База даных "Край наш Горацкі" - гэта фактаграфічны летапіс падзей, якія адбываліся на тэррыторыі горада Горкі і Горацкага раёна за перыяд з 1933 года па сённяшні дзень. Адлюстроўвае падзеі грамадскага жыцця рэгіёна.

З гісторыі

Горацкі раён быў створаны 17 ліпеня 1924 года і размешчаны на паўночным усходзе Магілёўскай вобласці ў межах Горацка-Мсціслаўскай і Аршанска-Магілёўскай раўнін ў вярхоўях рэк Проні, Басі і Мярэі.

Мінулае Горацкага раёна мае багатую гісторыю.

Характэрнай асаблівасцю раёна ў сярэднявечча было тое, што практычна ўся яго тэрыторыя ўваходзіла ў склад неабсяжных уладанняў самых знакамітых родаў: Сапегаў, Хадкевічаў, Радзівілаў...

Геаграфічнае становішча Горацкага раёна спрыяла як эканамічнаму развіццю, так і таму, што і тэрыторыя раёна неаднаразова станавілася арэнай ваенных дзеянняў. У пачатку XVI стагоддзя тут праходзілі ваенныя баталіі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. У пачатку XVIII стагоддзя падчас Паўночнай вайны ў Горках цэлы месяц стаяла руская армія на чале з Пятром I.

У гістарычных дакументах першыя ўспаміны аб Горках згадваюцца ў 1544 годзе. У 1619 годзе Вялікі канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега даў мястэчкам Горкі і Горы «Статут аб вольнасцях», які ўяўляў сабой малое магдэбургскае права, з мэтай эканамічнага развіцця Горак і перасялення сюды мяшчан з іншых месцаў. Тут мелася сваё самакіраванне і суд, дазвалялася праводзіць таргі і кірмашы.

У першай палове XVII стагоддзя Горкі згадваюцца ўжо як горад. Ён быў буйным рамесным і гандлёвым цэнтрам: у горадзе працавалі рамеснікі 28 спецыяльнасцяў, сярод якіх ткачы, ганчары, збройнікі, вінаробы і іншыя. У 1667 годзе тут пачала функцыянаваць першая ў гісторыі мястэчка школа, якую адкрыла Горацкае братэрства.

У 1809 годзе была заснавана суконная мануфактура з коньмі, на мясцовай сыравіне дзейнічалі гарбарны і вінакурны заводы, а адкрытая ў 1811 годзе палатняна-парусінавая мануфактура была самай буйной прыгоннай фабрыкай ў Беларусі.

У 1867 годзе было зацверджана палажэнне аб гербе горада.

Новы перыяд гісторыі Горацкай зямлі пачаўся з адкрыцця ў 1840 г. Горы-Горацкай земляробчай школы, якая паступова ператварылася ў земляробчы інстытут – першая вышэйшая сельскагаспадарчая навуковая ўстанова.

На сучасным этапе адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне раёна прадстаўлена 9 сельскімі Саветамі, у склад якіх уваходзіць 169 населеных пунктаў.

Агульная зямельная плошча складае 128431 гектар, у тым ліку 88406 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, з іх 63741 гектар ворыва. Лясы займаюць 23771 гектар або 18,5 % тэрыторыі раёна.

На 1 студзеня 2016 года насельніцтва раёна складае 45254 чалавека, у тым ліку 31,7 тысячы ў горадзе і 13,6 тысячы на сяле. Колькасць працаздольнага насельніцтва 28500 чалавек або 63 %.

Горад па праву лічыцца моладзевым. 12225 чалавек, або 27 % у структуры агульнай колькасці насельніцтва – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года.

Станоўчыя пераўтварэнні ў раённым цэнтры адбыліся ў сувязі з правядзеннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2012».