Наталля Заяц

Нашчадкі нязломных сям’я Гарэцкіх у мастацкім пантэоне Васіля Зуёнка

Паэтычны пантэон Васіля Зуёнка прадстаўлены постацямі, што засведчылі сваю выключнасць у розныя часы, ад старажытнасці да нашых дзён, і ў розных сферах жыцця - ад земляробства да палітыкі і касманаўтыкі. Пачэснае месца ў ім займаюць прадстаўнікі ўнікальнай сям’і Гарэцкіх: Максім, Гаўрыла і Радзім. Асоба кожнага з іх сапраўды неардынарная, уражвае шматграннасцю таленту, шырынёй кругагляду і зацікаўленасцей, важкасцю здзейсненага, нязломнасцю духу.

У вершы “Гарэцкія”, прысвечаным “Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму - акадэміку-геолагу” і напісаным у юбілейны для адрасата год (1998), В. Зуёнак стварае паэтычны летапіс славутага роду, знаходзіць у мінулым прычыны яго трывушчасці і вітальнай сілы, Згодна з вершам, паэтычны радавод Гарэцкіх бярэ пачатак ад першапродка славянскага племені радзімічаў:

Гайдаліся нетраў арэлі,
Ад полымя неба гуло:
Дзялянкі пад высеў гарэлі,
Каб жыта кусціста расло.
Не ворагам пушчы шумлівай,
А быў хлебадайцам агонь:
I ляда рабілася нівай,
I грэлі зярняты далонь...
I крочыў гарэллем Гарэцкі –
Гараты - радзіміч Радзім:
Сахою гараў старасвецкай,
Яловым “смыком”скарадзіў...
З тае даўніны й навялося –
Трывушчае племя ўзрасло:
Трубою калоссе вілося,
I слова, як зерне, было.

Васіль Зуёнак прапануе ўласную версію этымалогіі прозвішча і звязвае яго паходжанне з гарэннем, суадносіць з вобразам-архетыпам агню. Такая паэтычная асацыяныя невыпадковая: дзейнасць Гарэцкіх на карысць Бацькаўшчыне сучаснікамі ўспрымаецца як гарэнне - служэнне ў імя высокіх ідэй і памкненняў.

Вобразная сістэма верша цалкам засноўваецца на архетыпах - жыта, нівы, коласа, зерня, аратага. Такая насычанасць сэнсава значнымі для беларускага космасу вобразамі нараджае другі план успрымання - героі верша паўстаюць важнымі, асноватворнымі складнікамі нацыянальнага свету, міфалагізуюцца і гераізуюцца, чаму садзейнічае таксама і згадка Максіма і Гаўрылы ў адным шэрагу з язычніцкім і хрысціянскім персанажамі. “Ішоў баразною Ярыла, / Пятрок сенажаці касіў, - / I слухаў зямельку Гаўрыла, / I песню акрыльваў Максім”. Праз гэтыя вобразы мастакоўская фантазія сумяшчае ў эскізе-малюнку сялянскай працы розныя эпохі: паганскую (да яе адсылае згадка Ярылы), хрысціянскую (у імені Пятрок бачыцца алюзія на біблійнага апостала) і эпоху нацыянальнага адраджэння, што прыпала на час актыўнай працы братоў Гарэцкіх. Незнікомасць папярэдніх набыткаў, пераемнасць пакаленняў, сувязь даўніны з сучаснасцю паядноўваюцца ў вобразе адрасата - Радзіма Гаўрылавіча: “А следам - Радзім, як радзімка / На матчынай цёплай шчацэ... / Гарэцкія - лёсу слязінка / Радзімы. I - меч у руцэ!.. / Той самы, што ўзняў над Пагоняй / Крылаты заступнік-ваяр... / Гарэцкія, - мройнасць у кроне /1 ў корані - мудрасці дар. // Гарэцкія, - рытмы глыбіняў / Іроднай зямлі галасы. I Гарэцкія, - весняцца ў сыне / Нашчадкаў нязломных часы...”. Для характарыстыкі роду Гарэцкіх аўтар ужывае яшчэ адзін вобраз-архетып - дрэва. У славянскай міфалогіі дрэва (Дрэва Жыцця) паўстае сімвалам светабудовы, што таксама з’яўляецца надзвычай трапнай аналогіяй для ацэнкі гістарычнай ролі, якую выконвае гэтая сям’я ў жыцці беларускай нацыі.

Згаданую ў разгледжаным творы метафару глыбіняў В. Зуёнак развівае ў вершы 2013 г. Назва “Глыбіні” звязана з прафесійнай дзейнасцю Радзіма Гаўрылавіча - вядомага беларускага геолага, доктара геолага-мінералагічных навук. Аднак побач з літаральнай семантыкай у мастацкім тэксце рэалізуюцца і іншыя сэнсы (глыбіні гісторыі, глыбіні духоўнасці, глыбіні культурнай памяці):

Надзяліў Бог нябеснымі крыламі,
Каб у нетры зямныя ўглядзецца
Мог з вышыняў Радзім Гаўрылавіч –
Акадэмік з роду Гарэцкіх.
Хай гісторыкі звоняць шчытамі –
Ходзіць лёс яго ў іншых пастронках:
Ён зямлю, нібы кнігу, чытае –
Пласт за пластам гартае старонкі.
Чым багатыя нашы глыбіні,
Ён высвечвае, як на рэнтгене.
- Не! - такая зямля не згіне! –
Так сцвярджае Гарэцкіх Геній!

Адна з сэнсавых дамінантаў мастацка-вобразнага свету В. Зуёнка - аксіялагічная апазіцыя зямля - неба, знітаваная з матывам паяднанасці дзвюх стыхій у чалавеку, - атрымала ўвасабленне ў творы праз вобраз “нябесных крыл”, якім падкрэсліваецца абранасць асобы героя і яго роду, апантанасць уласнай, зямной, працай, што і абумоўліваюць добры плён.

Радзім Гарэцкі згадваецца і ў вершы “Хто ты, мой народ?..” (2001). У адрозненне ад разгледжаных мастацкіх тэкстаў, пафас гэтага твора дыяметральна процілеглы: “Хто ты, мой народ? Ці ты ёсць? - альбо не? / Хто я, мой народ, калі я цябе страціў? / Вякамі нязбытнасць дратуе і гне, /І чыняць свой баль чужакі ў нашай хаце... // Суседзі: хто ўдарыць, а хто штурхане, - / Ці мала ўсялякіх наўкол супастатаў... / А ты ўсё трываеш - жывы - у труне, -/Я - крыж над табою з душою распятай”. Верш адначасова вельмі асабісты і літаратурна-традыцыйны: вобразы раскрыжаванай душы, краіны паміж сумнеўных суседзяў, недагледжанага Беларускага Дому неновыя для нацыянальнага слоўнага мастацтва. Як уяўляецца, іх ужыванне толькі падкрэслівае драматызм сітуацыі, што выклікае трывогу паэта, наводзіць на думкі пра непазбыўнасць і тупіковасць Беларускага Шляху. Змешчаны ў пакуль не выдадзенай кнізе “Вертыкальныя рэкі святла”, “верш сутоку тысячагоддзяў” разам з іншымі творамі грамадзянскай лірыкі ілюструе душэўны стан мастака на мяжы эпох і выяўляе балючы роздум над праблемамі гістарычнага бяспамяцтва, нацыянальнай непраяўленасці, бязмоўнасці народа, стану краіны ў эпоху духоўна-сацыяльнага хаосу.

Каб давесці зняважанаму суседзямі беларусу яго вартасць, яго геаграфічнае прадвызначанае права на “пачэсны пасад між народамі” Еўропы, паэт апелюе да аўтарытэту спецыяліста-землязнаўцы - Радзіма Гарэцкага: “Стаю (так засведчыў Гарэцкі Радзім / Разлікам вучоным) у цэнтры Еўропы, / Крычу і гукаю: няўжо, ты зблудзіў /І ў цэнтры Еўропы брыдзеш чарнатропам... // Няўжо, ты не бачыш дарогі людской, / Ці вочы твае хтосьці прывідна засціў: / То блісне планіда, як стронга луской, / То зноў у вірах захлынаецца шчасце... // У вочы твае я гляджу не здаля - / Iўсё, як пазначана лёсам, прымаю... / Хто ты, мой народ, - людзі скажуць пасля. / Хто я? - Без цябе проста сэнсу немаю...” Біблійная падсветка надае адпаведныя ідэйна-сэнсавыя адценні: вобраз паэта, які застаецца з народам у любых умовах, імкнецца прасвятліць яго, трансфармуецца ў вобраз прарока, аднак пры гэтым не ўзвышаючыся, застаючыся блізкім і дасягальным.

Трагічныя моманты біяграфіі двух нацыянальных прарокаў Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага, успаміны пра іх заўчасна абарваныя жыцці пераасэнсоўваюцца ў вершы “Прадчуванне” (1998). “То ўноч прымроіцца Гарэцкі, / То ўдзень - Купалаўскі пралёт... // І голас просіцца пагрэцца, / А ўсцяж і ўглыб - калымскі лёд. // Лёд - і на сэрцы, і ў краіне, / Дзе бог - вусаты вартавы... / I голас... - быццам ва ўспаміне, / Але як сённяшні, жывы... Н Што ў гэтым голасе? I чый ён? / Ці гэта прадчуванне зор - / І лёс чырвонай Кампучыі / Занёс над геніем тапор?..” Разрозненыя алюзіі звязваюцца ў адзінае мастацкае цэлае матывам трывожнага прадчування - магчымасці паўтарэння трагічных эпізодаў беларускай савецкай і сусветнай гісторыі ў сённяшнім свеце.

Вынікам роздумаў В. Зуёнка над беларускай сучаснасцю стаў твор “Пра сябе, як пра нас...” (2012): «Я МНОГАЕ ПЕРАДУМАЎ/ За свой некароткі век: / Адкуль карэнні паглуму / Растуць твае, чалавек? // Не той чалавек, безаблічны, / Што ёсць і яго няма, / Не выкапень дагістарычны, / Што недзе ў вяках задрамаў. <...> // Я пра сябе, хто з усімі / Зліўся ў адзіны паток, - / Таму ' і крычу штосілы: / “З сябе пачынай, браток!.!’» Маштабнасць праблематыкі, спалучэнне публіцыстычнасці і філасафічнасці, актуалізацыя нацыянальнай ідэі, шырокі гістарычны фон, што ствараецца за кошт згадак слаўных падзей і асоб мінулага, а таксама праз апеляцыю да слова выбітных літаратурных папярэднікаў, дазваляюць гаварыць пра твор В. Зуёнка як пра ўзор сучас- нага паэмнага жанру.

Невялікая паэма мае падзагаловак “Абярог - з душапрысутнасцю двух Максімаў: Багдановіча і Гарэцкага”. “Душапрысутнасць” класікаў выяўляецца праз эпіграфы, якія вызначаюць агульны фон і надаюць адносную ідэйна-сэнсавую завершанасць кожнаму з трох раздзелаў (раздзел адкрываецца двума эпіграфамі, усяго іх шэсць). У першай частцы ажыццяўляецца мастацкае асэнсаванне праблемы “асоба ў гісторыі”, “кіраўнік і народ”. В. Зуёнак, зыходзячы з уласнага адчування гістарычнага моманту, змрочна адгукаецца на Купалава спадзяванне, выказанае ў “Песні будаўніцтву” (1931): “Прыйдзе новы - а мудры - гісторык, / А ён прыйдзе - ужо ён ідзе...” (купалаўскія радкі ўключаюцца ў аўтарскі тэкст). Згодна з паэтам-сучаснікам, спадзяванні нацыянальнага прарока пакуль не спраўдзіліся...

Праблема самаідэнтыфікацыі беларуса, чыя “псіхіка... не хоча нават і звацца псіхікай маскоўцаў” (М. Гарэцкі), - мікратэма другой часткі. Паэт, прыводзячы моцныя аргументы і неабвержныя факты ў якасці доказаў, уступае ў завочную палеміку з нябачным апанентам, які адмаўляе нацыянальную адметнасць беларусаў. Дзеля абгрунтавання відавочнага, але, на жаль, нябачнага для некаторых, аўтар робіць экскурсы ў мінулае (тэма гісторыі, заяўленая ў першым раздзеле, паслядоўна развіваецца ў наступных):

Пасведчыце: Глеб з Усяславам,
I Вітаўт з Міндоўгам, - былі! –
Былі ў нас - і меч, і дзяржава, -
Як здаўна ў людзей на зямлі.

У паэме актуалізуецца дыхатамія мінулае - сучаснасць, першы складнік якой утрымлівае станоўчую канатацыю, другі - адмоўную. Сканцэнтравана ў паэтычным радку выяўляюцца актуальныя ў нашы дні праблемы: эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, моўныя.

Васіль Зуёнак выступае віртуозным палемістам, выкарыстоўваючы багаты мастацкі інструментарый. Розныя рытмічныя малюнкі асобных фрагментаў (пачатак новага сэнсавага фрагмента пазначаецца шрыфтавым вылучэннем), іх неаднолькавая эмацыйная афарбоўка, слоўная гульня і каламбур, ужыванне іншамоўнай лексікі, пераважна русізмаў, надаюць аўтарскаму аповеду то іранічнасць і нават саркастычнасць, то засяроджаны філасафізм, то гарачую публіцыстычнасць. Паэт заклікае кожнага пачаць нацыянальнае адраджэнне з сябе: «Пачнём! - усё пачынаецца, / Калі дажджынкамі “я” / Ў магутнае “мы”зліваюцца - / Адзінствам: краіна - сям’я».

Заключная частка - своеасаблівая паэтычная праграма дзеянняў па адбудоўванні будучыні Беларусі: «ПАЧНЁМ ЖА з дробязі самай: / Хай дзеці ў вас прызвычаяцца / Замест “С добрым утром, мама” / Штодня гаварыць “Добрай раніцы”...» Твор “Пра сябе, як пра нас...” інтэртэкстуальны па сваёй прыродзе. Акрамя эпіграфаў, прысутнасць чужога слова рэалізуецца на ўсіх узроўнях: тэкст насычаны гістарычнымі і літаратурнымі алюзіямі і рэмінісцэнцыямі, адсылкамі да асоб і падзей мінулага і сучаснасці. Прынамсі, у памагатыя сабе, апроч Багдановіча і Гарэцкага, аўтар бярэ Анатоля Вялюгіна і Максіма Танка, чые паэтычныя радкі ўзнаўляюцца ў творы. Фінал паэмы, яе кульмінацыйны момант, уяўляе сабой малітву за будучыню беларускай нацыі, якая немагчыма без мовы:

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых...

I сёння, калі перад лёсам стаім, -
Я таксама, таксама – малюся
I прашу: памажы нам, Бог...
Слова маці - душа Беларусі,
Наша існасць і наш абярог...

Інтэнцыя паэмы-абярога сугучная выказаным у эпіграфах “развагам і думкам” Максіма Гарэцкага - класік айчыннай літаратуры, разам з братам і пляменнікам, невыпадковы ў Зуёнкавай галерэі выбітных асоб. Першапраходцы ў справе нацыянальнага самаўсведамлення і гуртавання айчыннага інтэлектуальнага асяродку, аўтары выдатных мастацкіх твораў і навуковых прац у розных галінах ведаў, Гарэцкія справядліва засведчылі сваё ганаровае месца не толькі ў паэтычным пантэоне Васіля Зуёнка, але і ў нацыянальнай гісторыі і сучаснасці, на якіх заснавана будучыня.