Вольга Губская

Максім Гарэцкі — па-руску

28 лістапада ў Доме Масквы пры падтрымцы «Рассупрацоўніцтва» адбылася прэзентацыя кнігі Максіма Гарэцкага «Родные корни. Избранное» ў перакладзе на рускую мову Ідаліі Кананец (выдавецтва — «Выдавецкі дом «Звязда»»).

Прыемна адзначыць зацікаўленасць творчасцю М.  Гарэцкага з расійскага боку. Выконваючы абавязкі Старшыні Федэральнага агенцтва «Рассупрацоўніцтва» Рэспублікі Беларусь Віктар Мічурын прызнаўся, што з цікавасцю слухаў аповесць «На імперыялістычнай вайне» ў выкананні Алега Вінярскага, а са з’яўленнем рускамоўнай версіі твора з асалодай прачытае яго.

Імпрэзу наведалі літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Міхась Кенька, Ганна Запартыка, Ірына Муфель і, вядома, нязменны кіраўнік Фонду братоў Гарэцкіх Радзім Гарэцкі.

На жаль, перакладчыца кнігі Ідалія Кананец не змагла прыехаць на прэзентацыю, але даслала вестачку ад сябе — «Слова перакладчыка да прэзентацыі кнігі Гарэцкага «Родные корни»» — каштоўны літаратурны ўспамін пра тое, як праца над творамі М.  Гарэцкага змяніла яе жыццё. Пачалося гэта, як адзначае І. Кананец, у 1987 годзе з ліста ад «Мастацкай літаратуры»: «Да гэтага часу я ўжо ведала і ўсёй душой разумела і прымала Гарэцкага, але нават не сніла, што мне даручаць перакладаць класіка. (…)

Пасля выхаду ў свет «Выбранага» вырашыла пазнаеміцца з Галінай Максімаўнай Гарэцкай. Гэта знаёмства перерасло ў сяброўства: сустрэчы ў мяне і ў яе, дні народзінаў, абмен кнігамі, ледзь не штотыднёвыя тэлефонныя размовы, яе лісты, калі яна ад’язджала ў Мінск, і падараваныя ёю кнігі (чатырохтомнік Гарэцкага і дадатковы да яго аднатомнік, кніга «Апавяданняў» яе маці, пісьменніцы Леанілы Чарняўскай, кніга яе брата «Лісты з фронту», яе ўласная кніга) — і ўсё гэта з чуллівымі надпісамі і «вялікай удзячнасцю».

Сяброўства наша цягнулася да сыходу дачкі М. Гарэцкага ў далейшы незваротны шлях. Я была б нашмат бяднейшая душой, калі б не маё сяброўства з Галінай Максімаўнай».

Нягледзячы на цеплыню ўспамінаў, ліст перакладчыцы быў азмрочаны шкадаваннем, што свет убачылі не два, а адзін том твораў М. Гарэцкага.

Сюрпрызам імпрэзы стаўся фільм «Рускі», які рэжысёр Віктар Аслюк зняў па матывах апавядання «Рускі» з цыкла «На імперыялістычнай вайне».

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter