Ірына Часнок

Інтэрферэнцыя летапіснай стылізацыі і раманнага аповеду ў “Камароўскай хроніцы” Максіма Гарэцкага

Пісьменнік М. Гарэцкі — надзвычай яскравая і важная постаць у беларускай культуры, з няпростым, трагічным лёсам. Аўтар, захоплены нацыянальнай літаратурай, імкнуўся стварыць разнастайнасць у айчыннай прозе, спяшаўся даць чытачу-беларусу ўзоры розных жанраў. Такая ж шматграннасць назіраецца і ў наратыўнай культуры М. Гарэцкага, чыя творчасць увабрала ў сябе вельмі розныя аповедныя тэхнікі.

“Камароўская хроніка” — найбольш складаны мастацкі тэкст пісьменніка ў жанравым плане. Гэтаму твору было аддадзена шмат увагі даследчыкаў. У пасля-савецкім гарэцказнаўстве да аналізу кампазіцыі “пяцікніжжа” звярнуўся М. Мушынскі. І. Чыгрын адзначыў істотную сувязь “Камароўскай хронікі” з папярэднімі творамі пісьменніка. Л. Корань (Сінькова) падкрэсліла парушэнне эпічнай дыстанцыі праз асабістасць і біяграфічнасць.

Нягледзячы на той факт, што М. Гарэцкі не паспеў здзейсніць усе свае задумы па дапрацоўцы “Камароўскай хронікі”, можна пагадзіцца са словамі А. Адамовіча, што гэты тэкст цэласны і нават мае эстэтычную завершанасць. Адметны ён і ў плане нарацыі.

У цэнтры любога наратыву знаходзіцца пэўная гісторыя. У дадзеным выпадку ў творы вылучаецца гісторыя Камароўкі і камароўцаў — як агульнай супольнасці, а таксама гісторыя Задумаўскай сям’і (Ганны, Лявона (Кузьмы), Лаўрыка, Марылькі і інш.) — больш прыватная. Аб’ектам нарацыі выступае мінулае. У пачатку “Камароўскай хронікі” наратар (пасярэднік паміж аўтарам і апавядальным светам) акрэслівае асноўнае месца — прастору, з якой звязана шмат падзей у творы. Адразу бачым аўтарскае і наратарскае імкненне падкрэсліць значнасць гэтага месца: “На адной геаграфічнай мапе, складзенай за часы Кацярыны, — значыцца, у блізкім часе пасля далучэння краю да Расіі (1772), — няма ні П’янава, ні Палянкі, хоць яны большыя за Камароўку, а Камароўка, хоць яна меншая, паказана”. Бачым узвелічэнне лакальнага.

Па летапісным прынцыпе апісваецца Задумаўскі род: як і хто ад каго нараджаўся, як жылі, якія мелі характары. Відавочнай робіцца пэўная стылізацыя нарацыі пад вясковае камароўскае маўленне, інтанацыя апавядальніка размоўная: “Яны спярша нічога жылі, сад у іх вялікі быў, а пасля збяднелі. Пасагу за жонкаю Тамаш не ўзяў, дый не давалі тады пасагу, — так пасаблялі, чым маглі: у рабоце, хлебам…”; “у Быстрыцу чуць і не аддалі, праз пасаг рассохлася”. Размоўнасць і хранікальнасць, як ні дзіўна, арганічна спалучаюцца ў творы.

Часта наратар праз прыватнае пераходзіць на агульнае — з жыцця камароўцаў на асэнсаванне таго часу ў гісторыі: “І пасля прыгону, яшчэ доўга, усе людзі жылі ў вялікай беднасці”. Пасля да гэтай высновы дадаюцца пэўныя прыватныя прыклады: дзеці Саўка і Палута былі вымушаны пайсці служыць з малых гадоў.

Увесь тэкст разбіты на датаваныя фрагменты, у залежнасці ад часу падзей, якія адбываліся. Для самога Гарэцкага і для абстрактнага аўтара ў творы важна падаць вельмі дакладную, пэўную гісторыю. Нярэдка адлік ідзе ад ці да важных гістарычных падзей. Напрыклад, “(1903—1911) Адзінаццаць гадоў. Да вайны”.

Інфармацыя падаецца наратарам з пункту гледжання асобы, падобнай да вяскоўца, жыхара Камароўкі, хоць наратар і не самапрэзентуецца адкрыта.

Разам з тым, ёсць моманты, дзе бачым, што кругагляд наратара больш шырокі: “Многія, і старыя, і хлопцы, і дзяўчаты дэкламуюць верш Мацея Бурачка, а хто напісаў — не ведаюць”. Такім чынам, сам наратар дэманструе сваё веданне.

Апавядальнік валодае той інфармацыяй, якой павінен валодаць жыхар Камароўкі: “празвалі Саўку “Тужыкам”. Што — усё аб усім тужыў”, “Другім сведкам ад паноў быў п’янаўскі мужычок Міхей Сучачка, празваны так за тое, што любіў пайсці да паноў і нашаптаць ім на людзей, каб убіцца ў панскую ласку”.

Наратар транслюе не толькі веданне, звязанае з адной сям’ёй ці нават простымі вяскоўцамі, але і тое, што тычыцца мясцовых паноў. Падрабязна пералічваюцца панскія дочкі і ў адным абзацы акрэсліваецца іх лёс. Калі б у творы не ставілася мэта такой усеахопнасці, то гэтая інфармацыя магла б падацца лішняй, абцяжарвальнай для тэксту.

У аповед, калі выкладаецца гісторыя пакаленняў сялян, уводзяцца фальклорныя забабоны. Напрыклад, калі цяжарная жанчына будзе апранацца ў чыстае — анёл прынясе яе дзіцяці чыстую душу, а калі будзе хадзіць у брудным — брудную. Распавядаецца пра сурочлівыя вочы пані Нерадзіхі.

Дзеці так хутка нараджаюцца ў “Камароўскай хроніцы”, героі так часта паміраюць (бо іх шмат, некалькі пакаленняў, некалькі сем’яў), што нараджэнне і смерць у большасці выпадкаў не з’яўляюцца падзеямі ў плане нарацыі. З пункту гледжання тэорыі, падзейнасць з’яўляецца абавязковай катэгорыяй для любой нарацыі. Саму падзею В. Шмід вызначае як змену зыходнай сітуацыі: ці знешняй сітуацыі ў апавядальным свеце, ці ўнутранай сітуацыі таго ці іншага персанажа. Паводле даследчыка, цыклічныя з’явы, да якіх усе прывыклі, у наратыве да падзей не адносяцца.

Памірае Мар’ечка, сямігадовы Раман, першая Ганніна Марынка… Паказаны бясконцы шэраг смерцяў. Памірае Кузьма Батура, Адарка Бондарыха; “…чалавек сем памёрла — хлопчыкаў і дзяўчат” (чалавек сем — падкрэсліваецца звыкласць).

Хтосьці нараджаецца, а хтосьці адыходзіць у іншы свет. Адзін з раздзелаў нават мае назву “Смерць Ляксейкі і Аўгінніна вяселле”. Усе такія здарэнні — звычайны ход жыцця, яны не нясуць асаблівай перамены для астатніх. Перадача ж гэтага жыццёвага цыкла ў Камароўцы, паводле А. Адамовіча, служыць паэты- зацыі сялянскага роду. Сапраўды, у творы М. Гарэцкага гучыць адсылка да міфалагічнага, цыклізаванага ўспрыняцця часу.

У цэлым жа “Камароўская хроніка” — выдатны прыклад дакументальна- мастацкай формы, так званай “непрыдуманай” літаратуры. У аўтабіяграфічных творах гаварыць пра “смерць аўтара” (паняцце Р. Барта) або пра абсалютную незалежнасць наратара ад поглядаў пісьменніка не выпадае. І, канешне, калі прататыпам Лявона (і Кузьмы) з’яўляецца сам Максім Гарэцкі, то і атрымліваем у выніку пункты гледжання наратара і аўтара — як ацэнку сябе збоку, успрыняцце і аналіз свайго жыцця, паводзінаў, учынкаў звонку.

Калі ў аповед уводзяцца Лявон (ён жа Кузьма), Лаўрык, Марынка, маці Ганна — ім адводзіцца больш увагі ў тэксце, як іншым персанажам. Нават Пракопу (Марціну), роднаму брату пералічаных герояў, наратар не надае столькі ўвагі.

Лявон 11-гадовы, Лявон, якому ўжо 16-ы год ішоў… А вось ён ужо захапіўся беларускай мовай, друкуецца ў “Нашай Ніве”, працуе каморнікам, ідзе па прызыве, ваюе 10 месяцаў, хварэе, уладкоўваецца на сталую працу ў газету... Бачым сталенне ключавых герояў, усё іх жыццё.

Часам хранікальнасць і фіксаванне асобных момантаў прыводзіць да вельмі адметнай выбаркі, калі акцэнтуецца ўвага на момантах, здавалася б, нязначных у эпічным паказе. Напрыклад, Лявон чуе, як настаўнік Мудрык агучвае слова “рэспубліка”, а людзі пачулі як “рэж публіку”. Яго брат Лаўрык атрымаў у школе 5 за работу па творчасці Пушкіна… Сам М. Гарэцкі падчас напісання твора карыстаўся ўласнай памяццю ў якасці першакрыніцы, а не столькі мастацкай выдумкай. І гэта прывяло да такога, на першы погляд, даволі суб’ектыўнага, калейдаскапічнага адбору інфармацыі ў агульным панарамным малюнку.

Не забываецца наратар зафіксаваць нават гісторыі герояў, якія не нясуць для Камароўкі нічога важнага: Хвядос Рагавы з маткай прыязджаюць у вёску ў госці. А далей наратар абавязкова раскрывае іх лёс: “Пасля таго паехаў ён у Сібір. Жыў у Хабараўску, у Благавешчанску, перабраўся на Сахалін і там і пагінуў (1928)”. У такіх фрагментах іншыя месцы, апрача Камароўкі, падаюцца пункцірна.

Але далей у тэксце прастора па-сапраўднаму пашырыцца, калі за межамі вёскі ўжо апынуцца цэнтральныя персанажы. Наратар перамяшчаецца ў Пскоў і іншыя гарады ўслед за Кузьмой. У тэкст уключаецца дзённік Пракопа — з Каўказа.

Надзвычай важнымі элементамі з’яўляюцца ўстаўкі з дзённікаў герояў, лісты. Яны ўжо дазваляюць пабачыць персанажаў не з пункту гледжання наратара, які глядзіць звонку, а пабачыць кожнага з іх знутры, не з пазіцыі часавай дыстанцыі — а з пазіцыі моманту. Гэта дае магчымасць паказаць жыццё ў розных ракурсах.

Хранікёрам фіксуецца не толькі асноўнае ў жыцці вяскоўцаў, але і пэўныя дэталі, якія дазваляюць яшчэ бліжэй пабачыць той час і герояў: які каму далі пасаг, прычынна-выніковыя сувязі пэўных падзей і паводзінаў, колькі калі было сена, колькі пудоў жыта пасеялі, як у які перыяд ішла гаспадарка, колькі вучняў Лаўрыка паступіла вучыцца далей.

Часам увага наратара канцэнтруецца на якімсьці пэўным персанажы, калейдаскапічна пераходзіць да іншага; а часам, каб даць больш агульную карціну ці нагадаць пра астатніх герояў, наратар дае звесткі пра многіх запар у дадзены перыяд: “Жыў Кузьма ў дварэ ад 3 красавіка да 20 траўня. Бацька быў у Князеўшчыне, Лаўрык вучыўся ў Нізінках, Марынка — у Раздзеле, а Рамана з Бабруйску перагналі ў Менск”.

Абавязкова адзначаецца наратарам, як пэўныя гістарычныя падзеі адбіваліся на лёсе Камароўкі з яе жыхарамі. Называюцца імёны тых, каго прызывалі падчас вайны, фіксуюцца даты.

Найбольш поўна раскрыты ўнутраны свет Лявона (Кузьмы). Напрыклад: “Сэрца яго ныла па Марусі ці па адсутнасці ідэалаў і ад свядомасці, што робіцца ён грубей, гадзей і драбней”. Але і іншыя персанажы раскрываюцца наратарам таксама часам з даволі прыватнага боку. Напрыклад, Лаўрык сніць, што Надзея, якая яму падабаецца, пайшла ў манашкі; пасля паказаны пачатак яго стасункаў з Варай; перададзена, як Марылька знаходзілася ў пошуках сябе.

У частцы трэцяй (1917—1921 гг.) наратар зноўку асвятляе жыццё братоў па чарзе. “Старэйшы брат, Раман, быў у Смале…”; “Другі брат, Кузьма, якому зраўнялася 24 гады”; “Трэці брат, Пракоп, якому зраўняўся 21 год”; “Чацвёрты брат, Лаўрын, якому канчаўся 17-ты год”; “Марынка, якой ішоў 15-ты год”. І апавядаецца, як хто з герояў прыняў рэвалюцыю.

Калі Лаўрык, хоць і хацеў, але не напісаў у газету пра дрэнны водзыў з гімназіі Марынкі, “бо не было падмазкі” ў яе, наратар адзначае: “Шкода, што не напісаў”. Відавочна, што ён глядзіць на падзеі і ацэньвае іх з вышыні гадоў.

Падбіраюцца і моманты, якія ў цяперашнім часе падаліся б чалавеку нязначнымі, але пасля пэўных падзей пераасэнсоўваюцца. Наратар апісвае забаўку Кузьмы і яго сястры Марынкі, калі яны відэльцам дзялілі кавалак курыцы: чый кавалак адламаецца — той раней памрэ. І гэты момант важны, бо ўсёведны наратар прадбачыць, што Марынка загіне.

Дзённік Марынкі, нататкі Лаўрыка, Пракопаў дзённік, уключаныя ў тэкст хронікі, паказваюць, чым жывуць героі. Матчын ліст, Марынчыны лісты, лісты да Кузьмы аднавяскоўцаў — уключаецца найбольш дарогае самому пісьменніку-асобе.

Калі ідзе аповед пра Кузьму, даведваемся, якім чынам яго пасадзілі ў турму. Паказана не толькі тое, што адбылося, але наратар падае і інфармацыю, якая стала вядомай самому М. Гарэцкаму пазней, напрыклад, у чым канкрэтна Кузьму абвінавачвалі палякі: “1) Змова з мэтаю перавароту; 2) шпягоўская баявая арганізацыя” і г. д. Для наратара важна данесці гэта і праз пэўны час пасля падзеі.

Вышэй мы адзначалі, што смерць у пераважнай большасці выпадкаў у “Камароўскай хроніцы” не з’яўляецца падзеяй. Але ёсць выключэнне. Яшчэ А. Адамовіч заўважыў, што ўсё ў творы мяняецца, паказана зусім інакш, калі ідзе гаворка пра Марынку.

Прататыпам гераіні была родная сястра М. Гарэцкага Ганна, якая трапіла пад трамвай. Зноў жа — досвед самога пісьменніка паўплываў на наратыўныя інстанцыі (абстрактнага аўтара і наратара). Паколькі для Гарэцкага смерць сястры стала незагойнай ранай, і ў творы наратарам надаецца шмат увагі вобразу Марынкі, асабліва яе смерці. І ўжо згаданы эпізод з варажбой “хто раней памрэ”, і яе сон, калі гераіня бачыць дзве пустыя труны і мёртвую сям’ю. І стаўленне да яе студэнтаў, і верш-эпітафія, уключаны ў твор… Фіксуецца дата, калі гераіні паставілі помнік на могілках. Увага надаецца і таму, як хто ўспрыняў заўчасную смерць дзяўчыны. Гэтая трагедыя ўплывае глыбока і на Кузьму, і на Лаўрыка, і на іншых персанажаў. “Марылю ўва сне шукаю”, — разважае Лаўрык. Чытаем ліст ад Лаўрыка, дзе ён піша да Кузьмы, як схадзіў на могілкі ў той дзень, калі па Марылі было акурат пяць гадоў.

І наратар, які быццам збоку падае інфармацыю, і ў час усяго астатняга аповеду быў імпліцытным, недыегетычным (у класіфікацыі В. Шміда), не вытрымлівае ды сам звяртаецца да памерлай: “А ты, Марынка, вечны спакой табе, любая, трагічная дзяўчынка!”.

Яшчэ раз адзначым, што да ўсяго памятнага, звязанага з Марынкай, і сам пісьменнік, і наратар, і абстрактны аўтар, які адказвае за ўсю сутнасць тэксту, ставяцца надзвычай уважліва. Напэўна, таму апавядальнік узгадвае, як Кузьма па дарозе з Марынчынай магілы падцягнуўся на турніку перад маці. І наратар разважае, навошта ён гэта зрабіў, быццам сам шкадуе пра недарэчны ўчынак, неадпаведны моманту.

Моўнае пытанне важнае і для героя Кузьмы, што цікавіцца ўсім беларускім і ўдзельнічае ў беларускім адраджэнскім руху, і для наратара, калі ён агульна і панарамна паказвае, як сяляне рэагавалі на пераход школы на беларускую мову.

Пад канец недапісанага твора ў Кузьмовых нататках з’яўляецца ўсё больш абрывістасці і фрагментарнасці:
“Сусед. Бываліха. Крутагорскі.
Настаўнік з Варны. Жонка цяжарная.
Змена суседа. Кулакі. Прозвішчы. Клапы, вада, хлеб. Лесапілка. Яблыкі, сад. Друкарня. Акно. Нямецкая кніжка, Торглер”. Безумоўна, тут і стан самога пісьменніка падчас напісання твора, пагаршэнне яго становішча паўплывалі на нарацыю ў “Камароўскай хроніцы”. Аднак адмысловае спалучэнне інтанацый спрадвечнага эпасу і ўжо сучаснага псіхалагізму прачытваецца на працягу ўсяго твора.

Такім чынам, адметнасць нарацыі дакументальна-мастацкай “Камароўскай хронікі” вызначаецца наступнымі рысамі:
1) Кузьма (Лявон), прататыпам якога быў сам пісьменнік М. Гарэцкі, мае абмежаваны пункт гледжання ў творы, а наратар — неабмежаваны. Нягледзячы на стылізацыю і адбор з пункту гледжання наратара як аднавяскоўца-сведкі (хоць ён і экспліцытны), у тэкст уведзены ацэнкі з пазіцыі часавай дыстанцыі;
2) у творы бачым спецыфічную выбарку момантаў, якія абіраюцца часам узважана, а часам і проста па плыні памяці, асацыятыўна;
3) паслядоўнае ўзвелічэнне лакальнага;
4) запаволенасць аповеднага рытму ў адны моманты (калі ідзе гаворка пра роздумы Кузьмы, пра Марынку, пра Лаўрыка; хуткасць у іншыя (калі апісваюцца радаводы, канстатуюцца звесткі пра вяселлі, нараджэнне, пэўныя смерці);
5) прыём калейдаскапічнасці, шырокая часавая і прасторавая панарама надаюць тэксту сапраўднае эпічнае гучанне;
6) нараджэнне і смерць часта не з’яўляюцца ў творы падзеяй у тым сэнсе, як падзею разумеюць у нараталогіі;
7) нягледзячы на тып наратара-хранікёра, аповед нельга назваць цалкам аб’ектыўным і неэмацыйным;
8) уключэнне лістоў і дзённікавых запісаў ускладняе наратыўную арганіацыю тэксту, аднак цыклічнасць нарацыі ў “Камароўскай хроніцы” (паслядоўнае чаргаванне розных яе тыпаў) аб’ядноўвае ўсе часткі, пераўтварае ў адзінае цэлае;
9) нараталагічны аналіз пацвярджае выснову А. Адамовіча пра цэласнасць і эстэтычную завершанасць “Камароўскай хронікі”, нягледзячы на той факт, што пісьменнік не паспеў здзейсніць усе свае задумы па дапрацоўцы гэтага твора.

У “Камароўскай хроніцы” вылучаецца новая для беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст. наратыўная стратэгія — інтэрферэнцыя летапіснай стылі- зацыі і раманнага аповеду.