Ванда Бароўка.

ЗБОРНІК “РУНЬ” МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

ЯК АДМЫСЛОВЫ МАСТАЦКІ ПРАЕКТ

ДА ІОО-ГОДДЗЯ ВЫХАДУ

Беларускае прыгожае пісьменства ў 1914 г. узбагацілася зборнікамі “Васількі” Ядвігіна Ш., “Родныя з’явы” Якуба Коласа і “Рунь” Максіма Гарэцкага. Аператыўным водгукам на гэты факт літаратурнага жыцця сталі рэцэнзіі Вацлава Ластоўскага на старонках “Нашай Нівы”. Пры аналізе зборнікаў Ядвігіна Ш. і Якуба Коласа В. Ластоўскі адзначаў станоўчыя і адмоўныя бакі выданняў, папракаў Ядвігіна Ш. за тое, што “душа аўтара не цаліком адбілася ў яго творчасці”, выказваў спадзяванне, што пісьменнік узбагаціць яшчэ беларускую літаратуру «не адным хвалюючым душу “кавалкам жыцця”, каторае ён умее так добра адтварыць, калі “скалыхнецца сэрца”» Пра аўтара “Родных з’яў” В. Ластоўскі выказваў аптымістычныя меркаванні: “.. .Тарас Гушча не сказаў яшчэ свайго апошняга слова; яго талент з кожным годам набірае большага напружання і большай развітасці ў вясёлкавых пералівах гумару і ў зіхаценні чыстых слёз, каторымі перасыпае гумар. Трэба спадзявацца, што імя Т. Гушчы з часам будзе вядома далёка за межамі нашымі, услаўляючы імя беларускае, яно пойдзе далёка па свету, бо ў творчасці Гушчы апрача фактычнай смешнай стараны скрыта глыбіня думкі. Надзвычай высока В. Ластоўскі ацэньваў плён працы пісьменніка-пачаткоўца: «“Рунь” М. Гарэцкага - гэта вялікі ўклад у беларускую літаратуру як па глыбіні і багаццю думак, так і красе мовы, якую аўтар умее прыкрасіць магілёўскімі правінцыяналізмамі і падборам слоў для выражэння сваёй думкі». Рэцэнзент зрабіў выснову, што «“Рунь” - гэта не зборнік апавяданняў мляўка-скандальных і не скалазубства з вяскоўца, з яго мазалёў і цемнаты, гэта першы ў нашай літаратуры паэмат-трагедыя Маладой Беларусі. Першы голас беларускай, маладой, набалеўшай душы “на ўвесь свет, на Белу Русь”.<...> Ён малюе боль і трагедыю Маладой Беларусі не паверхнасна, а заглядае ўтлыб, пад карэнне». Сапраўды, письменніцкае адлюстраванне становішча інтэлігентаў у першым пакаленні (апавяданні “Рунь”, “У лазні”, “У чым яго крыўда?”) напоўнена болем: яны шукаюць шляхі служэння народу, а родная глеба, што іх узгадавала, ужо асцерагаецца прызнаць іх за сваіх.

Вядомы расійскі даследчык М. Гаспараў у артыкуле “Філалогія як этыка” акцэнтаваў запатрабаванасць уліку мяжы “творчасці пісьменнікаў і сатворчасці іх чытачоў і даследчыкаў, калі размова ідзе пра інтэрпрэтацыі тэкстаў”. Думаецца, для таго, каб выявіць адметнасць зборніка М. Гарэцкага, варта не толькі і не столькі параўнаць яго са зборнікамі ўжо вопытных празаікаў Ядвігіна Ш. і Якуба Коласа, колькі звярнуць увагу на адрасатаў выдання. Асноўныя адрасаты “Руні” - найперш маладыя людзі, якія інтуітыўна адчулі неабходнасць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. У зборніку пісьменнік у мастацкай форме ўвасобіў свае ідэі з праграмных артыкулаў “Наш тэатр” і “Развагі і думкі”, дзе акцэнтаваліся складаныя ўмовы жыцця народа, прыродны духоўны арыстакратызм сялянства, неабходнасць абуджэння нацыянальнага гонару простага чалавека, неабходнасць мастацкага асвятлення мінулага і асаблівасцей светаадчування беларусаў, сярод якіх ён асабліва вылучаў “двудушнасць ад прыроды ў чалавеку”, «нахіл... да здаровага містыцызму, да неразлучных з яго жыццём пытанняў: “Адкуля ўсё і што яно?”». Заклік да пісьменнікаў “смялей і выразней гаварыце сваё новае слова” М. Гарэцкі рэалізаваў у першым зборніку, што стаў сур’ёзнай мастацкай заяўкай на грунтоўнае асэнсаванне рэчаіснасці і нацыянальнага характару беларуса. Слушным было меркаванне Я. Карскага пра раннюю творчасць Гарэцкага, што ў творцы “ёсць усе дадзеныя, каб з аўтара з часам развіўся добры пісьменнік з самародным талентам. Ужо зараз рэалізм у яго даходзіць да дэталёвай анатоміі, да фатаграфавання атамаў”. Праўда, у поўным аб’ёме навуковец наватарства маладога аўтара не здолеў ацаніць. Так, адносна твора “Рунь” Я. Карскі заўважаў, што тут перад намі “толькі матэрыялы для апавядання”, а “У лазні” адсутнічае “адзінства ў развіцці тэмы: апавяданне Банадыся і думкі Кліма мала звязаны з мыццём у лазні”. На думку навукоўцы, “Атрута” - “драматычны малюнак, напісаны вельмі жыва; паказвае, да чаго даводзіць п’янства”, “Роднае карэнне” - “цудоўнае апавяданне па змесце і па натуральнасці выкладання”, “Лірныя спевы” ж - “мясцовае паданне пра князёў Саламярэцкіх; аўтар імкнецца ўкласці апавяданне пра гэта ў вусны жабрака-лірніка. Адпавядае рэчаіснасці хіба толькі само паданне, бо беларускія жабракі-лірнікі не ведаюць гістарычных песень”. Карскі надзвычай адмоўна выказаўся пра твор “Што яно?” Ён лічыў, што гэты тэкст уяўляе сабой хаатычнае выказванне думак з нагоды розных з’яў, “асабліва ў сувязі з народнымі вераваннямі”, што ад адсутнасці твора ў зборніку аўтар нічога не страціў бы. Пра апавяданне “У чым яго крыўда?” лаканічна сказана, што па форме гэта «шэраг лістоў вучня тэхнічнага вучылішча: да “яе”, да таварыша, да бацькоў. У пісьмах шмат бытавых рысаў і нават ёсць псіхалагічны элемент. Але як літаратурны помнік яны не маюць вялікай каштоўнасці».

Між тым зборнік “Рунь” істотна адрозніваецца ад зборнікаў іншых беларускіх пісьменнікаў, бо адметны праблемна-тэматычнай асновай, сістэмай персанажаў, вылучаецца прадуманай, гарманічнай кампазіцыяй. Зборнік складаўся з дзесяці тэкстаў, кожны з якіх не паўтарае ў мастацкім плане іншыя творы. Варта зазначыць, што частка твораў (“У лазні”, “Роднае карэнне”, “Атрута”, “Красаваў язмін”, “У панскім лесе”) друкавалася аўтарам раней на старонках “Нашай Нівы”. Сабраныя ў адной кнізе, яны дазволілі пісьменніку з розных бакоў асвятліць асобу інтэлігента ў першым пакаленні і чалавека з народа.

Першым у зборніку Гарэцкі змясціў эксперыментальнае апавяданне “Рунь” з прысвячэннем “Памяці друга”. Тэкст пачынаецца словамі ад аўтара, дзе асаблівай увагі заслугоўвае фраза “Яўна парушаючы законы пісьменства краснага, пішу я тут аб тым, што запраўды было”, бо яе можна паставіць у якасці эпіграфа практычна да кожнага са змешчаных у зборніку твораў. Галоўны герой апавядання - чалавек, што мае “вялікія сілы” і “крыштальную чыстату” душы, што “хацеў словам адраджаць чалавекаў беларусе”, “рабіць экамічнае адраджэнне Беларусі”. У кампазіцыйным плане пісьменнік зводзіць у адно некалькі пунктаў погляду на героя (заўважым, што гэты прыём любіў сучаснік Гарэцкага японскі пісьменнік Руноске Акутагава), каб у чытача склалася аб’ектыўнае

ўяўленне пра Уладзіміра З.; уводзіць дэтэктыўны момант пра магчымае самагубства героя, рамантычную сюжэтную лінію шчаслівага кахання беднага хлопца-сіраты праваслаўнага веравызнання Уладзіміра да “ядынага адростку старыннага беларускага роду” каталіцкага веравызнання Ядзі; дадае каментарыі аўтара з характарыстыкамі галоўнага героя; падае нібыта творы Уладзіміра “Войт” і “Княгіня” пра адчуванні людзей далёкага мінулага, лісты Ядзі да Уладзіміра, урыўкі з дзённіка Уладзіміра. Малады чалавек імкнецца служыць “беларускай справе”, але яе перспектывы да сустрэчы з Ядзяй уяўляюцца Уладзіміру вельмі няпэўнымі. З дзённікавых запісаў героя вынікае, што чалавек не можа існаваць без высокай мэты і сапраўднага кахання. Востра акрэслена ў апавяданні тэма ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі: Уладзімір усведамляе сябе сынам народа, аднак Гарэцкі не спрашчае сітуацыю, калі прымушае героя прызнацца: “Я заступаюся за брата-мужыка, а ён жане сімпатычны, ён жа мяне крыўдзіў болей, чым хто”. Фінал апавядання напаўадкрыты, бо аўтар выказвае меркаванне, што Уладзімір і Ядзя, насуперак чуткам, што яна памерла, а ён скончыў жыццё самагубствам, засталіся жывымі і вернымі “беларускай справе”: “Веру я: куюць сабе шчасце яны і йшчэ некалі, як спелыя каласы на добрай ніве, закрасуюць народнай зямлі нашай”.

Галоўны герой твора “У лазні” - “вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, казённы стыпендыят Клім Шамоўскі”, інтэлігент з-пад саламянае страхі, які на канікулах з аднолькавай цікавасцю ставіцца да падручніка “Ніжэйшая геадэзія” А. Біка і да паэтычнага зборніка “Песні-жальбы” Якуба Коласа. Клім пасля знаходжання ў горадзе пільна назірае за вясковым жыццём, ацэньвае яго, спрабуе вызначыцца з уласным стаўленнем да роднага кута. Наведванне вясковай лазні духоўна ўмацоўвае, прасвятляе Кліма. Апавядальнік як бы паміж іншым заўважае, што на 25 двароў у Мардалысаве “ёсць ажно дзве лазні”. Аднавяскоўцы Кліма не надта клапаціліся пра побытавыя зручнасці: “Лазня была за гоні ад вёскі, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль шчэ паны жыдам лясоў не прадавалі, рэчкай. Ліпела яна сабе на ўзгорку, і пакуль Клім узабраўся на гэты ўзгорачак, два разы паваліўся і абскрабаў аж да крыві руку абмёрзлы снег”; “Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дуў вецер. Пад нагамі - мяллё. Каля сценак ляжалі, раскірачыўшы ногі, самадзельныя мяліцы”. У такой лазні, дзе нават не было цёплай вады, нельга было нармальна памыцца. Гэта абурыла Кліма, як абурыла ліслівае стаўленне да яго некаторых вяскоўцаў ды іх папрокі хлопцу ў панстве, але ў лазні Клім, дзякуючы аповеду дзёда Банадыся, адчуў жывую зацікаўленасць сялян-аднавяскоўцаў незвычайнымі з’явамі. Сябе Клім атэстуе “прымачом у панстве і пасынкам вёскі”. Вяртаючыся дадому пасля лазні і прыгадваючы Коласавы радкі пра родны кут, ён канстатуе: «Ляцела думка: “Мой родны кут, люблю цябе без меры!” і забавілася яна, не ўцякала».

“Кароткі жалобны абразок” “Атрута” спалучае рысы драматычнага і эпічнага твораў. Праблема п’янства раскрылася аўтарам праз акцэнтаванне небяспечнасці эгаізму. М. Гарэцкі адмовіўся ад адкрытага дыдактызму, падзеі і характары персанажаў ён раскрываў праз маналогі і дыялогі. П’яніца Раман - слабы чалавек, які бяздумна траціць грошы на гарэлку, па яго віне сям’я жыве ў страшэннай галечы, хварэе і памірае жонка, гіне малы сын. У абразку пісьменнік, у адрозненне ад іншых аўтараў, катэгарычна адмовіўся ад паказу сацыяльнай дэтэрмінаванасці вясковага п’янства, а падаў з’яву як маральны выбар чалавека.

Герой “Роднага карэння” студэнт-медык Архіп Лінкевіч спрабуе даведацца “што за народ наш, беларусы?”, ён вырашае збіраць матэрыялы “аб духоўным жыцці свайго народу”, шукае адказы на так званыя праклятыя пытанні, у загадкавых з’явах бачыць містычны след, бо навука не можа ўсё патлумачыць. Відаць, зацікаўленасць аўтара незвычайным, загадкавым дала падставы Янку Купалу назваць М. Гарэцкага “пісьменнікам-містыкам”. Гарэцкі выкарыстоўвае цікавы кампазіцыйны ракурс: апавядальнік расказвае пра падзеі і, разам з тым, дае магчымасць герою разважаць, каментаваць розныя з’явы, дэманстраваць веданне айчыннай літаратуры, пры гэтым ён яшчэ і падае дынаміку напружанага духоўнага жыцця інтэлігента ў першым пакаленні. Напачатку Архіпу здаецца, што змены абышлі бокам яго родную вёску, але ў фінале апавядання на чыгуначнай станцыі студэнт пераконваецца, што ён памыляўся: «Падуў ціхі ветрык, заківаў лазу над канаваю і траўку змірную прыдарожную. “I трыста, чатырыста гадоў назад таксама дуў ён тут, ветрык, і таксама калыхаў-цалаваў траўку сумную і маўклівую... толькі цуда-машыны не было”, - памысліў студэнт і замаркоціўся...».

“Страхаццё” - працяг размовы пра таёмнае, пачатай у апавяданнях “У лазні”, “Роднае карэнне”, але тут аўтар перапрацоўвае сюжэт “чорнага” жарту. Твор пачынаецца разгорнутым маналогам Гаўрылы, з якога вынікае, што чалавек асабліва не павінен ні над чым задумвацца, яму не варта ні ў чым сумнявацца, бо ўсё ў жыцці прадвызначана: “А мяне-то чортам ды нябожчыкам ніхто ўжо не спужаў бы. Бо калі б мне пачало рабіцца страшна, я зараз узяў бы ў галаву і як мага дзяржаў бы там, што ўсё бывае ад думак”. Аднак калі Гаўрыла сутыкнуўся з невядомым, то ад нечаканасці памёр.

Побытавае здарэнне - забойства ў лесе маладой жанчынай старога гвалтаўніка-лесніка ў апавяданні “У панскім лесе” - па-майстэрску дынамічна, псіхалагічна тонка пададзена пісьменнікам праз спалучэнне дыялогу, няўласна-простай мовы безыменнай маладзіцы і аповеду ад трэцяй асобы.

Тэматычна арыгінальнае для тагачаснай беларускай прозы апавяданне “Красаваў язмін” - шчымлівы твор пра каханне і закаханасць. Дваццацігадовы Юра бачыць прыязнасць да яго таленавітай Мусі, але не можа вызначыцца са сваімі адносінамі да дзяўчыны: “Шукаў-шукаў хоць якіх-якіх асаблівых сардэчных пачуццяў у сабе і не знаходзіў. Яна мне надта, праўда, падабалася як мяккая, добрая, начытаная дзяўчынка з не саўсім звычайна-лёгкім дзявочым поглядам на жыццё. Мне з ёю было добра, ладна, прыяйна. Гуляць з ёй любіў. I ўсё”. На заляцанні дзяўчыны ён з далікатнасці адмоўчваўся і асуджаў сябе: “Я сядзеў, як пень, і ў думках лаяў сябе калодаю, дурнем, сажалкавым гнётам”, “Ну й ламінажя”. Рамантык па светаўспрыманні, Юра, калі даведаўся, што дзяўчына раптоўна з’ехала ў Вільню і неўзабаве памерла, вырашыў, што экзальтаваная Муся магла скончыць жыццё самагубствам, але сяброўка дзяўчыны яго здагадку не пацвердзіла. Напамінам пра Мусю стаў “п’янавата-мляўкі пах красуючага язміну”, сімвалічнай кветкі памяці.

Тэма асабістай памяці арганічна перарасла ў тэму народнай гістарычнай памяці ў “Лірных спевах”, дзе аўтар творча развіваў тэмы драматычнага мінулага беларусаў, захавання гісторыі праз мастацкія творы, бо менавіта Янка Прокляты нагадвае людзям пра іх мінулае, пра род Саламярэцкіх.

Лірыка-філасофскі цыкл “Што яно” - семантычна важны ў структуры зборніка. У ім развіваецца думка, што чалавек, незалежна ад стану і ўзросту, заўсёды задумваецца пра асновы светабудовы, пакутуе ад філасофскіх пытанняў. Апавядальніцкая стратэгія аўтара зводзіцца да паказу адчуванняў, меркаванняў і думак розных людзей: дзяўчыны, што страціла каханага, безыменнага бунтаўніка ў душы, старога жабрака, вясковага дурня, Янкі-чараўніка. Цяжка не пагадзіцца з В. Ластоўскім, што М. Гарэцкі прывіваў беларускай прозе “глыбокія думы, містычна- таёмныя, пытанні глыбокія”.

Завяршае зборнік апавяданне “У чым яго крыўда?”, напісанае ў эпісталярнай форме. Яно пачынаецца лістом закаханага Кастуся Зарэмбы да вясковай дзяўчыны Ганны і напоўнена ўзнёслымі адчуваннямі, запэўніваннем у каханні. У пісьме да сябра Кастусь заяўляў, што стаў іншым чалавекам дзякуючы каханню. Хлопец прызнаваўся, што не хоча, атрымаўшы асвету, адрачыся ад каранёў, расплыцца “ў гнілым балоце з грызеных моллю чорных світак”. Кастуся абурае, што маладыя беларусы вучацца на чужым грунце і забываюцца добра разумець свой грунт, ён лічыць, што беларусам патрэбны “свой беларускі прарок, каторы б прамыў нам вочы, у чым наша істота, паэзія жыцця, прыгажосць жыцця”, што ў яго вучылішчы пануе атмасфера бездухоўнасці: настаўнікі на ўроках спяць, а вучні п’юць ды гуляюць у карты. Каханне дало маладому чалавеку крылы, прагу пераўтварэння жыцця, але лісты ад бацькі і каханай расчаравалі хлопца. Бацька-селянін папракаў сына за каханне да вясковай дзяўчыны і перапіску з ёй, ушчуваў за гаворку на беларускай мове: “Даволі таго, што па-мужыцку гаворыш (дурань другі падумаць можа, як бы не ўмееш па-кніжнаму)”. Стары Зарэмба хваліў сына, што выпісаў “Нашу Ніву”, але прызнаваўся: “Нінцы [сястры Касцюка] я не даю чытаць, мала яна шчэ, а глаўнае, каб па-расейску наламалася”. Каханая Кастуся не разумела памкненняў хлопца, у лісце яна дзялілася сумненнямі: “А мне на тое і непакой і што вы сумысля ўсё гэта і па-дзеравенску гаворыце, а вы наўчоны..”. Дынаміка настрояў героя па-майстэрску перадаецца Гарэцкім праз подпісы Кастуся пад лістамі: “Касцючок Зарэмба”, “Косця Зарэмба", “Ваш Кансцянцік”, “К. Зарэмба”. Пасля лістоў ад бацькі і Ганны Кастусь у лісце да сябра падпісаўся “скрыўджаны жыццём”. Прычына крыўды Кастуся ў тым, што самыя блізкія людзі не могуць яго зразумець, аднак ліст малодшага брата сведчыць, што той можа быць аднадумцам, бо піша да яго, “ды шчэ па-беларуску”.

Выдатны крытык сучаснік пісьменніка А. Луцкевіч на падставе аналізу праблематыкі твораў характарызаваў Гарэцкага як “найглыбейшага з ідэолагаў беларускае народнае інтэлігенцыі”. Грунтоўна і дастаткова дакладна яго ўнёсак менавіта ў развіццё нашай літаратуры абазначыў М. Стральцоў: “Падкрэсліваючы не абы-якую праблематыку прозы ранняга Гарэцкага, менш за ўсё мне хочацца прыцяняць яе сацыяльна-грамадскі змест, а хочацца падкрэсліць толькі заглыбленасць пошукаў пісьменніка, ідэйна-мастацкую і жанравую ўскладнёнасць іх”. Стральцоў канстатаваў: “Своеасаблівасць не столькі пазіцыі, колькі становішча Гарэцкага ў нашай літаратуры (істотнае значэнне тут меў і асабісты лёс) абумовіла як кірунак ягоных пошукаў, які часта быў у свядомым паглыбленні, развіцці, дыферэнцыяцыі адкрытага ўжо да яго, напрыклад, Коласам, дык і заўсёднае імкненне да глабальнага даследавання рэчаіснасці, пазначэння яе сацыяльна-гістарычных тэндэнцый, зразуметых праз культуру, праз комплекс нацыянальных адчуванняў...”. М. Стральцоў меў рацыю, паколькі, для прыкладу, у айчыннай прозе тэма ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі ўпершыню была ўзнята Якубам Коласам і Цёткай, але драматызавана і дэталізавана менавіта Максімам Гарэцкім. У адлюстраванні селяніна малады аўтар свядома ігнараваў тэндэнцыйнасць, аб’ектыўна паказваў існаванне ў народным асяроддзі і бездухоўнасці, і прыроднага арыстакратызму. М. Гарэцкі першым увёў вобраз героя-адраджэнца, вобраз закаханага чалавека. Дарэчы, творы, у якіх прысутнічае тэма кахання ці закаханасці, акальцоўваюць зборнік: апавяданне “Рунь” адкрывае яго, “Красаваў язмін” змешчана ў сярэдзіне, шостым па ліку, апавяданне “У чым яго крыўда?” завяршае зборнік. Прадстаўленыя ў кнізе вектары абнаўлення беларускай прозы датычыліся не толькі канцэптуальнага ўзроўню твораў, пашырэння яе праблемна-тэматычных абсягаў, але і ўзроўню паэтыкі. Максім Гарэцкі пераканальна прадэманстраваў магчымасці мастацкай трансфармацыі дзённікавых запісаў, эпісталярнага жанру, побытавага жарту і здарэння, плённасць сінтэзу эпасу і драмы, стылізацый, а таксама крэатыўны патэнцыял спалучэння розных формаў выказвання і маўлення ў межах аднаго твора.

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter