Маслакоўская сельская аб’яднаная бібліятэка
Першая хата-чытальня ў в. Маслакі была арганізавана ў 1924 годзе, яна размясцілася ў будынку былой воласці. Першым работнікам пры хаце-чытальні быў таварыш Акулаў, у бібліятэку было завезена 400 кніг. У гэты ж час пры ёй стала працаваць школа працоўнай моладзі. Людзі цягнуліся да ведаў, граматы, бралі ў бібліятэцы кнігі.
У 1941 годзе хата-чытальня і кнігі былі спалены. Пасля вызвалення стала наладжвацца жыццё ў в. Маслакі і бібліятэка зноў была адкрыта, але як прыклубная. Яна знаходзілася на прыватнай кватэры з кніжным фондам да 100 кніг. Загадваў ёй Качуеў.
У маі 1952 года на сродкі сельскага Савета арганізавалася сельская бібліятэка і размясцілася ў яго будынку. Фонд фарміраваўся за кошт асабістых кніг, якія перадавалі вучні і настаўнікі. У першыя гады стварэння фонд бібліятэкі налічваў прыкладна 435 асобнікаў. З 1956 года загадвала бібліятэкай Соф’я Пятроўна Северцава. Фонд складаў 1500 экзэмпляраў. Гэта ў асноўным была зношаная мастацкая літаратура, так як кнігі доўгі час знаходзіліся ў карыстанні і перадаваліся адзін аднаму без усялякага ўліку і адказнасці за кнігу. Чытачамі бібліятэкі ў асноўным былі вучні, настаўнікі, служачыя. З калгаснікаў чыталі адзінкі. Бібліятэка займалася давядзеннем кнігі да кожнага магчымага чытача. Усе вучні былі ахоплены бібліятэчным абслугоўваннем. У 1956 годзе чытачоў у бібліятэцы было 112.
Бібліятэка з’яўлялася цэнтрам культуры на сяле. Клуба не было. Днём бібліятэка працавала з чытачамі, а ўвечары праводзіла масавыя мерапрыемствы. Пры бібліятэцы быў арганізаваны калектыў мастацкай самадзейнасці. Праводзіліся канцэрты, тэматычныя вечары, дыспуты, абмеркаванне кніг, афармлялася наглядная агітацыя. Праходзілі шахматна-шашачныя турніры.
На 1 студзеня 1967 года кніжны фонд складаў 7404 экзэмпляры. У дастатковай колькасці было галіновай літаратуры, даведачнай, перыядычных выданняў. З мэтай прапаганды галіновай літаратуры афармляліся кніжныя выставы, рэкамендацыйныя спісы, адкрытыя паліцы, складаліся планы чытання для асобных груп чытачоў. Праводзіліся масавыя мерапрыемствы: гучныя чыткі, гутаркі, агляды, абмеркаванні кніг, дыспуты, тэматычныя вечары, чытацкія канферэнцыі, дзіцячыя ранішнікі. Сельская бібліятэка аказвала дапамогу калгаснай, прыклубнай і сельскаму клубу ў афармленні нагляднай агітацыі, апрацоўцы і растаноўцы кніг, у арганізацыі абслугоўвання чытачоў. З абсталявання ў бібліятэцы было 6 стэлажоў, 2 сталы, 35 стулаў, кніжная вітрына, стэнды, плакаты. Доступ да фонда быў свабодны.
З 20 мая 1969 года загадваць бібліятэкай стала Рабцава Антаніна Максімаўна, настаўніца па адукацыі. Кніжны фонд ужо павялічыўся да 10346 экзэмпляраў, чытачоў было 600. Ад бібліятэкі працавалі 3 пункты выдачы і 3 філіялы: пры бальніцы і ў вёсках Альхоўка і Шапялёўка.
У 1984 годзе ў зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіла 5 вёсак: Маслакі, Дубовы вугал, Барсукі, Шацілаўка, Міхайлавічы. У 1985 годзе працаваць у бібліятэку прыйшла выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Наталля Анатольеўна Гладзянкова.
Чытачоў у бібліятэцы было 899, выдача складала 16338 экзэмпляраў. Бібліятэка падтрымлівала цесную сувязь з СДК, школьнай, камсамольскай, партыйнай арганізацыямі калгаса «Шлях Леніна». У 1989, пасля закрыцця Альхоўскай сельскай бібліятэкі, яе адзінка была пераведзена ў Маслакоўскую бібліятэку. На яе прызначана Ларыса Рыгораўна Шаўцова.
У 1990 годзе Маслакоўскі сельскі Савет пераязджае ў іншы будынак і бібліятэка займае цалкам усё памяшканне. У будынку быў зроблены рамонт, заменена пячное ацяпленне на электрычнае. Бібліятэка атрымала магчымасць асобна зрабіць абанемент і чытальную залу, кнігасховішча.
З 12 кастрычніка 1991 года ў бібліятэку маладым спецыялістам прыйшла працаваць Дзянісава Валянціна Аляксандраўна. Зона абслугоўвання бібліятэкі – 8 населеных пунктаў, 914 чытачоў, выдача – 16832, наведванні – 9685.
З 2001 года бібліятэка пачала працаваць па комплексна-мэтавай праграме «У свеце казкі» (да 2005 года). Асноўнай мэтай праграмы з’яўлялася фарміраванне ў дзяцей устаноўкі на ўспрыманне шматграннасці свету чалавечых каштоўнасцей, узбагачэнне духоўнага свету дзіцяці, удасканаленне яго маральнага пачатку. У гэтым жа годзе Дзянісава В. А. была ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела культуры за лепшую культурна-асветніцкую работу. З 2003 года бібліятэка пачала аказваць насельніцтву дадатковыя платныя паслугі.
1 сакавіка 2004 года сельскую бібліятэку аб’ядноўваюць са школьнай і пераводзяць у памяшканне школы. Для яе размяшчэння было выдзелена 2 сумежныя класы. Гэты перавод пагоршыў умовы работы бібліятэкі, так як абанемент, чытальная зала і кнігасховішча цяпер знаходзіліся ў адным памяшкання. Пасля аб’яднання фонд налічваў 31421 экзэмпляр, з якіх 4585 – падручнікі.
У 2008 годзе ў ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адраджэння і развіцця вёскі» бібліятэка была камп’ютарызавана, падключана да сеткі інтэрнэт.
У 2011 годзе з мэтай экалагічнай асветы дзяцей створаны клуб па інтарэсах «Экаляты». Пасяджэнні клуба праходзяць адзін раз на месяц. Гэта пазнавальныя мерапрыемствы, эка-гульні, гадзіны цікавых паведамленняў.
Па стане на 01.01.2016 г. у бібліятэцы 391 чытач, з якіх дзяцей – 182, кнігавыдача складае 11224 экзэмпляраў, 5946 наведванняў, фонд – 16575. Бібліятэка выпісвае 12 газет і 22 часопісы, аказвае 15 відаў дадатковых платных паслуг. Дзейнічае клуб па інтарэсах «Экаляты», напрамак дзейнасці – экалагічны, колькасць удзельнікаў – 13 дзяцей.
Бібліятэка ў друку
1.Уродаў, С. У калгасе [«Барсукі» Маслакоўскага сельскага Савета] створана бібліятэка / С. Уродаў // Ленінскі шлях. – 1950. – 8 студзеня.
2.Новікаў, Г. У хаце-чытальні : [аб рабоце Маслакоўскай хаты-чытальні і яе загадчыку Булахаву] / Г. Новікаў // Ленінскі шлях. – 1950. – 9 красавіка.
3.У дапамогу ільнаводам : [у Маслакоўскай хаце-чытальні зроблена спецыяльная кніжная вітрына «У дапамогу калгасным ільнаводам»] // Ленінскі шлях. – 1955. – 2 кастрычніка.
4. Бягун, А. Хата-чытальня і бібліятэка павінны працаваць лепш / А. Бягун // Ленінскі шлях. – 1955. – 28 снежня.
5.Шрубок, А. Яны пасябравалі з кнігай : [работа Маслакоўскай сельскай бібліятэкі] / А. Шрубок // Ленінскі шлях. – 1964. – 16 студзеня.
6.Царыкаў, М. Будні сельскай бібліятэкі : [Маслакоўская сельская бібліятэка] / М. Царыкаў // Ленінскі шлях. – 1966. – 8 верасня.
7.Северцава, С. На традыцыях бацькоў : [работа Маслакоўскай бібліятэкі па падрыхтоўцы да святкавання 50-годдзя Савецкай улады] / С. Северцева // Ленінскі шлях. – 1967. – 28 студзеня.
8.Латыпаў, С. Крыніца ведаў і культуры / С. Латыпаў // Ленінскі шлях. – 1972. – 26 верасня.
9.Варсак, Н. Справа за намі : [аб працы клуба і бібліятэкі в. Маслакі] / Н. Варсак // Ленінскі шлях. – 1974. – 12 снежня.
10.Рабцава, А. Рашэнні XXV з’езду КПСС – у жыццё : [аб рабоце Маслакоўскай сельскай бібліятэкі] / А. Рабцава // Ленінскі шлях. – 1976. – 30 верасня.
11.Денисова, В. Во имя сохранения Земли : [о работе Маслаковской объединённой библиотеки по экологическому просвещению] / Валентина Денисова // Горацкі веснік. – 2013. – 5 чэрвеня. – С. 4.
12.Денисова, В. Лето с книгой : [о работе Маслаковской сельской библиотеки в период летних школьных каникул] / Валентина Денисова // Горацкі веснік. – 2014. – 10 верасня. – С. 3.
13.Дзянісава, В. З цікавасцю да беларускай літаратуры : [вопыт Маслакоўскай сельскай бібліятэкі па прапагандзе беларускай літаратуры] / Валянціна Дзянісава // Горацкі веснік. – 2015. – 19 снежня. – С. 2.