500-годдзе беларускага кнігадрукавання
«Па следу Скарыны»
Раённая бібліятэка не магла застацца ў баку ад святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання – з гэтай нагоды на абанеменце распачала сваю дзейнасць выстаўка пад назвай «Спадчына Францыска Скарыны».
Гэтая невялічкая экспазіцыя дазволіць, тым не менш, гасцям пазнаёміцца з галоўнай фігурай у гісторый айчыннага кнігадрукавання – Францыскам Скарынам. Герой прадстаўленых на паліцах кніжак – менавіта ён, наш знакаміты першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік і нават вучоны-медык. На аснове самых разнастайных навуковых даследванняў і багатага ілюстрацыйнага матэрыялу наведвальнікі бібліятэкі змогуць па-новаму раскрыць для сябе даволі таямнічы жыццёвы шлях і такую багатую спадчыну гэтага найпрыкметнага прадстаўніка ўсходнеславянскага Адраджэння.
Звычайная рённая бібліятэка, на жаль, не можа падараваць сваім чытачам такую рэдкую ўдачу як знаёмства з арыгінальнымі прыкладамі беларускага кнігадрукавання XVI-XVII ст., вынікамі выдавецкай працы тых часоў. Але падрыхтаваная тутэйшымі супрацоўнікамі падборка несумненна дапаможа атрымаць уяўленне пра тое, кім быў у развіцці духоўнай культуры славянскіх народаў гэты вялікі чалавек і чаму яго рэнесансныя выданні да гэтага часу застаюцца ўзорамі літаратуры высокага еўрапейскага ўзроўню.