Алена Ярмоленка

ДРАМА АДЗІНОТЫ Ў АПОВЕСЦІ “Ў ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?” МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

У артыкуле на матэрыяле аповесці “У чым яго крыўда?” М. Гарэцкага прааналізаваны характэрны для творчасці пісьменніка матыў адзіноты. Разгледжана парадыгма матыву, у якую ўваходзяць вобразы пагранічнай прасторы і месяца, выгнанніка і дэмана. Вызначаны ўплыў экзістэнцыйнай філасофіі і класічнай літаратурнай традыцыі творчасці М. Лермантава на светапоглядную канцэпцыю М. Гарэцкага.

Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага прадвызначаны катастрафічнай для радзімы пісьменніка і для свету эпохай, калі гінулі і ўзнікалі цэлыя нацыі і дзяржавы. Такая эпоха лічыцца цікавай і значнай для даследчыкаў, але з’яўляецца нешчаслівай і пакутлівай для асобнага індывіда і нават пакалення людзей. Гісторыя не шкадуе чалавечай асобы і нават не звяртае ўвагі на яе. Таму справа спазнання і самаспазнання Hоmо sapiens, філасофскага асэнсавання чалавечай сутнасці і спасціжэння свету праз чалавечае існаванне выступае ў творчасці М. Гарэцкага на першы план. Героі пісьменніка перажываюць гістарычны працэс, падзеі часу як частку свайго мікракосму, уласнае духоўнае развіццё. З аднаго боку, М. Гарэцкі адлюстроўвае лёс краіны і свету праз супярэчлівыя перажыванні асобы, далучанай да гістарычнага працэсу, з другога - асэнсоўвае варожасць навакольнай прасторы, адзіноту і пакінутасць у чужым свеце.

Філасофская канцэпцыя твораў М. Гарэцкага суадносіцца з поглядамі прадстаўнікоў экзістэнцыйнай філасофіі, якія вызначылі такія модусы існавання (экзістэнцыі), як адзінота, нуда, свабода, выбар, жах і смерць. Філосафы экзістэнцыялісты Альбер Камю, Жан-Поль Сартр, Марцін Хайдэгер, Мікалай Бярдзяеў развівалі думку пра ўважлівы аналіз чалавечай істоты асобна ад масы падобных. Кожны чалавек у філасофскай канцэпцыі экзістэнцыялізму - духоўная асоба, надзеленая розумам. Трапляючы ў розныя жыццёвыя калізіі, чалавек, на думку філосафаў, павінен выходзіць з іх больш вопытным. Адказнасць за ўчынкі, вынік свабоднага выбару, нясе сам чалавек.

Найбольш блізкія да экзістэнцыйнага светаадчування М. Гарэцкага погляды М. Бярдзяева, выкладзеныя ў філасофскім трактаце “Самаспазнанне” (1949). Галоўным модусам чалавечай экзістэнцыі філосаф лічыць адзіноту, якую ён асэнсоўвае як глыбокую аснову свайго светапогляду: «Я ніколі не адчуваў, што я частка аб’ектыўнага свету і займаю ў ім якое-небудзь месца. Я перажываў ядро майго “я” па-за прадстаўленым мне аб’ектыўным светам. Толькі на перыферыі я судакранаўся з гэтым светам. Неўкаранёнасць у свеце, які пасля ў выніку філасофскай думкі я назваў аб’ектываваным, ёсць найглыбейшая аснова майго светаадчування. З дзяцінства я жыў у свеце, непадобным на навакольны, і я толькі прыкідваўся, што ўдзельнічаю ў жыцці гэтага навакольнага свету. Я абараняўся ад свету, ахоўваючы сваю свабоду».

Матыў адзіноты, адчужанасці ад аб’ектыўнага свету характарызуе большасць твораў М. Гарэцкага. Пад уплывам абставін асабістага жыцця ён узмацняецца ў апошніх тэкстах пісьменніка. Драма адзіноты, спазнанне сутнасці жыцця праз пагранічную сітуацыю, сам-насам з анталагічнымі катэгорыямі адбываецца як у ранняй (апавяданні “Рунь”, “Што яно?”), так і ў больш позняй прозе (апавяданні “Генерал”, “Рускі”, аповесці “У чым яго крыўда?”, “Меланхолія”, “На імперыялістычнай вайне”, “Скарбы жыцця”). Носьбіт экзістэнцыйнай свядомасці - знакавы для беларускай літаратуры вобраз героя-інтэлігента. Калі ў ранніх апавяданнях пісьменнік толькі робіць захады да асэнсавання драматычнага становішча айчыннай інтэлігенцыі на зломе эпох, то ў аповесці “У чым яго крыўда?” ён на поўную моц выяўляе асаблівасці светаадчування галоўнага героя Лявона Задумы.

Падрабязная характарыстыка творчай сістэмы М. Гарэцкага немагчымая без вывучэння аднаго з асноўных матываў мастацкай прозы пісьменніка - матыву адзіноты. У сучаснай тэорыі літаратуры існуе наступнае азначэнне: “Матыў - любая адзінка сюжэта (або фабулы), узятая ў аспекце яе паўтаральнасці, тыповасці, г. зн. якая мае значэнне альбо традыцыйнае (вядомае з фальклору, літаратуры; з жанравай традыцыі), альбо характэрнае менавіта для творчасці дадзенага пісьменніка і нават асобнага твора”. Адзінота ў аповесці “У чым яго крыўда?” (1926) выступае індывідуальным матывам творчасці, які можна параўнаць з падобным у Міхаіла Лермантава. Больш за тое, рэмінісцэнцыі з твораў класіка рускай літаратуры ідэнтыфікуюцца ў прозе М. Гарэцкага. Матыў адзіноты праяўляецца на тэкставым, падтэкставым і інтэртэкстуальным узроўнях аповесці. На тэкставым узроўні ён прадстаўлены пэўнымі словамі ці нават слоўнымі формуламі. На ўзроўні асэнсавання тэксту матыў звязаны з тэмай і ідэяй, канфліктам, прасторай і часам твораў. Цытаты і рэмінісцэнцыі, выкарыстаныя ў аповесці “У чым яго крыўда?”, дапамагаюць пашырыць межы тэксту, асэнсаваць адзіноту як анталагічную філасофскую катэгорыю.

Сюжэтная схема аповесці “У чым яго крыўда?” мае кумулятыўную структуру, падзеі і персанажы сканцэнтраваны вакол асобы галоўнага героя. Негатыўныя здарэнні ў жыцці Лявона Задумы акумулююцца, прыводзяць да абвастрэння канфлікту і трагічнай развязкі. З пачатку твора М. Гарэцкі дае зразумець, што адзінота героя тлумачыцца як знешнімі, так і ўнутранымі фактарамі. Знешнія фактары - сацыяльнае паходжанне і ўзровень адукацыі Лявона Задумы, якія вылучаюць яго з пералічаных у аповесці сацыяльных груп і робяць яго чужым для сялян. У той самы час уласныя перакананні не дазваляюць яму далучыцца да мясцовай “інтэлігенцыі”: пісара, паштовага начальніка і паліцэйскага ўрадніка. Каставыя “забабоны” адлучаюць Лявона ад яўрэяў і мясцовай шляхты.

Унутраныя прычыны адарванасці героя ўзыходзяць да духоўных пошукаў асобы ў час “між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт ці, проста кажучы, - павагу, уваччу нават малых дзяцей”. У такі час Лявон Задума стаіць перад пакутлівым выбарам уласнага шляху самаспазнання і самаідэнтыфікацыі. Вобраз выгнанніка, які выбірае дарогу ў жыцці, вызначае ідэалы і духоўныя каштоўнасці, уваходзіць у парадыгму адзіноты, дазваляе акрэсліць інтэртэкстуальную сувязь аповесці з творамі М. Лермантава.

Адзіноту і адчужанасць героя адлюстроўвае і хранатоп аповесці “У чым яго крыўда?”. Наратыўная прастора акрэслена статычным топасам Цёмналесся - глухой вёскі, з якой паходзіць малады інтэлігент. Гісторыя адарванага ад цывілізацыі месца ўзмацняе сацыяльную і духоўную беспрытульнасць галоўнага героя, выяўляе супярэчнасці, што аддаляюць яго ад “родных каранёў”: “Цёмналессе - невялічкае, усяго там хат з дваццатак і дужа, можна сказаць, глухое. Гісторыя чалавечага развіцця пасадзіла яго сярод вялікіх лясоў і прысунула да яго першы знак цывілізацыі - царкву, у канцы васемнаццатага веку, вёрст за дзесяць (як кажуць, але, мусіць, з добрым гакам). Другі знак цывілізацыі - валасную канцылярыю, у палове дзевятнаццатага веку, адчыніла яна ў мястэчку вёрст за пятнаццаць” .

Сімвалічнае месца, вёска Цёмналессе, адлюстроўвае пачатак жыццёвай дарогі галоўнага героя. Першапачатковае дзеянне аповесці абмежавана вёскай і яшчэ больш звужаецца да хаты сям’і Задумаў, дзе павінен праводзіць канікулы Лявон. Адчужанасць героя ад іншага свету падкрэсліваецца апісаннем засыпанай снегам хаты, з якой няма дарогі і вакол якой адна снежная пустэльня: “Пустэльня, як заўсёды, цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю. Яна быццам і ведаць не хацела шпаркасці жыцця і клопатаў далёкае адгэтуль цывілізацыі, зусім чужой і непатрэбнай дзеля пустыннага спакою. Пустэльня маўчала цяжка, сцюдзёна і безуважна”.

Даследчыкі творчасці М. Лермантава вылучаюць у вершах і паэмах паэта хранатоп пагранічнай прасторы, паміж небам і зямлёй, дзе час спыняецца і герой застаецца сам-насам са сваімі думкамі і перажываннямі. Падобны хранатоп сустракаецца ў тэксце аповесці М. Гарэцкага. Аўтар характарызуе трансцэндэнтнае становішча галоўнага героя з дапамогай народнай прыказкі: “Ад зямлі адарваўся і неба не дастаў”. Пагранічная прастора ключавая для разумення адчужанасці героя, якая суадносіцца з азначэннем адзіноты ў філасофскім даследаванні М. Бярдзяева: «Я адчуваў сябе істотай, не той, што выйшла з “гэтага свету”, і не прыстасаванай да “свету гэтага”. Я не думаў, што я лепшы за іншых людзей, укаранёных у свет, часам думаў, што я горшы за іх. Я пакутліва адчуваў чужасць усякага асяроддзя, усякай групоўкі, усялякага напрамку, усякай партыі. Я ніколі не згаджаўся быць прылічаным да якой-небудзь катэгорыі. Я не адчуваў, што ўваходжу ў сярэдне-агульны стан чалавечага жыцця. Гэтае пачуццё чужасці, якое часам прыносіла мне сапрадныя пакуты, выклікаў у мяне ўсякі сход людзей, усякая падзея жыцця».

Біяграфічны і міфалагічны час аповесці таксама мае асаблівасці, звязаныя з аўтарскім матывам адзіноты. Факты біяграфіі маладога вучня Лявона Задумы карэлююць з каляндарна-абрадавым (міфалагічным) часам. Вакацыі ў бацькоў Задумы прыпадаюць на Каляды, калі прынята весяліцца і адзначаць надыход новага года. Але вучоны герой застаецца па-за традыцыйным каляндарна-абрадавым часам, імкнецца вырвацца

вёскі, марыць пра ідэальнае жыццё, далучэнне да цывілізаванай прасторы. Драму адзіноты ўзмацняе выкарыстаны М. Гарэцкім архетып месяца, які безуважна назірае за духоўнымі пакутамі героя, яго імкненнем да новага жыцця: “Месяцу ж было ўсё роўна: ці там хоча завыць сабака, з высокім апетытам і нізка падтуленым ад голаду хвастом, ці там хоча пяяць свой хвальньі гімн пустэльнай адзіноце вучоны хло- пец, з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццём”. Згодна з класічнай літаратурнай традыцыяй аўтар аповесці асэнсоўвае месяц як сімвал адзіноты і тугі, трагічнай і безнадзейнай долі.

Спроба пазбегнуць адзіноты, далучыцца да сялянскай грамады адлюстравана пісьменнікам праз пранікненне героя ў колазварот традыцыйнага сялянскага жыцця. Трапіўшы на вечар з танцамі, Лявон Задума мае магчымасць ацаніць станоўчы бок вясковага побыту і нават закахацца ў простую сялянскую дзяўчыну. Сімвалічны каляндарны час, калі здараецца сустрэча з першым каханнем, - Вадохрышча, на якое выпала своеасаблівае “хрышчэнне” галоўнага героя, далучэнне да роду.

Такім чынам, знакавы для разумення мастацкай канцэпцыі адзіноты, акрамя біяграфічнага часу, і каляндарна-абрадавы (міфалагічны) час. Завязка дзеяння, знаёмства з новым героем адбываюцца на Каляды, якія сімвалізуюць пачатак новага жыцця, з’яўленне новага героя-інтэлігента. Кульмінацыя аповесці, каханне Лявона Задумы да сялянскай дзяўчыны, прыходзяцца на Вадохрышча, адбываецца “хрышчэнне”, выпрабаванне героя, пераломны момант у яго жыцці, калі ён вырашае жыць і працаваць на карысць вёскі, ажаніцца з простай дзяўчынай.

Падзеі рэальнага жыцця няўмольна ўмешваюцца ў мары юнака. Непрымірэнчыя супярэчнасці, немагчымаць знайсці родную душу адлюстраваны супрацьпастаўленнем прасторы вёскі, да якой належыць яго каханая, і прасторы горада, навучальнай установы, падрабязна ахарактарызаванай аўтарам. Прамой адсылкай да драматычнай паэмы “Дэман” М. Лермантава служыць згаданы ў аповесці “У чым яго крыўда?” ганарлівы і самотны дэман, які, “пралятаючы над пансіёнам гэтаю парою ў горняй чорнай вышыні, чуе тут толькі такі самы шум, які бываеў пчаліным вуллі, калі па ім стукнуць, увечары колькі разоў, а тады прыкласці вуха і слухаць”. Вобраз дэмана сімвалізуе мяцеж галоўнага героя супраць вызначаных парадкаў, спробу змяніць лёс, пазбегнуць невыноснай вечнай адзіноты. Як і герой М. Лермантава, Лявон Задума прагне права на шчасце і жыццё, пераадолення пракляцця выгнанніка праз каханне да простай дзяўчыны. Як і ў паэме Лермантава, імкненне галоўнага героя да выратавання вядзе да катастрафічных вынікаў.

Падзеі акумулююцца, дзеянне рухаецца больш імкліва. М. Гарэцкі адлюстроўвае будзённае жыццё ў школе і горадзе, чаргуючы яго апісанне з вясковымі навінамі. Хранатоп пашыраецца, рассоўвае межы, дзякуючы выкарыстанню лістоў. Эпісталярны жанр дазваляе аўтару выйсці за рамкі аповеду пра біяграфію Лявона Задумы, адлюстраваць унутраны свет героя, яго пачуцці і думкі. Менавіта думкі і пачуцці, занатаваныя ў лістах, дапамагаюць зразумець востры канфлікт паміж горадам і вёскай, які вядзе да адрачэння героя ад сацыяльнага асяроддзя, з якога ён выйшаў. Развязка твора сведчыць пра немагчымасць прымірыць супрацьлеглыя бакі, далучыць вёску да цывілізацыі, спраўдзіць мару пра ідэальнае жыццё. Нездарма расчараванне ў ідэалах М. Гарэцкі звязвае з часам напярэдадні Вялікадня, выкарыстоўваючы сімволіку хрысціянскага свята, каб глыбей асэнсаваць страту надзеі, пакуты галоўнага героя.

Такім чынам, аналіз аповесці “У чым яго крыўда?” дазваляе вылучыць матыў адзіноты, характэрны для мастацкай творчасці Максіма Гарэцкага. У светапогляднай канцэпцыі пісьменнік выкарыстоўвае класічную літаратурную традыцыю, прадстаўленую ў творчасці М. Лермантава, і пераасэнсоўвае яе ў духу экзістэнцыйнай філасофіі, палажэнні якой абгрунтаваны ў працах Мікалая Бярдзяева. Матыў адзіноты вылучаецца на ўсіх узроўнях мастацкай сістэмы аповесці Максіма Гарэцкага, уплывае на сюжэтную схему, хранатоп, тэму і ідэю твора. У парадыгму названага матыву ўваходзяць вобразы пагранічнай прасторы і месяца, выгнанніка і дэмана, што суадносяцца з адпаведнымі вобразамі сусветнай літаратуры.

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter