З гісторыі народных промыслаў і рамёстваў

Беларуская народная культура – самабытная з’ява ў сузор’і нацыянальных культур нашай краіны. Яна бярэ пачатак у культуры Кіеўскай Русі, мае агульныя рысы з культураю рускіх, украінцаў, а таксама палякаў і іншых еўрапейскіх народаў.

За многія стагоддзі свайго існавання беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў замках, абарончых і культавых збудаваннях, народным жыллі і бытавых рэчах, рыцарскай амуніцыі і ўзбраенні, нацыянальным адзенні, узорных тканінах, разнастайных прамысловых вырабах, духоўных традыцыях, звычаях, абрадах і інш.

Вывучэннем гістарычна-культурнай спадчыны нашай Бацькаўшчыны займаецца навука этнаграфія. Яна скіравана на нас саміх: хто мы, дзе нашы карані, якія жывілі культурнае дрэва, хто нашы продкі, па якіх законах і традыцыях яны жылі, якія этнічныя працэсы адбываюцца ў сучасным грамадстве. Гэтымі пытаннямі мы асэнсоўваем свой гістарычны лёс і сваю спадчыну, якую пакінулі нам продкі.

Састаўной часткай паўнатуральнай гаспадаркі сялян вёскі Маслакі доўгі час з’яўляліся дамашнія промыслы і рамёствы. У кнізе «Памяць. Горацкі раён» прыведзены наступныя звесткі: «Маслакі. У 1885 г. – сяло, цэнтр воласці Горацкага павета, 99 дв., 558 жых. Жыхары выраблялі абутак, драўляны посуд, вырабы з лыка і кары, займаліся бандарным, кавальскім і іншымі промысламі (на 1880 г.): абутковым – 2 чал., вытворчасцю драўляных вырабаў і посуду – 10 чал., вытворчасцю вырабаў з лыка і кары – 290 чал., калёсным промыслам – 22 чал., бандарным промыслам – 35 чал., кавальскім промыслам – 3 чал». Гэтыя звесткі сведчаць аб тым, што ў той час найбольш распаўсюджанымі рамёствамі ў вёсцы Маслакі з’ўляліся бандарнае, калёснае, вытворчасць вырабаў з лыка і кары. Падцвярджае гэта і той факт, што да гэтага часу некалькі жыхароў вёскі валодаюць навыкамі калёснага, бандарнага рамяства. Акрамя таго, з рэчаў, што захаваліся да нашага часу, большасць адносяцца да гэтых рамёстваў. Вытворчасцю вырабаў з лыка і кары ў той час займалася больш паловы жыхароў вёскі. Звязана гэта з тым, што асноўны выраб з лыка і кары, лапці, з’яўляўся паўсядзённым абуткам для ўсёй сям’і. У наш час гэта рамяство цалкам знікла, бо адпала неабходнасць у такім абутку.

Гутаркі з вяскоўцамі – старажыламі, факты з сучаснага жыцця вёскі, эспанаты музея вёскі Маслакі сведчаць нам што:

1.У перыяд пасля Вялікай Айчыннай вайны і да 80-х гадоў XX стагоддзя жыхары вёскі Маслакі ткалі на кроснах ільняныя тканіны, шылі адзенне, абутак, рабілі мэблю, посуд, вазы, сані, неабходныя прылады працы. Былі развіты рамёствы, звязаныя з апрацоўкай дрэва – сталярства, цяслярства, бондарства, а таксама кавальства, пляценне.

2.Жыхары вёскі Маслакі не займаліся такімі рамёствамі як ганчарства, кафельнае, кладка печаў, гарбарнае. Таму, напрыклад, усе ганчарныя вырабы, так неабходныя ў кожнай гаспадарцы – гаршкі, збаны, гарлачы – вяскоўцы куплялі ці абменьвалі ў заезжых гандляроў з іншых месцаў.

3.Найбольш знакамітымі вырабамі з’яўляліся бандарныя вырабы – драўляныя ёмістасці і посуд для вадкіх, сыпкіх і іншых прадуктаў. Развіццё гэтага рамяства было звязана з наяўнасцю побач з вёскай леса. Заснавана яно было на ручной апрацоўцы матэрыялаў з дапамогай струга, скоблі, спуска, драўлянага малатка і іншых бандарных інструментаў.

Бандарны посуд звычайна выраблялі з клёпак – трапецападобных ці авальных плашак, счэсаных да неабходнай таўшчыні. Форма клёпак абумоўлівала і форму бандарных вырабаў – кадзе – канічную і бочкападобную (пукатую). Клёпкі сцягваліся вакол днішча металічнымі або з прутоў дубу, ляшчыны, клёну абручамі пры дапамозе спецыяльных прыстасаванняў. Найбольш прыдатныя для бондарства матэрыялы з дубу, сасны, асіны, вольхі, елкі.

Бандарныя вырабы шырока ўжываліся ў гаспадарцы вяскоўцаў. Паводле прызначэння яны падзяляліся на посуд для вады і іншых вадкасцей: вёдры, пажарныя бочкі, біклагі; для захавання сельскагаспадарчых прадуктаў: бочкі, кублы, кадушкі; для разнастайных патрэб штодзённага ўжытку: балеі, дзежы, цэбры, даёнкі, бойкі. Большасць бандарных вырабаў задавальняла запатрабаванні хатняй гаспадаркі і вызначалася вонкавай прастатой, адсутнасцю аздобы.

4.Жыхары вёскі Маслакі займаліся наступнымі промысламі: збіральніцтва (лясныя ягады – чарніцы, маліны, журавіны, каліна; арэхі; грыбы і інш.), рыбалоўства, пчалярства (бортніцтва).

5.У цяперашні час можна вылучыць наступныя рамёствы, якія захаваліся ў жыцці вяскоўцоў: вязанне, вышыўка, пляценне, бандарнае, сталярства.

Адметную ролю ў жыцці працягваюць адыгрываць здабыўныя промыслы: збіральніцтва (грыбоў, ягад, лясных арэхаў, лекавых траў), пчалярства, рыбалоўства, здабыча бярозавага і кляновага сокаў.

Бандарныя вырабы

БО́ЙКА – бандарны выраб, пасудзіна для збівання масла ў хатніх умовах. Высокая, звужаная ўгору бочачка; накрыўка мела адтуліну для калатоўкі (біла), да ніжняга канца якой (ударная частка) прымацоўвалі кружок з дзіркамі; масла збівалі вярчэннем у гарызантальнай плоскасці восі з лапасцямі, канец восі (ручка) выводзіўся праз дно.
Выйшла з ужытку.

ВАЗО́К – легкія, выязныя сані. Мелі высокія галоўкі – загнутыя часткі палазоў, глыбокі крацісты ці абшыты дошкамі кузаў з сядзеннем. Вазок (асабліва спінку) аздоблівалі разьбой ці распісвалі.
Выкарыстоўваецца ў наш час.

ДАЁНКА – бандарны выраб; пасудзіна амаль цыліндрычнай формы ёмістасцю 6-8 л для даення кароў. Верх шырэйшы, адна даўжэйшая клёпка служыла ручкай, у клёпцы насупраць рабілі літок.
Сустракаецца і ў наш час.

ДЗЯЖА́ – бандарны выраб; пасудзіна для прыгатавання хлебнага цеста. Уверсе яна крыху звужана, вышыня раўнялася дыяметру вечка (накрыўкі), зробленага з дошак, замацаваных лубяной абячайкай. Бліннае цеста рашчынялі ў невялікіх дзежачках-блінніцах. Сустракаецца і ў наш час.

ЖЛУ́КТА – бандарны выраб; пасудзіна, у якой замочвалі (жлукцілі) і мылі бялізну. Формай нагадвала шырокую кадушку на трох ножках з падоўжаных клёпак і адтулінай у днішчы; вышыня да 1 метра.
Выйшла з ужытку.

КА́ДАЎБ - посуд, выдзеўбаны з дрэва, найчасцей з ліпы або вольхі. Выкарыстоўваліся пад збожжа, крупы, муку, мёд.
Выйшаў з ужытку.

КАДУ́ШКА – бандарны выраб; пасудзіна ў выглядзе ўсечанага конуса на ваду і розныя прадукты (квашаную капусту, агуркі, муку і інш.). Кадушкі вялікіх памераў (вышынёй да 1,5 м) называлі кадзямі і выкарыстоўвалі пад зерне.
Сустракаецца і ў наш час.

КАЛЫ́СКА (ЛЮ́ЛЬКА) – даўні від народнай мэблі, дзіцячы ложак. Плялі з лазы (мела выгляд доўгага каша) або рабілі з дошак (накшталт скрыні); падвешвалі на пачопках да столі ці бэлькі.У канцы 19 ст. паявіліся калыскі на ножках з дугападобнымі брускамі. Выйшла з ужытку. КАНА́ПА – від народнай мэблі; шырокае драўлянае сядзенне даўжынёю да 2 м, на чатырох ножках, з падлакотнікамі і спінкай, часта аздобленымі точанымі элементамі ці разьбой.
Выйшла з ужытку.

КАНА́ПА – від народнай мэблі; шырокае драўлянае сядзенне даўжынёю да 2 м, на чатырох ножках, з падлакотнікамі і спінкай, часта аздобленымі точанымі элементамі ці разьбой.
Выйшла з ужытку.

КА́РЫ – сані-лесавозы. Мелі палазы, злучаныя драўлянымі брусамі, якія мацаваліся да спецыяльных калодак – капылоў.
Выйшлі з ужытку.

КРО́СНЫ – станок для хатняга ткання; уключае: ставы – драўляны каркас, на якім збіраюць канструкцыйна важныя вузлы станка; навоі – драўляныя валы, на адзін з якіх навіваюць аснову, а на другі скручваюць палатно; ніты – надзетыя радамі на два паралельныя пруты (верхні і ніжні) ніцяныя петлі, праз якія працягваюць аснову (колькасці нітоў залежыць ад узору тканіны); бёрда – прылада для прыбівання ўточнай ніткі, складаецца з тонкіх пласцінак накшталт грэбеня з дзвюма спінкамі, укладваецца ў набіліцы; панажы, калёсцы – рычагі і блокі для прывядзення ў рух нітоў. Пры націсканні на панажы прывязаныя да іх ніты разыходзяцца і ўтвараюць у аснове зеў, праз які пракідваюць чаўнок .
Выйшлі з ужытку.

КУ́ФАР (СКРЫ́НЯ) – від мэблі; ёмістасць з пукатым або плоскім верхам на завесах, у якой хавалі тканіну, адзенне, бялізну, каштоўнасці. Рабілі куфры з дошак, фарбавалі, размалёўвалі.
Выйшлі з ужытку.

ЛІ́ПАЎКА – драўляная пасудзіна на мёд ёмістасцю да двух вёдзер. У сырой ліпавай ці альховай калодзе выдзёўбвалі асяродак, павольна высушвалі яе. Распарыўшы сценкі, устаўлялі дно; на пасудзіну нацягвалі абручы.
Выйшла з ўжытку.

НАЧО́ЎКІ – выдзеўбаная з дрэва пасудзіна. У вялікіх начоўках мылі бялізну, купалі дзяцей, у меншых правейвалі зерне, крупы, у маленькіх таўклі на прыправу сала, мак.
Выйшлі з ужытку.

ПРА́НІК – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры паласканні.
Выйшаў з ужытку.

ПРА́СНІЦА – драўляная прылада для ручнога прадзення. Найбольш пашыраны былі лапатападобная прасніца і прасніца-грэбень.
Выйшла з ужытку.

РА́ЖКА – бандарны выраб; пасудзіна ёмістасцю 15-20 л для кармлення жывёлы. Па форме цыліндрычная ці крыху расшыраная ўверсе,часам на трох ножках.
Ужываецца і ў наш час.

РАЗВА́ЛКІ – від саней. Паверх пагрузачнай пляцоўкі ўздоўж саней прымацавана 2 жэрдкі з папярочкай на канцах – развалкі (адсюль і назва). Выкарыстоўвалісь на гаспадарчых работах і для выездаў.
Бытуюць і ў наш час.

СА́НІ – зімовы гужавы транспартны сродак; павозка на палазах. Два палазы (з дубу, клёну, бярозы, ясеню) злучаюць дубовымі вязамі або спецыяльнымі брускамі; паралельна палазам паверх вязаў насаджваюць планкі. Віды саней: звычайныя рабочыя сані, або развалкі, сані-лесавозы, або кары, выязныя сані, або вазкі.
Ужываюцца і ў наш час.

СТУ́ПА – прылада для пераапрацоўкі зерня на крупы; у ёй тоўклі каноплі, льняное семя і іншае. У цурбане тоўстага дрэва (найчасцей дуба) рабілася конусападобнае паглыбленне, куды насыпалі зерне, якое таўклі ўручную таўкачом (рабілі з дрэва цвёрдай пароды).
Выйшла з ўжытку.

ТАПЧА́Н – від народнай мэблі; шырокі драўляны памост на ножках або казлах, на якім сядзелі і спалі.
Не ўжываецца.

УСЛО́Н – від народнай мэблі; невялікая перанасная лаўка. Рабілі з тоўстай дошкі, на чатырох ножках, часам з расколатага ствала дрэва з чатырма роўна падпілаванымі сукамі, якія служылі ножкамі.
Зрэдку трапляецца і ў наш час.

ЦЭ́БАР – бандарны выраб; пасудзіна, у якой рыхтуюць і даюць корм, ваду жывёле. Цэбар невысокі, звычайна цыліндрычнай формы ці крыху шырэйшы ўверсе, дзве падоўжаныя клёпкі ўтвараюць вушкі.
У побыце вяскоўцаў ёсць і ў наш час.

Ганчарныя вырабы

ГАРШЧО́К – ганчарны выраб; пукатая пасудзіна з венцом і пляскатым дном. Рабілі з накрыўкай і вушкамі. У гаршках гатавалі ежу, трымалі прадукты.
Сустракаецца і ў наш час.

ГЛЯ́К – ганчарны выраб; пукатая пасудзіна з вузкім горлам, пляскатым дном і з адным ці двума вушкамі.У ім заварвалі чай, настойвалі лекавыя травы, трымалі алей, бралі ваду ў поле, на сенажаць.
Выйшаў з ужытку.

ЗБА́Н – ганчарны выраб; высокая гліняная пасудзіна на малако з пукатымі бакамі, крыху звужаным горлам, літком і ручкай. Аб’ём збаноў ад 0,5 л да 8 л.
Сустракаецца і ў наш час.

Вырабы з лазы, лыка і кары

КО́Ш – паўшарападобны, плецены з лаза выраб з дужкай. Прызначаны для пераносу бульбы, агародніны.
Выкарыстоўваецца і ў наш час.

ЛА́ПЦІ – плецены абутак з лыка. Для трываласці падэшву падпляталі лазою, лыкам, падшывалі скураю. Найпрасцейшыя лапці –«шчарбакі». Найбольш пашыраныя – коверзні («слепакі», «глухія лапці»).
Выйшлі з ужытку.

СЯВЕ́НЬКА, СЯЎНЯ́ – кораб для ручной сяўбы. Рабілі сявенькі разнастайнай формы, саламяныя (аснова – тонкія лазовыя пруткі) і лубяныя (з кары ліпы). Каб насіць сявеньку, у ёй рабілі вушкі, праз якія працягвалі рэмень ці вяроўку.
Выйшла з ужытку.

Калёны выраб

КАЛЁСЫ – летні гужавы транспартны сродак, чатырохколая рабочая павозка. Асноўныя часткі – перадок і задок (злучаны трайнёю), аглоблі з атосамі, кузаў або платформа. Найбольш пашыраны кузаў – дзве бакавіны-драбіны з папярочкамі; пры перавозцы сыпкіх грузаў, агародніны, бульбы ставяць шчыты.Да 20 ст. калёсы амаль цалкам рабілі з дрэва, пазней – многія дэталі металічныя.
Пашыраны і ў наш час.

Выраб з каменя

ЖО́РНЫ – прылада для ручного памолу, ручны млын. Два абчасаныя каменныя дыскі дыяметрам 35-50 см размяшчаліся адзін на адным у драўляным каркасе. Рабочая паверхня ніжняга жорна крыху выпуклая, верхняга – адпаведна ўвагнутая. Верхні круціўся на бруску, насаджаным на металічны шпень, які праходзіў праз цэнтр нерухомага ніжняга. Збожжа засыпалі ў круглую адтуліну верхняга каменя.
Выйшлі з ужытку.

Вырабы з саломы

КО́РАБ – ёмістасць для захоўвання і пераноскі сыпучых прадуктаў (збожжа , мукі, круп, гароху і інш.), сплецены з саломы або з лазы. Былі крулыя ці авальныя, пераважна мелі канфігурацыю збанка, бочкі, гаршка, часта іх рабілі з вечкам; падстаўкай служылі адно ці два саламяныя звёны або лазовы прут. Мелі добрую вентыляцыю , таму ў іх нядрэнна захоўваліся прадукты.
Выйшаў з ужытку.

ПАВУ́К – ажурная канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі ў покуці над сталом. У патоках цёплага паветра, якое ўздымалася ад ежы, паволі паварочваўся то ў адзін, то ў другі бок, паблісківаючы залацістымі саломінкамі у сонечных праменях.
Выкарыстоўваецца і ў наш час.

САЛАМЯНЫ КАПЯЛЮ́Ш шырока бытаваў ў народным побыце. З саломінак плялі доўгую саламяную пляцёнку, якую затым выгіналі па спіралі і зшывалі ў прыгожы, лёгкі, зручны выраб.
Выкарыстоўваецца і ў наш час.

Вышываныя вырабы

РУЧНІ́К – прадаўгаваты выраб з тканага палатна – утылітарнага, дэкаратыўнага і традыцыйна-абрадавага прызначэння. Ручнікі ткуць на кроснах, аздабляюць натыканнем, вышыўкаю (процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка, ланцужок, гафт і інш.), карункамі, махрамі.

Ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага ўбрання жылля і абразоў, у вяселлях і пахаваннях. Ручнікі ўваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. Ручнікі перавязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля. Іх пасцілалі як «падножнік», на які станавіліся маладыя ў час царкоўнага вянчання, выкарыстоўвалі для абгортвання рук нявесты і жаніха ва ўрачыстыя моманты вяселля. На ручніку што ні ўзор, то сімвал.
Сустракаецца і ў наш час.

СУРВЭ́ТКА – прадмет сталовай бялізны, кавалак прастакутнае тканіны (радзей іншай формы), якая ўжываецца ў побыце і гаспадарцы для выдалення розных рэчываў з паверхняў ці, напрыклад, для выцірання вуснаў пасля ежы. Вырабляюцца з розных тканін (бавоўны, лёну, сынтэтычных тканін і іншых). Ужываюцца галоўным чынам для сервіроўкі стала і ўборкі паверхняў.
Сустракаецца і ў наш час.

Валяльныя вырабы

ВАЛЁНКІ – зiмовы абутак з валенай воўны. Працэс выпрацоўкi валёнкаў уключае некалькi этапаў: закладка вырабу, валенне, фармаванне, аддзелка (валюшнае рамяство). Майстры–валюшнiкi вырабляюць абутак з захаваннем традыцыйнай тэхналогii i прылад працы.
Сустракаюцца і ў наш час.

ЛЯ́МЕЦ – валены матэрыял з воўны. Выкарыстоўваўся са старажытных часоў для вырабу конскай збруі (хамутоў, падсядзёлкаў, потнікаў, запонаў), галаўных убораў (шапак-агерак, капелюшоў) і абутку (валёнак).
Сустракаецца і ў наш час.

ШАРСЦЯНЫЯ РУКАВІ́ЦЫ. Для вырабу на драўлянае кола наматвалі шарсцяныя ніткі, на якіх кручком кустар звязваў рукавіцы дакладна, як вязалі шарсцяныя шалі, сурвэткі. Пасля таго, як рукавіца была звязана, яе валялі, ад чаго яна рабілася зусім шчыльнай.
Сустракаецца і ў наш час.