Таццяна Дасаева

Леаніла Усцінаўна Чарняўская (Гарэцкая) - празаік, перакладчыца, педагог. Нарадзілася 4 (16) лістапада 1893 г. у вёсцы Таргуны Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобл.). Бацька, Усцін Усцінавіч Чарняўскі, арандаваў зямлю ў розных паноў, маці, Аміля Антонаўна, служыла хатняй швачкай. Л. Чарняўская закончыла Марыінскае вышэйшае вучылішча ў Вільні (1910). 3 1911 г. настаўнічала ў вёсцы Залессе Дзісенскага павета. У 1918 г. пераехалаў Вільню, дзе ў 1919 - 1923 гг. працавала выкладчыцай Першай беларускай гімназіі. У 1923-1925 і 1928 -1932 гг. жыла ў Мінску, у 1926 -1928 гг. - у Горках, у сувязі з высылкай мужа - у Расеі. Працавала перакладчыцай у Белдзяржвыдавецтве, у часопісе “Іскра Ільіча”, выхавацелькай у дзіцячым садку. 3 1947 г. жыла ў Ленінградзе, дзе і пахавана на Паўднёвых могілках (памерла 26 верасня 1976 г.). Узнагароджана медалямі.

Першае апавяданне Л. Чарняўскай - “Мікітка” - надрукаванае ў 1921 г. у газеце “Наша думка”. Аўтар кніг прозы “Анавяданні”, “Валуй-камісар часоў Кераншчыны”, “Падарожніца”, “Бяздзетуха”; кніг для дзяцей “Варка”, “Кот Знайдзён”, “Андрэйка”, “Перамога”, “Лявонка”, “Сталёвы конь”, “Жук”; чытанкі “Родны край”. Пераклала на беларускую мову творы Р. Кіплінга, Э. Сэтана-Томпсана, С. Грыгор ’ева, Ш. дэ Кастэра і інш.


"Нялёгкім аказаўся мой лёс"
да 110-годдзя з дня нараджэння Леанілы Чарняўскай

Леаніла Чарняўская...
Сялянка па паходжанні. Арыстакратка па духу. Верная дачка сваёй Бацькаўшчыны. Асветніца. Пісьменніца. А яшчэ - жонка Максіма Гарэцкага.
Уяўляю яе ў розныя перыяды жыцця. Юную, рамантычную, летуценную - падчас вучобы ў Марыінскім вышэйшым вучылішчы, куды яна, дзевяцігадовая дзяўчынка з вёскі Таргуны, што на Віцебшчыне, паступіла ў 1902 г. Не па гадах стрыманую, строгую - калі яна пасля заканчэння вучылішча настаўнічала ў вёсцы Залессе на Віленшчыне. Засяроджаную, мэтанакіраваную, з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй - у Першай віленскай гімназіі, куды была запрошаная на працу ў пачатковых класах з моманту адкрыцця гэтай навучальнай установы - з 1 студзеня 1919 г. Маладая настаўніца пісала апавяданні для дзяцей (якраз у 1919 г. выйшаў яе першы зборнік “Дзіцячыя гульні”) і збіралася выдаць чытанку “Родны край”.

Можа, з гэтай чытанкі ўсё і пачалося... 1919 год. Вільня. Сюды, на пачатку года, разам з рэдакцыяй газеты “Звязда” пераехаў з акупаванага Мінска Максім Гарэцкі, на той час ужо вядомы пісьменнік. Убачыў свет і атрымаў прызнанне яго зборнік апавяданняў “Рунь”. Малады празаік прайшоў франтавымі дарогамі Першай сусветнай вайны, быў паранены, а ў яго рукапісах ляжалі дзённікавыя запісы, зробленыя ў акопах, у перапынках паміж баямі. Запісы, якія будуць пакладзены ў аснову мужнай, праўдзівай кнігі “На імперыялістычнай вайне”. Ужо былі напісаныя і сталі неад’емнай часткай духоўнага жыцця беларускай інтэлігенцыі яго артыкулы “Наш тэатр” і “Развагі і думкі” - праграма беларускага Адраджэння. А яшчэ жыла прага дзейнасці - літаратурнай, грамадскай і педагагічнай. Вялікія спадзяванні М. Гарэцкі ўскладаў на моладзь, да яе і звяртаўся з палымянымі словамі. Пісьменнік, педагог, ён добра разумеў, што грамадзянскія пачуцці трэба выхоўваць у людзей з маленства, каб разам з гукамі матчынай песні, а потым праз кнігу дзеці пранікаліся любоўю да роднага краю. Нядзіўна, чаму так зацікавіла Максіма Гарэцкага вестка пра тое, што настаўніца Леаніла Чарняўская рыхтуе да выдання чытанку “Родны край”, прызначаную для дзяцей 1-4-га гадоў навучання. Ці ведаў ён, калі вырашыў знайсці ўкладальніцу чытанкі, што яна маладая, прыгожая? Можа, і ведаў. Ды, пэўна ж, не ведаў, што будзе яна вернай спадарожніцай яго жыцця, народзіць яму дачку і сына, будзе яго паплечніцай у творчай дзейнасці, а калі напаткае бяда (арышт, выгнанне) - падзеліць з ім усе нягоды. А пасля яго смерці здзейсніць жаночы і грамадзянскі подзвіг: захавае яго літаратурны архіў, а потым разам з дачкой Галінай зробіць усё магчымае і немагчымае, каб творчая спадчына М. Гарэцкага заняла пачэснае месца сярод класікі нацыянальнай літаратуры. Не мог ён такога ведаць!

Уяўляю іх першую сустрэчу. Яна – у закрытай блузцы з высокім каўнерыкам, у доўгай чорнай спадніцы. Стройная. Прыгожая. Строгая. Хвалюецца. Не дзіва! Вядомы пісьменнік сам завітаў да яе. Вось ён перад ёю - малады, натхнёны, апантаны ідэяй нацыянальнага адраджэння. Уяўляю душэўны стан Леанілы Усцінаўны пасля знаёмства. Радасць. Разгубленасць. Прадчуванне чагосьці невядомага. А потым прыйшло каханне... Вайна не перашкодзіла яму. Ва ўспамінах дачка Галіна Максімаўна Гарэцкая згадвае словы маці пра тое, як насіў ёй ружы Максім Гарэцкі, “не зважаючы на тое, што пасвіствалі на вуліцы і ў яе двары кулі”. Неўзабаве “ў той неспакойны час яны абвянчаліся ў віленскім Прачысценскім саборы 16 ліпеня 1919 года”.

У віленскі перыяд жыцця шчасце маладой сям’і было азмрочанае. Дачушцы Галі не споўнілася года, Леаніла Чарняўская чакала нараджэння другога дзіцяці, калі ў ноч з 19 на 20 студзеня 1922 г. яе мужа, Максіма Гарэцкага, арыштавалі польскія ўлады і пасадзілі ў адзіночную камеру Лукішак. Яго абвінавацілі “ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтай замаху на дзяржаўную ўладу”, за што карным польскім кодэксам прадугледжваўся смяротны прысуд ці, у лепшым выпадку, катарга. У ноч з 3 на 4 лютага М. Гарэцкага прывезлі з турмы дамоў развітацца з сям’ёй. Мужна і годна перанесла гэтае выпрабаванне маладая жанчына. Пазней М. Гарэцкі напісаў у “Камароўскай хроніцы”: “Развітанне было балючае, тым болей што Міла была на пятым месяцы цяжарнасці. Трымалася яна добра, каб падбадрыць Кузьму, але ёй мроілася, што яго могуць павесці і расстраляць, і Кузьма потым шмат разоў думаў, як яна перанясе хвіліны гэтых страшных перажыванняў <...> Развітанне было пры паліцыянтах. Аля спала, і Кузьма пацалаваў яе сонненькую, на руках у Мілы: яна яе вынесла ў Кузьмоў пакой, дзе былі паліцыянты” (Міла - Леаніла Чарняўская, Кузьма - Максім Гарэцкі, Аля - іх дачка Галя).

Не магла ведаць тады Леаніла Усцінаўна, што яшчэ двойчы давядзецца ёй перажыць падобныя страшныя імгненні, калі будуць арыштоўваць яе мужа.

На шчасце, суд у той раз не адбыўся, і М. Гарэцкі “без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам”.

У кастрычніку 1923 г. сям’я Гарэцкіх пераехала ў Мінск. Максім Гарэцкі актыўна працаваў як выкладчык літаратуры, навуковец, грамадскі дзеяч. Хапала працы і Леаніле Чарняўскай. На ёй ляжаў клопат пра маленькіх дзяцей і дом, у які часта наведваліся госці. Прыязджалі родныя з Малой Багацькаўкі заходзілі суседзі. Любілі бываць у Гарэцкіх пісьменнікі. Ды не толькі домам, сям’ёй жыла Леаніла Чарняўская. Не забывала і пра здзяйсненне ўласных творчых задум.

Яна не толькі працавала над апавяданнямі, але і па-ранейшаму шчыравала над выпускам чытанкі “Родны край”. Перакладала ўрыўкі з твораў рускай, польскай, французскай літаратур на беларускую мову спецыяльна для чытанкі. Шмат дапамагала свайму мужу, падтрымліваючы яго творчыя памкненні. Тут не было суперніцтва. Па сведчанні пісьменніка Алеся Якімовіча, “гэта была сям’я таленавітых літаратараў. I, відаць, не толькі Максім Іванавіч меў уплыў на сваю жонку. Было і наадварот”.

На пачатку 1926 г. сям’я пераехала ў Горкі. Максім Гарэцкі даў згоду папрацаваць у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, узначаліў кафедру беларускай мовы і літаратуры.

Гэта быў адзін з самых светлых перыядаў у жыцці Гарэцкіх. Шчаслівая сям’я, добрае суседства з калегамі-педагогамі, маляўнічая прырода - усё гэта надавала асаблівае хараство. Максім Іванавіч вадзіў дзяцей у дэндралагічны парк, а Леаніла Усцінаўна любіла хадзіць з імі “да невялікага возера за грачыным гаем”. Відаць, гэтая мясціна нагадвала жанчыне азёрны Віцебскі край, любую сэрцу вёсачку Таргуны.

Дачцэ Гарэцкіх запомніліся Горкі мноствам кветак. I не толькі тымі, што раслі на доследным участку сельскагаспадарчай акадэміі, але і кветкамі, пасаджанымі рукамі матулі. Кветкі былі на вокнах у кожным пакоі, раслі каля дома. Леаніла Усцінаўна любіла ўсё прыгожае, і гэтай прыгажосцю, якую ўмела стварыць сама, яна хацела атуліць сваіх родных. Яна мела добры голас - лірычнае сапрана. У красавіку 1927 г. у Горкі прыехаў Якуб Колас. У акадэмічным клубе наладзілі сустрэчу. Леаніла Усцінаўна спявала ў гонар шаноўнага госця. Песня заўсёды дапамагала ёй пераадольваць цяжкасці, захоўваць чалавечую годнасць.

А яшчэ Леаніла Усцінаўна вельмі добра вышывала. Паводле слоў дачкі, “яна ўмела стварыць на палатне кветкі ці іншае з найпрыгажэйшымі тонкімі адценнямі. Хадзілі ў вышытым ёю адзенні дарослыя і дзеці; яе вышыўкі ўпрыгожвалі кватэру”.

Уяўляю Максіма Гарэцкага ў такой кашулі-вышыванцы. Відаць, вельмі прыемна яму было апранаць кашулю, аздобленую рукамі каханай, хораша думалася ў гэтыя хвіліны пра яе - прыгажуню, разумніцу, пявунню, майстрыху, што ўмее ствараць утульнасць і хараство.

Да 1 верасня 1928 г. Гарэцкія вярнуліся ў Мінск. Яшчэ шмат радаснага і прыемнага адбылося ў іх жыцці, але нарастала трывога. Адчувальна змянілася на горшае грамадска-палітычная атмасфера ў краіне. Пачаліся нападкі ў друку на М. Гарэцкага. Да трагічнага дня заставалася амаль два гады.

У ноч з 18 на 19 ліпеня 1930 г. у кватэру Гарэцкіх зноў пагрукалі. Леаніла Чарняўская ўжо чула такі грук у Вільні. Максіма Гарэцкага арыштавалі. Цяпер ужо прадстаўнікі савецкай улады.

Іх разлучылі, але каханне, калі яно не згасае ў сэрцах дваіх, нельга пасадзіць у турэмную камеру, знішчыць. Яно застаецца жыць - і ў выпрабаваннях становіцца яшчэ больш моцным і прыгожым. У светлыя хвіліны жыцця каханне акрыляе, натхняе, у драматычныя моманты - выратоўвае, дае сілу для жыцця. Так было ў Гарэцкіх.

Да 10 красавіка 1931 г. М. Гарэцкі знаходзіўся ў мінскай турме, потым разам з іншымі асуджанымі яго адправілі па этапе да месца высылкі - у Вятку.

Пачалася перапіска Максіма Гарэцкага (яго лісты да жонкі і родных апублікаваныя ў кнізе: М. Гарэцкі. Творы. Мінск, 1990) і Леанілы Чарняўскай (яе лісты да мужа, на жаль, не захаваліся) - летапіс іх кахання.

Зноў і зноў учытваюся ў радкі лістоў Максіма Гарэцкага да жонкі і дзяцей, і вось ужо здаецца, што я прачытала і лісты Леанілы Чарняўскай да мужа. Між трывог і клопатаў штодзённага жыцця ў расстанні гучыць мелодыя іх кахання - непаўторная, шчымлівая, пяшчотная, чыстая, гаючая...

Мелодыя на два галасы: адзін з іх мужны, стрыманы, клапатлівы; другі - па-жаночы ўсхваляваны, трывожны, часам адчайны... Гэтыя два галасы ідуць з глыбіні душы, цягнуцца праз расстанне, каб падтрымаць адно аднаго ў цяжкія хвіліны, даць апірышча духу і веры ў лепшае. Гэтая мелодыя, напачатку ціхая, ледзь чутная, паступова набірае сілу, запаўняе прастору, і вось ужо два галасы, зліваючыся ў адзін, гучаць як гімн каханню - высакароднаму, узвышанаму, самаахвярнаму.

Кранае форма звароту Максіма Гарэцкага да жонкі. Да імён Лёля, Міла, Ласка дадаецца яшчэ адно: Цярплівая Ласка. Колькі глыбіннага сэнсу ў гэтых словах, колькі павагі і любові, шкадавання, што “па яго віне” выпала столькі бяды ёй і дзецям (“іх парасткам маладым ”, “галубянятам) колькі стрыманай пяшчоты, замілавання і... удзячнасці.

Як толькі Максім Гарэцкі прыбыў у Вятку, Леаніла Чарняўская адразу ж паставіла пытанне пра пераезд разам з дзецьмі да яго і рабіла ўсё магчымае, каб наблізіць гэты час. Летам 1931 г. яна наведала мужа ў Вятцы, а з канца чэрвеня 1932 г. - сям’я Гарэцкіх зноў разам. Нялёгкія былі гады. Жылі ў прахадным пакойчыку, памерам у дзевяць квадратных метраў. Не хапала грошай. Было голадна і холадна. I ўсё ж яны былі шчаслівыя. Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская стараліся, каб драматычныя абставіны не азмрочвалі жыццё дзяцей.

У ліпені 1935 г. М. Гарэцкі адбыў тэрмін высылкі, атрымаў пашпарт, але ў родныя мясціны не вярнуўся. Сям’я пасялілася ў пасёлку Пясочня Смаленскай вобласці (пазней Кіраў Калужскай вобласці). У ноч з 3 на 4 лістапада 1937 г. М. Гарэцкага зноў арыштавалі.

21 снежня 1937 г. Леаніла Усцінаўна апошні раз бачыла мужа, калі яго разам з іншымі арыштаванымі перапраўлялі ў Вязьму. Праз шмат гадоў яна напісала ўспаміны пад назвай “Памятка”. У стрыманым аповедзе прарвалася трагічная нота, якая дае магчымасць адчуць духоўную моц гэтай жанчыны: “Ён цалаваў мае рукі, прасіў прабачэння за свой нервовы характар. Клапаціўся, што будзе з намі, як будзем жыць далей. Я з выгляду была спакойная. Пацяшала, што абойдзецца добра, павінна так быць. Кароткі зімовы дзень канчаўся... Так і застаўся ў маёй памяці Максім Іванавіч з хатыльком за плячыма, валенцамі пад пахай. Поезд крануўся, пайшоў паволі. І ўсё... Вярнулася да хаты, калі ўжо было цёмна. Дзеці былі дома. Яны не ведалі, што я паехала ў провады, і трывожыліся. А я, стаўшы на парозе, загаласіла, бо столькі трымалася, каб не выказаць перад Максімам сваёй роспачы, бо так гэта мне цяжка давялося”.

8 студзеня яна прыехала ў Вязьму, каб атрымаць дазвол на перадачу мужу. Тады ж атрымала ад яго апошнюю запіску. Як страшна і балюча пісаць гэтыя словы: апошняя сустрэча, апошні поціск рукі, апошнія словы, апошні... 10 лютага 1938 г. у 15 гадзін Максіма Гарэцкага расстралялі.

Пасля апошняй сустрэчы з мужам Леаніла Чарняўская яшчэ пасылала на яго імя пераводы, пасылкі, пісала ў розныя інстанцыі, каб даведацца, дзе знаходзіцца яе муж. I толькі 1 лістапада 1939 г. ёй паведамілі ў камендатуры, што Максім Гарэцкі памёр 20 сакавіка ў Комі АССР, пасёлак Важаэль.

Леаніла Чарняўская так і не даведалася пра сапраўдную дату смерці мужа. З таго трагічнага дня яна пражыла яшчэ 38 гадоў. Засталося жыць іх каханне. Яно дало сілы гэтай мужнай жанчыне, каб выстаяць, каб гадаваць дзяцей, змагацца за чыстае імя Максіма Гарэцкага, захоўваць яго літаратурны архіў, пісаць успаміны, такія неабходныя нам сёння. Ужо без мужа давялося ёй перажыць смерць Лёні, які загінуў на фронце ў дзень нараджэння свайго бацькі - 18 лютага 1944 г.

Некалі, у 1926 г., М. Гарэцкі падчас падарожжа ў Сібір сустрэў жанчыну-перасяленку з Беларусі, якая ўразіла яго сваёй мужнасцю, сілай духу. У абразку пад назвай “Хоцімка” ён напісаў словы, якія можна цалкам адрасаваць і Леаніле Чарняўскай, бо яна ўвасобіла найлепшыя рысы беларускай жанчыны: “Шкадую, чаму я не скульптар, каб зляпіць яе вобраз ці выразаць яго - так, як некалі, быўшы малым, ляпіў з гліны ці выразаў з дрэва розныя прыемныя фігуркі.

Толькі цяпер зляпіў бы ці выразаў бы не маленькую фігурку, а вялікую і гордую постаць жанчыны, што не схіляючы галавы ідзе сваім шляхам жыцця”.

I зноў мне чуецца мелодыя кахання на два галасы. Максім Гарэцкі сказаў аднойчы дачцэ пра Леанілу Усцінаўну: “Запомні: яна святая!” I паўтарыў: “Святая!” Незадоўга да смерці Леаніла Усцінаўна прызналася Галіне: “Ніколі, ні разу не пашкадавала, што выйшла замуж за Максіма, хоць і нялёгкім аказаўся мой лёс... ”