Зінаіда Драздова

Маляўнічая сіла слова

Максім Гарэцкі па праве лічыцца адным з самых вялікіх майстроў беларускага мастацкага слова. Аб харастве яго мовы справядліва гаварылі многія даследчыкі, у тым ліку А. Адамовіч, М. Мушынскі, а таксама Н. Рандаў, перакладчык яго твораў у ГДР, рэцэнзенты «Маладняка» і «Полымя» пасля выхаду з друку першага асобнага выданння аповесці «Ціхія песні» (1926) (так спачатку назваў Гарэцкі аповесць; у другім выданні (Мн., 1930) гэты твор ужо мае назву «Ціхая плынь»). Так, А. Лясны пісаў: «Стыль кніжкі арыгінальны, добры і лёгкі, а мова багатая і так блізкая да народнай беларускай мовы, як бадай ні ў аднаго з нашых пісьменнікаў».

І сёння цікавасць да творчасці М. Гарэцкага не спадае ў чытачоў і пісьменнікаў. Значэнне і прывабную сілу літаратурнай спадчыны празаіка імкнуцца спасцігнуць і многія сучасныя паэты. Захоплена піша пра Гарэцкіх у вершы «Чытаю Гарэцкіх» вядомы паэт Анатоль Вярцінскі:
Чытаю Гарэцкіх
Максіма, Гаўрылу, Радзіма...
Вось дзіўнае дзіва!
Чытаю Гарэцкіх
Гаўрылу, Радзіма, Максіма...
Вось слова! Вось сіла!
<...>
Чытаю Гарэцкіх
Тут нашае радасць і гора...
Чытаю Гарэцкіх
Тут нашы сёння і ўчора.

Анатоль Вярцінскі паэтычна асэнсоўвае вялікі ўнёсак Гарэцкіх у славу роднай Бацькаўшчыны, у яе духоўнае адраджэнне, магутную сілу іх слова, іх барацьбу за росквіт нацыянальнай культуры і навукі.

У 2008 годзе выйшла вялікае манаграфічнае даследаванне прызнанага беларускага даследчыка, літаратуразнаўцы, члена-карэспандэнта НАН Беларусі М. Мушынскага «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага», падрыхтаванае да 115-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, у якім зроблены аналітычны разгляд жыцця і творчасці пісьменніка, па-новаму прачытваецца «малая» і «вялікая» проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка і гісторыка-літаратурныя працы, ацэньваецца яго роля ў станаўленні нацыянальнай свядомасці, асэнсоўваецца грамадска-культурная, асветніцка- педагагічная дзейнасць. М. Мушынскім шмат зроблена ў кнізе, каб, кажучы яго словамі, «напоўніць паняцці класік беларускай літаратуры, пісьменнік-наватар, выдатны майстар слова больш канкрэтным зместам дзеля таго, каб яшчэ выразней бачылася па-сапраўднаму маштабная, эпахальная постаць, непаўторная асоба пісьменніка-грамадзяніна, мастака-адраджэнца, які, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы жыцця і трагічныя выпрабаванні, што выпалі на яго долю, узняў нацыянальную літаратуру на новы эстэтычны ўзровень, унёс неацэнны ўклад у развіцццё духоўнай культуры беларускага народа». Аднак, на наш погляд, мове твораў М. Гарэцкага ў працах літаратуразнаўцаў удзялялася пакуль што малавата ўвагі. Таму тут мы і спынімся коратка на пытаннях майстэрства пейзажу, дыялогу і партрэта ў аповесцях Максіма Гарэцкага «Меланхолія» і «Ціхая плынь» і ў некаторых апавяданнях.

Названыя аповесці змяшчаюць у сабе мноства чароўных пейзажных малюнкаў роднай Беларусі. Прыродныя вобразы займаюць вялікае месца і ва ўспамінах галоўных герояў гэтых твораў Лявона і Хомкі, дзе яны такія ж значныя, як і людзі. У такім разе пісьменніку важна стварыць пэўны настрой, выкліканы і падфарбаваны ўспамінамі. Адзін з раздзелаў «Ціхай плыні» называецца «Млявыя сненні». Пісьменнік умее перадаць атмасферу шчырай радасці і здзіўлення дзіцяці ад судакранання з прыроднымі з’явамі, разнастайнасцю іх каляровай гамы, якая змяняецца ў залежнасці ад асвятлення. У названым раздзеле пададзены эмацыянальныя карціны розных пор года, звязаныя з успамінамі маленства, — калядныя зімовыя вечары, вясновыя дні часу разліву, калі «Парыцца зямелька. Буры лес пукацца пачаў, і ўжо раскідаецца, і ўжо ўкрываецца рунню ліпкіх лісточкаў», і цёплыя летнія раніцы і вечары, і восеньскія дні, калі «мароз асеў на страсе», калі «На двары, на саломе — тая ж маразяная бель» [4, с. 10]. Жывапісныя пейзажы М. Гарэцкага раскрываюць лірычна-рамантычнае светаадчуванне героя, адзначанае пэўнай сентыментальнай летуценнасцю, незвычайнай чуйнасцю да прыгожага: «Яшчэ яно быццам да вечара дужа далёка. Ды неўзабаве кіне сонейка над лесам чырвоныя заходнія касулі, што з прыгожага, але трывожнага святла. Сплывуцца светленькія болачкі ў бліскуча-хмарныя з краёў гудкі і вялікія сярэбраныя кучы. Асвеціцца закат ціхім, супакойным роўным полымем — і лягуць пахалодлівыя цені. Звалчэе троху на дарогах пыл...».

Гарэцкі-пейзажыст імкнецца перадаць менавіта ўражанні дзіцяці з яго захапленнем дробязямі, з разгубленасцю перад невядомым, з яго пытаннямі і шуканнямі адгадак: «Хомка палахліва прыліпае ў куточку і жаласна самотнічае ў ім. Дзівуецца адтуль, што навокал ад святла лямпы — зялёны персцень і ўва ўсе бакі — залатыя касулькі. Прыплюшчыць адно вока — каснічкі растуць, бягуць далей, як жывыя. Чаму яно так? Ну чаму? Няма адгадкі, чаму... І яшчэ гэты патаемны хрупат адзаду... І вось яшчэ: чорныя цені скачуць па сценах і кутах — як бы і людзі, толькі нямыя, хоць і рухавыя, — яму страшна, ён палохаецца, але ніхто не спагадае яму. А цені, быццам спужаныя нейкім зданнём, усё бегаюць і ківаюцца... І раптам скончылася патаёмнае хрустанне, страшная чорная морда з агнявымі, кацінымі вочкамі зірнула з-пад полу... (А гэта авечцы дакучыла там і захацелася выйсці з-пад полу на волю). Жах абуяў хлопчыка...».

Краіна маленства ў Гарэцкага — краіна цудаў, таямніц, час спазнання свету, час тварэння, разгадка яго загадак.

Аўтар аповесці «Ціхая плынь» з’яўляецца песняром вольнай дзіцячай творчасці, невераемна багатай дзіцячай фантазіі, знаходлівасці і назіральнасці ў пару маленства, якое лічыць лепшай парой жыцця. Маленства — час адкрыцця, творчай радасці. Гэта пара, піша Гарэцкі, «на якую не варта забывацца. Хто счарсцвеў, пагінуў у будзёншчыне, — у дзіцячыя гады быў вялікім музыкаю, іграючы на скрыпачцы з лучынак і са струнамі з нітак. І даўлела яму, быў змысел і была радасць. Хто зрабіўся тупы, як палка, — у гады маленства з палкі вырабляў мастацкія для яго мастацкіх пачуванняў штукі: птушачак, звяроў і проста харошы кіёчак-папірашку. Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату — і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну».

Дарослыя ў большасці сваёй за мітуснёй, безліччу спраў губляюць дзіцячую непасрэднасць і шчырасць, здольнасць да выдумкі, успрымання жыцця як цуду. Але ў старасці гэтыя выдатныя асаблівасці свежых адносін да жыцця зноў вяртаюцца, і стары становіцца, як малы. Вось чаму ў Гарэцкага так цягнуцца адзін да аднаго ўнук і дзед. Вось чаму такой сардэчнай атрымліваецца іх дружба. Лявон і дзед, Хомка і дзед... «Гэты дзед — паэт у душы і вельмі ўлюбіў пару года між лета і восені, калі надыходзіць пярэкрут у прыродзе на зіму, калі ўсё расліннае даспявае, сыпле семя...».

Любімымі паэтычнымі матывамі Гарэцкага-пейзажыста з’яўляюцца матывы сыходзячага лета, перадвосеньскай светлай пары: «Любіць дзед ісці аб гэтай пары па сцежачцы, сярод зялёнай пушчы канапелек, якія тхнуць сваім п’яным пахам і патроху прадзіраюць вочкі. Любіць любавацца на фарботы залаценькай павуціны, што бліскаюць на сонцы, цягнуцца, быццам плывуць і быццам сцелюцца ад поля (дзе пажата і пусцее) на гароды (дзе густа і поўна, а ўжо смягне і ўсыхае) і дальш на чорныя гоні (дзе незабавам зачырванее рунь). Любіць дзед, расклаўшы цяпло пад асеццю і паплакаўшы ад едкага, з пахам прэлай гуменнай зямлі, дыму, доўга-доўга сядзець і бавіць час ля палыхаючых агнём плашак і грэць старыя косці». Мажорны настрой дзеда выкліканы, як бачым, залаціста-вогненнымі пахамі восені, да болю знаёмымі і роднымі пахамі зямлі і яе расліннасці. Стан яго душы гэтай парой перададзены аўтарам паўторам слова «любіць», «улюбіў».

Пейзажныя апісанні Гарэцкага нельга ўявіць не толькі без уліку каляровых адносін у прыродзе, але і без дакладнай перадачы стану паветранай атмасферы, а таксама без гукавой аснашчанасці: «Клякоча скакунец-каваль. Гудам гудзіць сіняпазалочаная муха. Трапыхаецца і снуе туды-сюды над жытам жоўценькая мятлушка».

Пладаносны час у вясковых пейзажах Гарэцкага пазначаны спакоем і цішынёй, ціхамірнасцю, нейкай нават санлівасцю і нерухомасцю паветра: «Ціха вясковая вуліца. Паснулі сланечнікі і макі. Аніводным пазалочаным лістком не варухнуцца яблынькі ці сліўкі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі, а паспелыя сліўкі густа спляліся і віснуць, чорныя, да долу».

Намаляваная словам карціна выглядае як бы застылай на палатне, выклікаючы ў душы чытача настрой мірнай задаволенасці.

Тэма беларускай вёскі ў Гарэцкага адрозніваецца паэтычнасцю матываў — маленькія парасяткі на сонейку на саломцы, вульканне галубоў, якія песцяць сваіх дзетак, вучаць іх лётаць, ластаўкі ў сінім, чыстым, цёплым бяздонні, красаванне макаў. Максім Гарэцкі, як мастак-жывапісец, робіць аб’ектам пільнай увагі ў сваіх пейзажах светапаветранае асяроддзе. Больш за тое, ён адчувае ў паветры нейкую думку: «У паветры нейкая ціхая восеньская дума. Быццам віхаецца яно: ці даць сонцу распаўсюдзіцца, абагрэць зямлю, узвесяліць дзетак і ўсё жывое і нежывое, ці то ўжо прыціснуць як мае быць гэтым восеньскім марозам — шэранню і пусціць зіму, снег і сцюжу, бо ўсё роўна аслабела сонца — свеціць, стараецца, а не можа абагрэць, як грэла ўлетку».

Чытаеш Гарэцкага — і вельмі выразна адчуваеш цяпло, сонечнае святло, пахі прыроды, радасць жыцця ўсяго жывога: «Такая ж цёплая, чыстая раніца! На падворку, дзе сонейка цалуецца з залатою саломкаю, порскаюць парасяткі рабенькія і чарнюсенькія, бы жучкі, і пярэсценькія ды іржава-рудзенькія — усе з гладзенькай шэрстачкаю, з малюсенькімі, дзяцінымі чысценькімі лычыкамі. Жартуюць, клычуць саломку. Піскнуць, брыкнуць, схопяць жменьку ў зубы і ківіль-ківіль ува ўсе бакі, круць-круць дробненькімі закруцістымі хвосцікамі. Рохкае матка іхняя ў свінарцы, каб ішлі туды, дзе яна, а ім хочацца гуляць на сонейку».

Жывёльны свет з’яўляецца неад’емнай часткай пейзажаў Гарэцкага. Кабыла, карова, авечка, сабака, нават муха, авадзень, мятлушка — намаляваны аўтарам так, што застаюцца ў памяці чытача. «На паляне хадзіла рыжая карова, скубла траву, круціла хвастом, чмыхала мордаю па баках ад мошак, разам дрыгала-тупатала нагамі, і мяла траву, і званіла балабонам.

І, паглядзеўшы на яе, можна было зусім супакоіцца і нават пачуць задаволенасць, што жыве карова сваім здаровым, нармальным жыццём».

Жывёлы ў аповесцях «Меланхолія» і «Ціхая плынь» не толькі жывуць «сваім здаровым, нармальным жыццём», але ўмеюць, як і людзі радавацца прыгажосці: «Эх, не да канца ты, паэт, сабака! Падаў цалюткі дзень на палях, лясах і сенажацях, радуючыся хараству прыроды і сабачага жыцця. А цяпер во забыўся ты на ўсё і, падцягнуўшы, як хорт, бруха, шукаеш скарынкі хлеба ў брудным свіным цэбры, глыбока макаючы і пэцкаючы сваю морду...».

З самага пачатку творчага шляху Максім Гарэцкі клапоціцца аб якасці слова, адбірае ў дыялогах словы, якія з найбольшай сілай выяўляюць адметнасць чалавечага характару. У гэтых аповесцях многія старонкі застаюцца ў памяці, уражваюць глыбокім псіхалагізмам. Цудоўна выпісана, напрыклад, сцэна нечаканага наведвання школы айцом благачынным. Вучань Хомка, настаўнік, айцец-рэвізор — кожны з гэтых трох персанажаў паўстае жывым і непаўторным. Характар кожнага адгаданы і паказаны як мага лепш. Партрэт папа намаляваны асабліва ярка, чаму ў немалой ступені садзейнічаюць яго моўныя паводзіны. Паводле горкаўскага запавету «гутарцы, галасам трэба зрабіць маленькае апісанне абставін, а таксама даць нарысы твараў, фігур людзей, якія гутараць», растлумачыць «дзе гавораць і хто гаворыць» [5, с. 356], Гарэцкі і знаёміць нас з героямі: «Адчыняюцца дзверы, лятуць лёгкія камы сцюдзёнае пары, і ўвальваецца здаравенная, грубая і даўгаполая папоўская постаць. Спалоханы настаўнік кумільгам злятае з печы і кідаецца з далонямі, падстаўленымі жменькаю, атрымаць блаславенне. Але айцец-рэвізор спачатку моліцца на абраз і ўжо тады бласлаўляе настаўніка. Настаўнік цалуе яму руку і асцярожна-асцярожна, баючыся смялей даткнуцца, сцягвае з яго за рукаў хутру. Дзеці не ўлучылі ўсхапіцца разам, як муштраваў іх загадзя, у сваім часе, настаўнік, і цяпер стараюцца кожны па-свойму паправіць бяду».

Душэўная недалікатнасць айца-рэвізора, палахлівая ліслівасць настаўніка перад рэвізорам і здрадлівая нянавісць да вучняў, якія ў такім нявыгадным святле паказваюць яго школу, асабліва выразна паўстаюць з дыялогу, у якім важная роля адводзіцца зрокаваму вобразу сцэны, мастацкай дэталі. Тое, чаго больш за ўсё баіцца настаўнік, адбываецца. Айцец благачынны тыкае пальцам «якраз у нашага беднага Хомачку.
— Первагоднік гэта, ваша высокапрападобіе! — забягае наўперад устрывожаны настаўнік і з ненавідасцю паглядае на свайго няўдалага вучня.
Хомка сапе, пазірае з-пад лобу і пачынае дрыжаць дробнай дрыготкай, як высілены конь у аглоблях

.— Эх ты, брат, труса гоняеш..., не бойся, не б’ю! — жартліва кажа яму рэвізор. — Ну-тка, этава да, што ты там чытаеш? — б, л, а — бла? Ну, прачытай жа мне, мой друг, б-л-а-бла!».

Хрысціянскае пачуццё любові павінна было б падказаць свяшчэнніку, каб ён пакінуў перапалоханага хлапчука ў спакоі, заняўся з іншымі вучнямі, аднак гэтага не адбываецца: «І ізноў прыступае да Хомкі, чэпіцца да яго, як смала, бярэ яго на мукі
: — Як тваё, братуля, імя?
— Хомка! Хомка! — падказвае нехта, шэпча, але ў Хомкі рот запячатаўся нясходнай нямотаю
. — Хомка ён! — раптам і бойка гаворыць адзін хлопчык, павесялеўшы, і бегае сваімі смяшлівымі бакулкамі
. — Ідзі-ка стань на калені! — ласкава кажа гэтаму хлапчуку благачынны, і сам настаўнік паслушна памагае пакаранаму вылезці з-пад парты і хутчэй выканаць загад».

Як шмат страціў бы прыведзены дыялог без згадвання пра тое, як настаўнік «з ненавіднасцю паглядае на свайго няўдалага вучня», як «сам настаўнік паслушна памагае пакаранаму вылезці з-пад парты і хутчэй выканаць загад», як Хомка «пазірае з-пад лобу і пачынае дрыжаць дробнай дрыготкай, як высілены конь у аглоблях».

У адлюстраванні вобразаў такога сацыяльнага пласта як духавенства Гарэцкі-партрэтыст карыстаецца тымі ж фарбамі, што і Паустоўскі. Своеасаблівы тон асуджэння, які суправаджае партрэт айца благачыннага, характэрны і для партрэта протаіерэя Трэгубава ў «Далёкіх гадах» рускага празаіка. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» (К. Чукоўскі) адступае і тут перад ідэяй класавай барацьбы. Паказальна, што і жыццё папярэдніка Трэгубава, протаіерэя Златавярхоўскага намалявана Паустоўскім у карыкатурна-скажоным выглядзе: «дряхлый, шепелявый и глухой», ён быў зусім абыякавым у выкладанні «Закону Божага», спаў на ўроках, пакуль клас ціха весяліўся. Галоўнай тэмай партрэта духоўных асоб і ў Гарэцкага, і ў Паустоўскага з’яўляецца нелюбоў да чалавека. «Мы ненавидели его так же холодно, как он ненавидел нас. Но церковные тексты мы заучивали на всю жизнь», — заўважае Паустоўскі, завастраючы ўвагу чытача на вузкіх пагардлівых вачах Трэгубава, залатым крыжы акадэміка, які зіхацеў на шыкоўнай расе: «После Златоверховникова Трегубов явился к нам, как карающий бог Саваоф. Он и вправду был похож на бога Саваофа с церковного купола — огромный, с широкой бородой и гневными бровями.

Трегубова боялись не только гимназисты, но и учителя. Он был монархистом, членом Государственного совета и гонителем свободомыслия. Он стоял на равной ноге с киевским митрополитом и приводил в полное безгласие захудалых сельских батюшек, когда они являлись к нему получать разнос за недостойные поступки.

Трегубов любил выступать на модных в то время религиозно-философских диспутах. Он говорил гладко и сладко, распространяя запах одеколона».

Больш мяккімі фарбамі намаляваны ў аповесці Паустоўскага партрэт каноніка Алендскага — «высокого ксендза со смеющимися глазами», які хаваў у сябе на ўроках каталіцкага «закона» праваслаўных гімназістаў. Герой-апавядальнік «Далёкіх гадоў», чалавек уважлівы і назіральны, тонка апісвае ўзаемаадносіны прадстаўнікоў гэтых розных хрысціянскіх канфесій: «Трегубов, конечно, знал, что Олендский прячет нас у себя на уроках. Но перед Олендским даже Трегубов терялся. Добродушный ксендз при встречах с Трегубовым становился изысканно вежлив и ядовит». Такім чынам, Паустоўскі даводзіў, што хрысціянскі дух любові адсутнічаў і ў сэрцы «дабрадушнага» ксяндза.

Відовішчныя элементы сцэн размоў побач з моўнымі і нямоўнымі размовамі паміж людзьмі, вельмі важныя ў дыялогах аповесцей «Меланхолія» і «Ціхая плынь». Суб’ектывізацыя рэмаркі — важная асаблівасць дыялогаў Гарэцкага. Лявон, які з’яўляецца не толькі ўдзельнікам, але і назіральнікам сцэн размоў паміж людзьмі, нярэдка дае ўнутраны каментарый адносна інтанацый і характару моўных унутраных памкненняў партнёраў: «... увайшоў другі чыноўнік, і хтосьці ў пачакальні пачціва і прыглушана азнаёміў: «Сам начальнік...»
Гэта быў даволі высокі чорнабароды чалавек з злым, але боязкім поглядам
. Ён пачуў Лявонавы словы і, ідучы, сказаў сварлівым голасам, чыста па-расійску і з нетутэйшаю, асабліваю вымоваю:
— Нікакіх там ручак не даваць!.. Была паложана, стянулі, ну так пушчай тіперь пішут пальцам.
Лявон пачырванеў, але змоўчыў.
Зараз, следам за паштмейстарам, калі ён сеў і пачаў выймаць са стала паперы, увайшла чорненькая курносенькая паненка, а за ёю чысценькі студэнцік, вельмі падобны да таго, з якім паспрачаўся Лявон на вакзале, калі ехаў з школы на працу.
— Ізвініце! — далікатна, але грэбліва сказала паненка за Лявонаваю спіною і разам з студэнцікам увайшла ў канцылярыю. — Ці можна паслаць грошы? — зусім іншым, прыяцельскім і какетліва-жартаўлівым тонам звярнулася яна да паштмейстара. — Дзень добры, пане начальнік!
— Ваш пакорны слуга! — адказаў паштмейстар, расшаркаўся, патрос ёй і студэнту ручкі і падставіў крэсла. Зараз у іх палілася мілая, вясёлая гутарка».
Лявон усё ж камплексуе з выпадку сваёй беднай вопраткі, адчувае няёмкасць за свой шэры сялянскі жупанок. Ён упэўнены, што менавіта з-за яго студэнтка грэбліва гаворыць з ім, менавіта ім выклікана гырканне паштмейстара: «Што я ў сялянскім жупанку, дык ты смела мяне зневажаеш... — слаба, вінавата, быццам шукаючы да сябе спагады і жалю, падумаў ён. — А як ты даведаешся, што я ж каморнік, дык табе будзе сорамна... А селяніна табе можна зневажаць...». Адсюль у сваю чаргу і яго непрыязныя адносіны да чорнай курносенькай паненкі і чысценькага студэнціка. Адсюль і ўчынены ім скандал на пошце.

Лявон стараецца абыходзіцца з сялянамі вёскі, у якую яго паслалі, як селянін з сялянамі. мкнецца не выдзяляцца адзеннем, аднак адчувае, што апошнія адгарадзіліся ад яго кітайскім мурам. У лісце да сябра галоўны герой «Меланхоліі» піша: «Іх дзівіць, што я хаджу ў шэрым сялянскім жупанку. Іх дзівіць, што раніцаю, калі яны прыходзяць па інструменты ісці ў поле, я вітаюся з імі за руку.

А каморнік мой меў смеласць цынічна сказаць мне: «Не смяшыце вы добрых людзей... З ручкаю не падходзьце і шэрых жупанкоў не напранайце, а то не будуць вас баяцца і яшчэ калі-небудзь, не разабраўшыся, прывітаюць вас каменем па галаве...».

Пісьменнік умее выявіць вялікую сілу выразнасці адзення. Шэры жупанок Лявона не дарэмна з насмешкай успрымаецца калегамі і з недаверам сялянамі. За гэтым стаіць пэўны фальш, гульня, таму і сам герой саромеецца яго, хоць і носіць прынцыпова. Партрэты Гарэцкага стракацяць эпітэтамі, якія вызначаюць устойлівыя якасці ўнутранага свету герояў. Многія старонкі аповесцей здзівяць нас аўтарскім уменнем бачыць за знешнім унутранае, матываваць учынкі герояў. Але тонкі аналітык чалавечай душы Максім Гарэцкі заўважыць, што не ўсе чалавечыя ўчынкі можна аргументаваць, растлумачыць. Лявон, вачамі якога падаюцца прырода і людзі, нават у сабе адкрые таямнічае, загадкавае, не аднойчы спалохаецца нейкага свайго «дурнога выбрыку».

У жанры аб’ектыўнага, эпічнага апавядання Гарэцкі дасягае вельмі значных поспехаў. Аб тым, што яму ўдалося авалодаць мастацтвам пластычнага паказу людзей, сведчыць досыць вялікі для апавядання твор пісьменніка «Зіма», дзе ён без усялякіх прыкрас малюе жыццё некалькіх пакаленняў адной сялянскай сям’і пад адной страхой. Пад яго ўмелым пяром выразна паўстае дом, яго знешні парадак і ўладкаванне і жыхары — дзед Пятрок, баба Петрачыха, нявестка з трыма дзецьмі і брат яе мужа Панас. Кожны з членаў сям’і мае свой занятак гэтым зімовым вечарам: «Дзед Пятрок, седзячы ў жупане, даплятаў лапаць і сварыўся, а баба Петрачыха касцястымі і худымі, цьмянымі, нібы ад загару, рукамі мяшала ў цэбры мякіну. Маладуха-нявехна, — белая-белая, як папера, — прала на ўслоне кудзелю і маўчала, як нямая ці якая пакутніца.
Белавалосая дзяўчынка стаяла ля полу і хлабасцінаю адганяла курэй ад кормнага вапрука, што чмякаў з жолабу, раскідаючы па зямлі каля сябе цеста.
На падлозе, у запечку, хлопчык у штоніках на матузках цераз плечы і пузатая дзяўчынка на крывых, выгнутых дугою ножках гулялі ў лялькі і то лашчыліся, то сварыліся, заціхаючы, калі дзед Пятрок пачынаў гаманіць дужэй.
— Картэўнікі! Паабедаць некалі прыйсці з гульні, а коні паіць і не думаюць. Ну, хлопчыкі! — злосна бурчэў стары.
— Усе гуляюць, ну і наш там. Пайшоў бы ды гукнуў яго, — казала старая».

І далей аўтар працягвае кінематаграфічны агляд хаты, абстаноўкі, дэталей паўсядзённага акружэння герояў, дае чытачу магчымасць паслухаць гутаркі, якія вядуцца ў ёй і ўбачыць падзеі, якія тут адбываюцца.

Ужо з прыведзенага намі ўрыўка можна меркаваць аб характарах і настроі сямейнікаў, аб тым, што яны звычайна дапускаюць у адносінах адзін да аднаго. Дамашняе жыццё ў найбольшай ступені садзейнічае выяўленню галоўнай сутнасці чалавека, яго маральнага вобліку, бо па-за домам чалавек часта хавае свае сапраўдныя думкі і пачуцці, свой нораў. З дамашнімі ж чалавек паводзіць сябе разняволена, нічога не хавае, выказвае ўсё, што на сэрцы. Старэйшы член сям’і апавядання М. Гарэцкага «Зіма» дзед Пятрок. Ён і пачувае сябе гаспадаром хаты, адказным за родных сямейнікаў. Аднак сваімі паводзінамі, на жаль, не падае ўзору для пераймання. Галава сям’і мае сварлівы, звяглівы характар, не мае патрэбнага цярпення, дабрадушнасці, змірэння, яму бракуе, і галоўнага ў сямейных адносінах — любові. Ён папракае (канешне ж, заслужана) свайго нежанатага сына Панаса, які загуляўся ў карты і не думае ісці паіць коней, адбівае ахвоту ў апошняга знаходзіцца дома: «Апрыкліла і свая хата. Бацька заразаў яго паўсёдным злым нараканнем», — гаворыцца ў творы пра пачуванне Панаса ў родным доме. Баба Петрачыха, здаецца, больш спакойная, разважлівая, цярплівая, але да пары да часу, бо невялікае непрыемнае здарэнне (певень пабіў міску) выклікае ў яе плач і злосную кляцьбу. Старая кляне нявестку, якая недагледзела за дачкой, што праганяла пеўня: «І ты ж тут, матуля, сядзіш, нічога не бачыш. Ці напрадзеш ты сабе кашулечку на той свет ці не».

Лінія паводзін нявесткі, вядома ж, абумоўліваецца такім негатыўным стаўленнем да яе з боку свякрухі і свёкра. Яе муж, мяркуючы па словах малых, якія гуляюць у лялькі, паехаў працаваць на шахты (« — А як прыйдзе татка з шахтаў, дык я яму скажу…») І ёй нясоладка адной у доме мужавых бацькоў, яна не адчувае сябе тут гаспадыняй, хоць усяляк і імкнецца далучыцца да таго стылю і ўкладу жыцця, якія існуюць у доме, стараецца дагадзіць старым: «Маўклівая маладуха, сцяўшы зубы, клала і клала рубяжы матузкамі на хударлявенькай дзіцячай спінцы <…> Меншыя дзеці залезлі за комін і прытуліліся, пакуль улашчыцца матка, да якой належала ўлада караць іх па загаду заканадаўцаў: дзеда, а найгорш — бабы, і пакуль зачыняць дзверы ды ўсё сціхамірыцца», — такой кароткай аўтарскай заўвагай, па сутнасці, многа гаворыцца аб арганізацыі жыцця ў гэтай сялянскай хаце. «Заканадаўцамі» з’яўляюцца ў ёй дзед, «а найгорш — баба», а маці выканаўца іх загаду. Ад усялякіх непрыемнасцей нявестка адгароджваецца маўчаннем, адчуваючы сябе пакутніцай, што выразна адбіваецца на ўсім яе знешнім вобліку. І гэта шмат у чым абумоўлівае яе ўспрыманне сямейнікамі: «Не хацелася бачыць маўклівую братовую, слухаць бясконцую сумяціцу дзяцей», — сказана ў апавяданні пра тое, што маўклівасць нявесткі дзейнічае на Панаса гэтак жа адштурхоўваюча, як і злыя нараканні бацькі, выклікаючы жаданне «з’ехаць на край свету».

Грунтам і стрыжнем маральнага жыцця чалавека з’яўляецца дабрадзейнае жыццё ў сям’і, у роднай хаце. Вельмі добра, калі тут пануе мір і згода, любоў і адзінства. «На что и клад, когда в семействе лад», — кажа руская прымаўка, высока ўзносячы велікадушнасць усіх членаў сям’і, уменне кожнага паблажліва ставіцца да слабасцей бліжніх, цярпець іх недасканаласць, дараваць крыўды.

У апавяданні «Зіма» Максім Гарэцкі паказвае сямейнага чалавека не толькі ў хатняй абстаноўцы, але і на людзях. Запрошаныя на вяселле дарослыя члены сям’і старога Петрака паказваюць сябе тут у вельмі выгадным святле. Гэта ўжо як бы зусім іншыя людзі, якімі любуюцца аднавяскоўцы. Прывядзём гэту сцэну: «Пакуль ішла ў іх размова, да кругу штурхалася сярод людзей Петрачыха, цягнучы за рукаў сваю маўклівую нявестку.
— Пойдзем, пойдзем, мая рыбухна! Разам працуем, разам паскачам. Няхай палюбуюцца добрыя людзі, як мы гуляем.
І пусцілася старая задам, скачучы як сарока: пляскала ў ладкі і вясёлымі вочкамі пільна ўглядалася ў маладуху, а тая, падхапіўшы крайчык свайго хвартуха, а другою рукою плаўна махаючы ля галавы, плыла за свякроваю з ледзь прыкметнай усмешкаю, у якой паўсюдная ціхая пакута ішла цяпер на спатканне весялосці і паддавалася ёй.
Старая запяяла старым, дрыжачым і ласкавым голасам:
Ты, нявестачка,
Ты — лябёдачка!..
А маладуха зараз падхапіла:
Матка ж мая старэнькая,
Як галубка сівенькая!
І ўсе былі здзіўлены, што ў гэтае ціхае і маўклівае Петраковае нявесткі такі чысты і звонкі голас».

Нельга не здзівіцца пластычнай маляўнічай сіле слова М. Гарэцкага, чытаючы гэту сцэну. Усё як бы адбываецца на нашых вачах. Выразна бачацца жывыя воблікі нявесткі і свякрухі, іх манера трымацца, змена рухаў і станаў, паводзін у танцы. Сапраўды, якая дакладнасць у выбары параўнанняў, у выбары дзеясловаў, якія перадаюць дынаміку паводзін дзвюх жанчын, своеасаблівую ідылію, эстэтыку іх узаемаадносін у час танца: «пусцілася старая задам, скачучы як сарока, а тая, падхапіўшы крайчык свайго хвартуха, а другою рукою плаўна махаючы ля галавы, плыла за свякроваю з ледзь прыкметнай усмешкаю…» Бясспрэчна, што аўтар умеў карыстацца магутнай, бязмежнай скарбніцай народнай мовы, беручы з яе самае патрэбнае, каб узмацніць зрокавую сілу карцін і сцэн. Вочы ўсіх прысутных на вяселлі скіраваны на Петраковых жанчын. Аднавяскоўцы ўражаны талентам да спеваў яго звычайна маўклівай нявесткі. Уражанне ўзмацняецца ад задаволеных, радасных воклічаў мясцовага настаўніка, які марыць пра лепшае, больш цывілізаванае жыццё роднай Беларусі і піша творы на роднай мове: «Ляксей Ляксеевіч ледзь не заплакаў, што яна так добра вядзе, як ён ніколі не чуў нават ад настаўніц. «Жыве наша Беларусь, — сказаў ён Ганусі і сціснуў яе за рукі на ўсю сілу, — жыве, Ганулька, не траць веры!».

Поспех жанчын, іх скокі і спевы на людзях выклікаюць гордасць у галавы сям’і — дзеда Петрака. Цяпер ён ужо не гаворыць: «Божухна, за што караеш?», а з замілаваннем глядзіць на іх: «Пятрок распіхаў усіх, падышоў бліжэй і прыемна казаў:
— Люблю! Дый люблю ж! Ай ды бабы мае! Ведай Петраковых!».

Такая рэакцыя вельмі паказальная. Два пакаленні адной сям’і, паміж якімі ў штодзённым жыцці ўзнікаюць сваркі і непаразуменні, якія жывуць з адчуваннем вялікай дыстанцыі, на людзях імкнуцца стварыць ілюзію поўнага аднадушша і ўзаемазгоды. Як глядзець на гэтыя, такія знешне прыгожыя адносіны ў гэтай сітуацыі, гэта значыць, на вяселлі, свекрыві, нявесткі і свёкра? Што тут: фальш, няшчырасць, вымушаных жыць пад адной страхой і знаходзіць спосабы мірнага суіснавання людзей, якія выстаўляюць перад аднавяскоўцамі любоў, якой на самай справе няма? А можа, сапраўды з’яўленне расткоў блізкасці, сардэчных адносін паміж роднымі людзьмі, якія не маглі выявіцца пры жыццёвых цяжкасцях і душэўнай стоме суровых будняў і аказаліся разбуджанымі агульным святам і радасцю? Пранікнёны пісьменнік Максім Гарэцкі, думаецца, схіляўся да апошняга, разумеючы, як важна для тых, хто ў поце чала здабывае свой штодзённы хлеб, узмацніць душэўныя сілы, даўшы адпачынак целу.

Роздум над сямейным жыццём селяніна-беларуса нязменна выклікаў смутак у душы Максіма Гарэцкага. Чытаючы яго творы, нельга не звярнуць увагу на такія аўтарскія заўвагі, як, напрыклад, паведамленне аб тым, што галоўны герой аповесці «Ціхая плынь» Хомка «плача ўва сне па скалечанай кабыле, а не па маці, жорстка зняважанай бацькавым біццём». Для такой дзіцячай іерархіі каштоўнасцей пісьменнік знаходзіць «змякчальныя абставіны», бо «мець сваю кабылу — было найсаладзейшаю думачкаю ўсёй сям’і цераз доўгі час»: «На тое, каб ужыццёвіць гэтую салодкасць, пайшлі недаспаныя раніцы дзяцей, што бегалі ў грыбы, збіраючы іх на продаж і разыкуючы трапіць пад бізун панскага аб’ездчыка. На тое пайшла яешанка самага вялікага свята, бо дзеля грошы на кабылу яйкі ехалі на Зэлікавым возе ў Оршу ці ў Смаленск. Той жа думкаю палягчалася гарката дзіцячых слёз і выццё і кляцьба маткі, калі Юрка ўпіваўся: слова «кабыла» спыняла лішнюю чарку ў паветры край самага роту і ставіла яе назад на стол. Дык ці ж можна раўнаваць з кабыліным калецтвам матчыны слёзы і матчына выццё пад бацькавымі кулакамі — такія звычайныя з’явы ў штодзённым асмолаўскім жыцці?».

Максім Гэрэцкі паказвае выключную цярплівасць, пакорлівасць і змірэнне жанчыны-сялянкі, яе ўменне суцішваць і ўтаймоўваць жорсткі нораў мужа, здольнасць да бязмежнай самаахвярнасці. Ідэя ўзаемнай вернасці і адзінкавасці гэтага саюзу жыве глыбока ў свядомасці мужа і жонкі, нягледзячы на грубасць і знешнюю нярадаснасць іх адносін. У аповесці «У чым яго крыўда?» маленькі эпізод аб паводзінах бацькі ў час матчынай хваробы даносіць хараство і паэзію іх узаемаадносін. Бацька ўзяў на сябе ўвесь цяжар хатніх клопатаў і клопатаў па гаспадарцы. «Матка, бачачы, як яму цяжка аднаму цягнуць на двор цэбар з мешанкаю свінням, саскаквала з печы, як маладзенькая, і бегла хоць дзверы за ім зачыніць. А ён гневаўся, і злаваўся, і крычаў на яе:
— Ляжы ты ўжо, калі хворая ляжыш! Што я, сам не зачыню дзвярэй? Пасобіш ты мне гэтым».

Паказальна, што адукаваны сын Лявон, герой аповесцей Гарэцкага, успрымае маці і бацьку як нешта непадзельнае, як адзіны жывы арганізм. Ён амаль у аднолькавай меры паважае іх і любіць. Праўда, пабыўшы ў свеце і пабачыўшы іншае жыццё, Лявон адчувае няўтульнасць ад беспарадку і гразі ў хаце, мякка дакарае родных за яе запушчанасць. Лявон і яго малодшы брат Лаўрынька належаць да дзяцей удзячных, пачцівых і паслухмяных, паблажлівых да недахопаў і слабасцей бацькоў, як маральных, так і разумовых. У іх ёсць пэўная мудрасць і справядлівасць і ў тых выпадках, калі бацька прад’яўляе да іх патрабаванні, якія не ў згодзе з маральнасцю. Так, Лаўрынька імкнецца тактоўна ўхіліцца ад неразумных прапаноў п’янага бацькі, калі той прымушае яго выпіць чарку, а пасля схадзіць пазычыць пляшку ў дзядзькі: «Лаўрынька, ідзі выпі чарку.
— Я не хачу.
— Што?!
— Я не буду піць, — упарта адказаў Лаўрынька.
Бацька метануў на яго погляд з захаванаю злосцю і пагрозаю, але змоўчыў, адкладаючы, відаць, расправу на пазнейшы час.
— Дык ідзі гукні дзядзьку ды спытайся, ці не засталося ў яго ад талакі гэтага зелля. Хай пляшку прынясе, пазычыць.
— Ай некалі мне… Па каня пара ісці ў поле, — увесь аж пачырванеў Лаўрынька. Ён не хацеў, каб на стале з’явілася яшчэ адна проклятая пляшка». І толькі ўпэўніўшыся, што непаслушэнства выкліча вялікі скандал, сын ідзе выконваць гэты прыкры загад.
Цікава, што на «п’яныя штукі» бацькі маці глядзіць «з мяккім насміханнем».

Вядома, як у кожнай сям’і, здараюцца і ў сям’і Лявона і сваркі, і сутыкненні, аднак пастаянная руплівая праца і зварот да Бога (у кнізе «На імперыялістычнай вайне» гэта бачна асабліва) садзейнічаюць згуртаванасці і адзінству сям’і, узаемапавазе і цярпімасці кожнага да недахопаў іншых членаў сям’і. Аб гэтым сведчыць і тое, што Лявон пачуваецца ў коле дамашніх досыць утульна. Радасны сямейны клімат асабліва малюецца ва ўспамінах галоўнага героя, калі ён прыгадвае сваё шчаслівае маленства, добрага, ласкавага, «любага дзедзю» — «старэйшага за ўсіх у хаце»: «якая салодкая апора ў дзіцячай бядзе — гэта дзедава спакойна-ласкавая гутарка і халаднаватая, худая рука на галоўцы». Яго сэрца поўна любові і да бацькоў, перад якімі адчувае вялікую віну: «Бедныя вы мае, родныя мае! — падумаў Лявон. — Век-вяком вы цяжка працуеце. А калі я прыязджаю, ніякай працы ад мяне не вымагаеце, а нават не хочаце, каб я працаваў. І ўсё вы мне даруеце, усе крыўды, якія я раблю вам цераз розніцу ў нашых поглядах. З астатніх магчымасцей вучыце мяне…», — дакарае сябе Лявон у думках, незадаволены сваёй халоднасцю ў адносінах да бацькоў, а ў лістах просячы дараваць яму «тое-сёе» (аповесць «У чым яго крыўда?»).

Максім Гэрэцкі праўдзіва малюе партрэты родных галоўнага героя, не абмінаючы іх слабасцей. Бацька ганарыцца вучоным сынам, яго поспехамі ў навуцы і звысоку глядзіць на яго магчымых нявест. Лаўрынька вельмі перажывае за брата, над лістом якога да каханай дзяўчыны Лёксы насміхаюцца вяскоўцы. Малапісьменная Лёкса, не здолеўшы сама прачытаць ліст, давала чытаць яго «найбольшаму цёмналескаму грамацею», а пасля «ліст быў чытаны і перачытаны» пры ўсіх людзях. «Каб і знаку ад братавага сораму не засталося», Лаўрынька вырашае хітрасцю завалодаць лістом, паабяцаўшы Лёксінай меншай сястры за яго свой прыгожа спісаны сшытак, што робіць «пасля доўгіх душэўных мук», праяўляючы самаахвярнасць, бо вельмі даражыць сшыткам.

У аповесці «На імперыялістычнай вайне» Лявон па-свойму цешыцца жыццём у сям’і і малітоўнай атмасферай роднага дома — маці і бацькі, нявесткі і дзяцей перад адыходам да сну. Герой адчувае ўласную несправядлівасць у адносінах да нявесткі, якая любіць яго брата, ушчувае сябе: «І мне шкода і прыкра… Яна тужыць па Стахвану, а я з ёю няласкавы і грубы».

Усе «біяграфічныя» аповесці Гарэцкага, звязаныя скразным вобразам галоўнага героя — Лявона Задумы, — цікавы матэрыял для роздуму над сямейнымі праблемамі селяніна-беларуса, матэрыял шмат у чым павучальны, бо паказвае сям’ю як школу цярпення, даравання, згоды, любові і ўзаемаадказнасці. Дабрыні і самаўдасканалення.

Творчасць Максіма Гарэцкага адрозніваецца тэматычным багаццем. Пісьменнік імкнуўся як мага аб’ёмней ахапіць жыццё, зачэрпнуць пабольш з разнастайнасці натуры чалавечай, імкнуўся расказаць пра многіх людзей, якія сустрэліся на яго жыццёвай дарозе. Ён закранаў тэмы, да якіх наша прыгожае пісьменства звярталася вельмі рэдка, напрыклад, тэму манаства (апавяданні «Чарнічка», «Памылка»).

Упершыню надрукаванае ў газеце «Вольная Беларусь» 8 снежня1917 года, апавяданне «Чарнічка» займае ў творчай спадчыне Гарэцкага асаблівае месца. Па-першае, таму што закранае адну з вайжнейшых тэм — тэму манаства і звязаную з ёй тэму ўзаемаадносін душы з Богам, бо ў цэнтры твора — гераіні як бы з іншага свету, свету ангелаў — манашкі, жанчыны, якія адракліся ад насалод зямнога жыцця, аддаўшы сваю душу і сэрца Богу. Па-другое, яно прываблівае сваім жывапісам, псіхалагізмам, эмацыянальнасцю. Канешне, апавяданне не можа аб’ёмна ахапіць жыццё, усебакова раскрыць чалавека, аднак яно можа высвеціць штосьці вельмі важнае ў яго характары. У «Чарнічцы» М. Гарэцкі паказвае ўсяго адзін дзень, нават не дзень, а нейкаю пару гадзін з жыцця сваіх незвычайных герань, якія, збіраючы па вёсках восеньскую каляду на манастыр, папрасіліся паабедаць у адной з сялянскіх хат. Аднак гэтыя пару гадзін — іх жыццё ў мініяцюры. Пісьменнік малюе паводзіны Хрыстовых нявест за абедам і пасля абеду ў гутарцы з мірскімі людзьмі — маладымі хлопцам і маладзіцаю-маці.

Своеасаблівай уверцюрай да аповеду пра чарнічак з’яўляецца апісанне бязрадаснага восеньскага пейзажу. На што настройвае ён? На ўспрыманне такога ж бязрадаснага жыцця чарнічак? Такой «наўмыснасці» ў творы не адчуваецца, хоць пейзаж і ўваходзіць у духоўнае жыццё гераінь: «І трэба было згадзіцца, што восень на дварэ, а нейкае невыразнае нездавальненне варушылася на сэрцы, і чагосьці сярод восеньскага смутку жадалася». Такім пейзажам, такім надвор’ем персанажы як бы выпрабоўваюцца: калі ў іх няма любові да Бога, калі яны не на сваім месцы, то, пазбаўленыя ўсялякіх уцех, яны ў такое надвор’е павінны б былі адчуваць нейкую асаблівую адзіноту, бязрадаснасць.

У першым жа сказе «Чарнічак» увага чытача звернута на неба і зямлю. Такім чынам, чытач як бы адразу настройваецца на разважанні аб «нябесным» і «зямным» у чалавеку: «Над пахмураю, мокраю зямлёю павісла шэра-цёмнае, нуднае восеньскае неба.

Пустая вуліца маўчыць. Людзі, калі ў дварэ, дык сядзяць па хатах. І коні ў пуні, бо ў полі зямля замерзла, і толькі сёння троху адтала і пакрылася ліпкаю гразёю. А ў лагчынах яшчэ бялеецца, па лагу і блізка лесу, рэдкі снегавы налёт».

Малюючы сумны восеньскі дзень, аўтар паказвае ўплыў «настрою» прыроды на ўнутраны стан і настрой чалавека і ўсяго жывога. І манастырскі конь адчувае сваю залежнасць ад надвор’я: «Спусціў ён галаву, звесіў вушы і не есць. <…> Стаяў, як заснуў, гняды конь: пуста і хмарна было на вуліцы; вецер клычыў жмуток балотнага сена».

Максім Гарэцкі глядзіць на сваіх гераінь вачыма любові, імкнучыся адгадаць загадку характару кожнай з іх, усведамляючы, што манаскае званне кліча да большага. З прыязнасцю і цікавасцю сочаць за імі і гаспадары хаты, назіраючы за манераю іх паводзін, за зменамі на іх твары, услухоўваючыся ў інтанацыі голасу. Кожная з манашак выказваецца як не трэба выразней у час яды: «Старэйшая, васпаватая, курносая, утупіла вочы ў стол і не ўзнімае іх з-пад чорнае наміткі. Слабенькая ружовая краска рэдзенька выступіла ў яе кропкамі і жылкамі на шчоках там, дзе ягадкі. Лыжку па лыжцы нясе яна паціху варыва і падстаўляе кусанік акуратна, каб не было капак на стале.

Маладзейшая — смялей. Расчырванелася за ядою, з-пад змятае, злінялае намітачкі выбілася чорная жменька валасоў. Вусны пухлы і чырвоны. Знянацку яна сарамліва ўскіне часам чорныя бліскучыя вочы на маладога хлопца і зноў патупіцца».

У апавяданні супрацьпастаўлены старэйшая чарнічка, якая знешне трымаецца бездакорна, адказвае строга і правільна, і маладзейшая, не навучыўшыся бубнець «змірэнна, як псальму чытаючы», адказвае маладому гаспадару, чырванеючы, «як мак добры». Першая глядзіць у зямлю, не ўзнімаючы вачэй, паводзіць сябе спакойна, проста і змірэнна. Другая забываецца і раз-пораз ускідае свае «чорныя, бліскучыя вочы» на «мірскога чалавека», ловячы на сабе яго неабыякавыя позіркі. Яна нават спыняецца на думцы аб тым, кім даводзіцца маладзіцы-маці гэты хлопец: «“То ж, мусіць, не сястра яго, а жонка”, — думаецца маладой манашцы». У яе позірку чытаецца цікавасць да мірскога і схаваны смутак па ім. Старэйшая абдумвае свае словы і ўчынкі, маладзейшая пакуль не навучылася дзейнічаць з разважлівасцю, не ведае, дзе і як што сказаць, дзе прамаўчаць, гаворыць часам глупства. Яна часта пазірае ў вакенца хаты на свайго коніка, выдаючы сваю залішнюю трывогу. Гэта заўважае і хлопец:
«— Не бойся: на нашай вуліцы ўсё дабро цэла будзе... Чаго такая палахлівая? — сказаў, адвёў ад яе вочы, зацягнуўся і выпусціў шмат дыму».
Адказвае чарнічка вельмі характэрнай фразай, за якой — уся яна з яе хісткім духоўным станам, свецкім непакоем: «— Каб часам конь не адвязаўся. Збяжыць, тады што нам?». Больш дакладнай фразы нельга, здаецца, і прыдумаць для гераіні, характар якой ужо і так вельмі выразна абазначыў аўтар. Не да твару такія словы і паводзіны манашцы, таму старэйшая непрыкметна таўхае яе пад сталом, прымушаючы яе маўчаць і бярэ адказнасць за гаворку ў свае рукі.

Пісьменнік змог выклікаць у сэрцы чытача любоў да сваіх гераінь і данесці вялікую пашану маладога чалавека да чарнічак. Нягледзячы на тое, што яго госці паводзяць сябе, можа, і не зусім узорна, бо пакуль не сталі яшчэ сапраўднымі інакінямі, ён адчувае іх духоўную перавагу над знаёмымі дзяўчатамі, бо само іх з’яўленне сведчыць пра тое, што ёсць нешта вышэйшае, ёсць Бог. Таму ў гаворцы з чарнічкамі ён стрымлівае сябе, кантралюе, імкнучыся гаварыць далікатней. Гарэцкі не робіць падрабязнага разбору яго думак і слоў, але самі словы і аўтарскія каментарыі да іх раскрываюць яго працу над сабой: «пажартаваў ён і трошку пачырванеў, што, можа, сказаў ім лішняе» «і зноў зацягнуўся і глядзеў у бок, як быццам засаромеўся, што не смее сказаць, каб як далікатней».

Прысутнасць чарнічак «правакуе» людзей задумацца над тым, што жыццё мае больш глыбокі сэнс, чым толькі зямныя клопаты. «Кожная манашка, — піша сучасны старац Паісій Святагорац, — апроч малітвы за мір, дапамагае яму манерай сваіх паводзін, тым, як яна адносіцца да розных праблем, той парай слоў, якія яна скажа ў архандарыку якому-небудзь паломніку, каб ён змог зразумець самы глыбокі сэнс жыцця, або якой-небудзь мацеры, каб яе падтрымаць».

Характарыстыка ўнутранага жыцця герояў даецца Гарэцкім праз фізічна зрокавае (міміку, жэст, погляд і г. д.) і праз іх мову, прычым пісьменнік пазбягае «разжоўвання» семантыкі знешніх рухаў, пакідаючы некаторыя рэчы дадумаць чытачу. За рамкамі твора — мінулае манашак, тыя абставіны і матывы, якія прывялі іх у манастыр, прымусілі адмовіцца ад замуства і мацярынства, праз якія таксама можна ўратавацца. Пра гэты другі шлях жанчыны — замуства і нараджэнне дзяцей — нагадвае ў апавяданні маладзіца, упэўненая ў тым, што гэта і ёсць сапраўднае прызначэнне жанчыны. Яна ласкава і пяшчотна глядзіць на сваё дзіця, сваім выглядам як бы робячы выклік чарнічкам: «села карміць дзіця, не саромліва, а з правам маці, разгарнуўшы цьмяна-белыя грудзі». Героі «Чарнічкі» абменьваюцца не толькі рэплікамі, слоўнымі формамі зносін, але і «дыялагічнымі» ўчынкамі і дзеяннямі, як, напрыклад, у гэтым выпадку, калі жанчына-маці сваімі паводзінамі як бы падкрэслівае сваю вышэйшасць перад манашкамі. На заўвагу хлопца, што ён быў у манастыры і бачыў там прыгожых чарнічак, яна выказвае сваё шчырае неразуменне таго, чаму ідуць туды, асабліва маладыя і прыгожыя: « — І я ўжо дзівілася, — адгукнулася з запечку маладуха-маці. — Ёсць такія маладзенькія... Ча’йта ўжо так ідуць? Ці сіротак туды бяруць гадаваць змалку, ці то, кажуць, дзеля хлеба, дзеля спакою каторая ў манашкі ідзе?».

Апавяданне пачынаецца і заканчваецца журботнымі пейзажамі позняй восені. Манашкі моўчкі вяртаюцца ў свой манастыр, кожная са сваімі думкамі. Старэйшая варушыць вуснамі, шэпчучы словы малітвы. Пісьменнік абірае цікавую пазіцыю, ён адмаўляецца ад пазіцыі ўсё ведаючага і ўсё разумеючага аўтара, адчуваючы выключную адказнасць за створаныя ім вобразы, баючыся саграшыць супраць праўды. Двойчы ў фінале ён паўтарае пытанне адносна маладзейшай манашкі: «Аб чым яна думае?» І толькі ў заключнай фразе твора як бы асцярожна выказвае сваю гіпотэзу: «Мусіць, думае: «Больш мяне па каляду не пашлюць...».

Такім чынам таленавіты празаік пазбег спрошчанага паказу ўнутранага свету малітоўніц за ўвесь свет, затушоўвання ў іх вобразах «нябеснага», пазбег навязвання чытачу сваіх думак, мірскога шкадавання манашак, чаго не ўдалося некаторым пазнейшым прадаўжальнікам гэтай тэмы ў савецкі час.

Мы закранулі толькі некаторыя асаблівасці пейзажа, партрэта, дыялога, псіхааналізу выдатнага беларускага празаіка Максіма Гарэцкага. Але і гэтыя назіранні і прыведзеныя намі ўрыўкі з твораў яскрава сведчаць, што Гарэцкіі — эстэт у літаратуры. І менавіта ў распазнаванні «сакрэтаў» майстэрства гэтага вельмі чуйнага да слова празаіка, праз мову і стыль, мы бачым перспектыву далейшага даследавання яго творчасці.

http://zviazda.by/sites/default/files/polumja_3_2016.pdf