фонду ўстановы культуры "Горацкая раённая бібліятэчная сетка", матэрыялы з адкрытых крыніц сеткі Інтэрнэт.