НОВІКАЎ ДЗЯМ’ЯН РАМАНАВІЧ
(1896-1976)

НОВІКАЎ ДЗЯМ’ЯН РАМАНАВІЧ (5.10.1896, в. Шапялёўка, Горацкага пав. – 31.01.1976, г. Горкі), заслужаны дзеяч культуры БССР (1965), дырэктар бібліятэкі БСГА (1919-1941, 1946-1976).

У 1913 г. паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. У 1930 годзе скончыў агранамічны факультэт БСГА. Пад яго кіраўніцтвам узнік гурток самаадукацыі імя М. Я. Рубакіна. З моманту адраджэння Горацкага інстытута (1919) становіцца дырэктарам яго бібліятэкі. Займаецца зборам кніг, арганізуе бясплатны кнігаабмен з бібліятэкамі Масквы, Ленінграда і некаторымі замежнымі. Да 1940 г. у бібліятэцы інстытута было сабрана больш за 630 тыс. тамоў кніг. Займаўся вывядзеннем новых гатункаў кветак. Адзін з выведзеных сартоў геаргін назваў імем паэта Я. Купалы («Купала»), Я. Купала ў сваю чаргу прысвяціў Д. Р. Новікаву верш «Сярод дубоў і ліп адвечных». Падрыхтаваў дысертацыю па кветаводству, але з-за вайны абараніць не паспеў.

У час Вялікай Айчынай вайны камандаваў будаўнічым батальёнам, быў намеснікам камандзіра палка. У 1944 г. пачаў весці пошукі слядоў вывезеных фашыстамі кніг з бібліятэкі БСГА. Было вернута ў бібліятэку больш за 800 экз. У 1946 г. дэмабілізаваўся і пачаў працаваць над аднаўленнем бібліятэкі БСГА. За асабістыя сродкі набыў для бібліятэкі шкафы, пабудаваў кветкавую аранжарэю, якая паклала пачатак кветкавай гаспадарцы акадэміі.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За вызваленне Варшавы» «За ўзяцце Берліна» «За перамогу над Германіяй» «За працоўную адзнаку» (1940), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. На будынку бібліятэкі БСГА ўстаноўлена мемарыяльная дошка (1980).

У 2016 годзе на базе бібліятэкі БДСГА адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Інавацыйны менеджмент ў развіцці сучаснай універсітэцкай бібліятэкі», якая была прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі Дзям’яна Рамановіча Новікава.

На канферэнцыі было абвешчана аб рашэнні савета акадэміі (ад 07.10.2016 г.) за выдатныя заслугі перад акадэміяй і вялікі ўклад у станаўленне і развіццё бібліятэкі акадэмічнай бібліятэцы прысвоіць імя Д. Р. Новікава.

Літаратура:
1. Замскі, М. Слова пра цікавага чалавека / М. Замскі // Літаратура і мастацтва. – 1966. – 18 кастрычніка.
2. Карпицкая, К. Академической библиотеке присвоили имя ее основателя : [на базе БГСХА состоялась научно-практическая конференция «Инновационный менеджмент в развитии современной университетской библиотеки, посвященная 120-летию заслуженного деятеля культуры Д. Р. Новикова / Катя Карпицкая // Горацкі веснік. – 2016. – 22 кастрычніка. – С. 3.
3. Корнилович, Э. По призванию – краевед / Э. Корнилович // Ленінскі шлях (Горкі). – 1991. – 17 жніўня.
4. Лившиц, В. М. «Он был живой памятью академии...» : / В. М. Лившиц // С Горками и академией связаны судьбой : (события, люди и дела) : заметки краеведа / В. М. Лившиц. – Горки : БГСХА, 2013. – С. 15-35.
5. Лившиц, В. М. Сердце, отданное книге : к 100-летию со дня рождения Д. Р. Новикова / В. М. Лившиц. – Горки, 1996. – 35 с. – (Серия «Выдающиеся педагоги и воспитанники БСХА»).
6. Ліўшыц, У. Адданасць кнізе / У. Ліўшыц // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. – Мінск, 1996. – С. 540.
7. Медведева, Г. Верность книге, пронесенная через жизнь : [к 120-летию бывшего директора библиотеки БГСХА Демьяна Романовича Новикова] / Галина Медведева // Бібліятэчны свет. – 2016. – № 5. – С. 25-27.
8. Медведева, Г. Человек-легенда : [к 120-летию бывшего директора библиотеки БГСХА Демьяна Романовича Новикова] / Галина Медведева // Зямля і людзі. – 2016. – 7 верасня. – С. 13.