Алена Ярмоленка

Творчасць Максіма Гарэцкага ў літаратурна-крытычных артыкулах яго сучаснікаў

У артыкуле прааналізаваны шэраг літаратурна-крытычных прац вядомых сучаснікаў М. Гарэцкага. Прыведзены аналіз іх работ сведчыць, што талент пісьменніка быў заўважаны і высока ацэнены самымі аўтарытэтнымі крытыкамі таго часу: М. Багдановічам, В. Ластоўскім, А. Луцкевічам.

Ключавыя словы: крытыка, публіцыстыка, праблемы вёскі, містыка, наватарства.

Творчасць Максіма Гарэцкага рана была высока ацэнена яго сучаснікамі. Некаторыя даследчыкі ўжо на пачатку шляху пісьменніка пісалі пра незвычайную творчую сталасць маладога празаіка. На нашу думку, гэта зусім не выпадкова, а глыбока заканамерна. Толькі пачынаючы шлях у літаратуры, М. Гарэцкі ўжо добра разумеў, што нясе адказнасць за лёс свайго народа, што ўласнымі творамі павінен сцвердзіць яго права на існаванне, на існаванне мовы і літаратуры. Пра незвычайную грамадзянскую адказнасць пісьменніка сведчаць перш за ўсё ўспаміны яго родных. Так, Радзім Гарэцкі ў грунтоўным даследаванні жыцця і творчасці Гаўрылы і Максіма Гарэцкіх распавядае: “Ужо ў 1912 годзе пад псеўданімам “Беларус” у газеце “Наша Ніва” былі надрукаваны дзве нататкі, а ў снежні ён напісаў сваё першае апавяданне “У лазні” якое ў студзені наступнага года пад псеўданімам “Максім Беларус” выйшла ў “Нашай Ніве”... Максіму хацелася ўсебакова паказаць рэаліі вясковага жыцця. Ён адчуваў, як пакрысе змяняюцца адносіны многіх сялян да яго: чым больш ён жыў у горадзе, больш атрымліваў ведаў, тым больш яны пачыналі бачыць у ім “будучага пана”. Ёк жа не хацеў ператварацца ў “пана” а марыў аб больш светлым жыцці вяскоўцаў, імкнуўся да асветніцкай дзейнасці; ён не разумеў, чаму ў вёсцы пануе такая абыякавасць, прымхлівасць, цемната”.

Мастацкая вартасць першых апавяданняў М. Гарэцкага была адзначана М. Багдановічам, які ўважліва сачыў за беларускім літаратурным працэсам. У крытычным артыкуле “За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911 - 1913 гг.” (1913) ён адзначыў: “Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменніка Максіма Беларуса”.

Вылучаў М. Багдановіч і першы зборнік “Рунь” М. Гарэцкага, публіцыстычную і крытычную працу пісьменніка. У артыкуле “Белорусское возрождение” (1914) ён пісаў: «Наконец, в сфере публицистики и критики, а иной раз и научной работы много сделали инициатор и руководитель “Нашай Нівы” А. Новина, местный экономист А. Власов, уже упомянутый нами Власт (книга “Гісторыя Беларусі” и ряд статей), Ив. Луцкевич, критик и библиограф Р. Земкевич, А. Бульба, С. Полуян, И. Маньковский, Ю. Верещака, Л. Гмырак, Максим Белорус, иначе Максим Горецкий (“Рунь”, 1914 г.) и мн. друг. Характеристика каждого из них в отдельности затруднительна, но не упомянуть о них нельзя. Ведь именно благодаря их стойкости и самоотвержению белорусское движение, нашедшее ныне твёрдую опору в широких кадрах народной интеллигенции, выдержало всю тяжесть первых годов своего существования, приобрело свой теперешний идейный облик и некрупными, но глубокими, нестираемыми буквами врезало своё имя на скрижалях мирового прогресса”.

Грунтоўны аналіз першага зборніка М. Гарэцкага можна знайсці ў артыкуле “М. Гарэцкі. Рунь” (1914) В. Ластоўскага. Ужо з першых радкоў аўтар гаворыць пра наватарства, глыбіню, беларускасць зборніка апавяданняў: “Рунь” - гэта не зборнік апавяданняў мляўка-стагнальных і не скалазубства з вяскоўца, з яго мазалеў і цемнаты, гэта першы ў нашай літаратуры паэмат-трагедыя Маладой Беларусі. Першы голас беларускай, маладом набалеўшай душы “на весь свет, на Белу Русь”. Па словах В. Ластоўскага, сапраўдны сын свайго народа М. Гарэцкі зазірае ўглыб душы, малюе трагедыю беларуса-інтэлігента, які марыць несці асвету, але сустракае непаразуменне і непрыязь. Адзначае В. Ластоўскі апавяданні “У лазні”, “Рунь”, “Што яно?” Даследчык звяртае ўвагу на праблему, упершыню ўзнятую. М. Гарэцкім у беларускай літаратуры, - “прымацтва” ў панстве і “пасынкаўства” ў вёсцы, глыбокую душэўную драму героя (апавяданне “У лазні”), якога не разумеюць родныя і блізкія. Тэма адказнасці за свой народ, на думку даследчыка, далей знаходзіць распрацоўку ў апавяданні “Рунь”. Галоўная праблема, што стаіць перад сынам вёскі Уладзімірам, які “выйшаў у людзі”, гэта пакутлівыя пошукі шляху служэння беларускаму народу, балючая крыўда за яго долю.

Характарыстыку народа, па словах В. Ластоўскага, можна знайсці ў апавяданні “Што яно?” М. Гарэцкага, прысвечаным асэнсаванню “праклятых пытанняў”, што раз’ядаюць душу насельнікаў глухіх лясоў і балот. Упершыню аналізуе М. Гарэцкі менталітэт і нацыянальныя асаблівасці беларусаў. Заканамерны і вывад, які робіць В. Ластоўскі пра першы зборнік маладога пісьменніка: “Рунь” М. Гарэцкага, гэта вялікі ўклад у беларускую літаратуру, як па глыбіні і багаццю думак, так і красе мовы, каторую аў- тар умее гэтак прыкрасіць магілёўскімі правінцыяналізмамі і падборам слоў для выражэння сваёй думкі».

У артыкуле “Тарас Гушча. Родныя з’явы” (1914) В. Ластоўскі згадаў і творчасць М. Гарэцкага. Ён наступным чынам ацаніў уклад маладога пісьменніка ў айчынную літаратуру: “Адзін, як напр. М. Гарэцкі, уносіць у родны вулей глыбокія думы, містычна-таемныя, пытанні глыбокія...”.

Падрабязную характарыстыку творчасці М. Гарэцкага можна знайсці ў публіцыстычнай спадчыне А. Луцкевіча. М. Гарэцкі называецца пачынальнікам містычнага напрамку ў беларускай прозе, згадваецца як аўтар першай беларускай аповесці, адзін з пачынальнікаў новай беларускай ваеннай прозы і драматургіі. Артыкул “Ідэолаг народнае інтэлігенцыі (Максім Гарэцкі)” (1922) А. Луцкевіча цалкам прысвечаны асобе М. Гарэцкага. У першым раздзеле А. Луцкевіч назваў М. Гарэцкага найглыбейшым ідэолагам беларускай адраджэнскай народнай інтэлігенцыі і прывёў яго біяграфічныя дадзеныя і звесткі пра пачатковы этап яго творчай дзейнасці: “На шлях беларускай сьвядомасьці ўзышоў зусім самастойна, пачаўшы, яшчэ ў Вольшы (1907 г.), зь перапісваньня “Панскага ігрышча”, дэклямаваньня “Тараса на Парнасе” і наўмыснага ўжываньня ў школе “мужыцкае мовы”. Аб “Нашай Ніве” пачуў першы раз у Горы-Горках у 1912 годзе ад таварыша-вучня, паляка зь Вільні, выпісаў пробныя нумары, наўчыўся чытаць, пісаць, стаў пасылаць карэспандэнцыі, а потым апавяданьні, зь якіх першае - “У лазьні” (канец 1912 году)”.

Другая і трэцяя часткі артыкула прысвечаны падрабязнаму аналізу першага зборніка апавяданняў “Рунь” М. Гарэцкага. Аўтар, у прыватнасці, зазначыў, што пісьменнік свядома імкнец- ца спасцігнуць таямніцы быцця; асэнсоўваючы іх, моцна трымаецца за “роднае карэнне”, без якога інтэлігента чакае нацыянальная і нават духоўная смерць. У чацвёртым і пятым раздзелах крытычнага агляду творчасці М. Гарэцкага А. Луцкевіч піша пра два вялікія творы: “Антон” і “Дзве душы”. Аўтар сцвярджае, што аповесць “Антон” раскрывае містычны бок народнай душы, а “Дзве душы” прысвечана нацыянальна-грамадскай сферы жыцця. А. Луцкевіч адзначыў дакладнае апісанне жыцця беларускага селяніна М. Гарэцкгм, выразныя характары Антона і Аўтуха Жабонаў з драматычнай аповесці “Антон”. У аповесці “Дзве душы” даследчыка цікавіць перш за ўсё вобраз Ігната Абдзіраловіча, раздвоенасць яго душы і барацьба з самім сабой. Вывад, які робіць А. Луцкевіч, сведчыць, як высока ацэньвалі сучаснікі мастацкую вартасць самых першых твораў маладога пісьменніка: «Беларуская нацыянальная справа, справа нацыянальнага адраджэньня беларускага народу - гэта найважнейшы догмат грамадзкае рэлігіі Гарэцкага. Мы ўжо бачылі, як у асобах герояў дробных апавяданьняў Гарэцкі падыходзіў да гэтага пытаньня, мы бачылі, якімі нязвычайна сьветлымі выходзяць у яго тыпы байцоў за беларускую справу ў ягоных “Дзьвюх душах”.

Асобны артыкул прысвяціў А. Луцкевіч аналізу аповесці “Дзве душы”, назваў яе першай беларускай аповесцю, адзначыў яе сучаснасць, поўнае і шматбаковае выяўленне беларускага жыцця. Даследчык акрэсліў галоўную праблему аповесці, якая, на яго меркаванне, заключаецца ў падмене сялянскага і панскага сына. Слабое месца твора, на думку крытыка, у недакладным адлюстраванні матываў псіхалагічнага разладу душы галоўнага героя. Між тым аўтар артыкула шчыра падзякаваў пісьменніку за яго твор і зазначыў: “Повесьць Гарэцкага, нягледзячы на яе недахваткі, цікавая і варта ўвагі. Цікавая глаўным чынам як адбіцьце беларускага жыцьця ў пачатку бальшавіцкага перавароту”.

Згадвае творчасць М. Гарэцкага А. Луцкевіч і ў літаратурных аглядах “Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры” і “Літаратурна-выдавецкая праца ў 1920 годзе” (1921). У першым ён піша пра містыцызм М. Гарэцкага, у другім засяроджвае ўвагу на гісторыі беларускай літаратуры, якую напісаў М. Гарэцкі. У артыкулах “Аб беларускай драме” і “Водгукі вялікае вайны” (1924) таксама ўзгадваецца прозвішча М. Гарэцкага як драматурга і аўтара ваеннай прозы.

Высока цаніў М. Гарэцкага і класік беларускай літаратуры Я. Колас. Сяброўскія стасункі звязвалі яго сям’ю і сям’ю М. Гарэцкага, пра што сведчыць артыкул “Якуб Колас і Максім Гарэцкі”, надрукаваны ў часопісе “Роднае слова” ў лютым 2013 г.

Павага да М. Гарэцкага і шчырае жаданне супрацоўнічаць з ім выказаны і ў асабістым лісце Я. Коласа да Л. У. Гарэцкай ад 9 лістапада 1927 г.: “Шчырае прывітанне дзядзьку Максіму. Я, прызнацца, часта думаў над тым, што яму трэба напісаць ліст, але ўсё нейк не сабраўся”.

У Поўным зборы твораў у дзевяці тамах Я. Купалы змешчаны артыкул “Нашы пісьменнікі і грамадскія дзеячы на вайне” з “Нашай Нівы” (І914, № 37, 18 вер.). Класік беларускай літаратуры называе М. Гарэцкага маладым і здольным пісьменнікам і ўзгадвае, што вылучала яго сярод іншых: “М. Гарэцкі, пісьменнік-містык, родам з Магілёўшчыны, каморнік (землямер)”.

Такім чынам, першыя крокі Максіма Гарэцкага на шляху прыгожага пісьменства былі станоўча ацэнены яго сучаснікамі. Больш за тое, аўтарытэтныя крытыкі адразу заўважылі новага героя пісьменніка - маладога інтэлігента сялянскага паходжання, а таксама незвычайны псіхалагізм у адлюстраванні ўнутранага свету героя. Адзначана была і ўвага да праблем вёскі, дакладнае апісанне беларускага побыту, а галоўнае, надзвычайная цікавасць да духоўнага жыцця простага селяніна. Пра містычны бок народнай душы, які раскрывае М. Гарэцкі ў творах, пісалі В. Ластоўскі і А. Луцкевіч. Ужо тады даследчыкамі было ацэнена імкненне пісьменніка да жанравай разнастайнасці, стварэння буйных твораў рознай тэматыкі і праблематыкі. Нездарма М. Багдановіч называў імя М. Гарэцкага сярод імён руплівых працаўнікоў на ніве беларускага адраджэння і ўскладаў на яго вялікія надзеі, а Я. Купала і Я. Колас лічылі здольным і таленавітым пісьменнікам.