Уладзiмiр Пучынскі

Аўдыяплынь твораў Максіма Гарэцкага

Поруч з друкаваныміі электроннымі;кнігамі ў нашае жыццё ўсё шырэй уваходзяць аўдыёкнігі. Праўда, адносна няшмат беларускамоных выданняў, айчыннай класікі, сусветнай літаратуры па-беларуску. Мы ж сёння распавядзем пра новую аўдыякнігу, што з’явілася нядаўна.

Выйшла кружэлка «Дыямант у пабітым шкле: Споведзь разняволенай душы», дзе сабраныя творы, Максіма Гарэцкага. Тут варта прыгадаць, што гэта другая аўдыякніга аўтара. У2008 г. была выдадзеная кружэлка «На імперыялістычнай вайне. Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы». Там жа было змешчанае і апавяданне «Літоўскі хутарок». Тады галоўнаю задачай стваральнікі лічылі паказаць сродкамі радыёмастацтва лёс салдата-беларуса ва ўмовах Першай сусветнай вайны, а па форме - зрабіць з салдацкага дзённіка запамінальную і каларытную аўдыякарціну.

I тады ж пачала складвацца ідэя другой кружэлкі, прысвечанай Гарэцкаму, якая б канцэптуальна і структурна адрознівалася ад першай. Ініцыятары стварэння аўдыякніг Гарэцкага адзначаюць: «Нам важна было засяродзіцца на вобразе маладога беларускага інтэлігента, які хоча прысвяціць сваё жыццё асветніцтву і культурнаму адраджэнню Бацькаўшчыны. Цэнтральным творам і своеасаблівай дамінантай новага дыска стала аповесць «Ціхая плынь», у якой вобраз хлопчыка Хомкі крануў нас сваёй незвычайнай лірычнасцю і мастацкай сілай. Нам здаецца, што сярод апісанняў дзяцінства, што існуюць у сусветнай літаратуры, старонкі Гарэцкага - сапраўдны «дыямант», узрошчаны на нашых адвечна беларускіх пакутах і радасцях».

Над выданнем працавалі артыст і рэжысёр Алег Вінярскі, гукарэжысёры Людміла Свацікава і Ігар Пісыгін, а таксама Сяргей Чайка, Вольга Гваздова і Вячаслаў Паўлавец. Кіраўнік праекта - Кастусь Антановіч.

Апроч аповесці ў выданне ўвайшлі апавяданні і абразкі Гарэцкага «У лазні», «Роднае карэнне», «Старое замчышча», «Габрыелевыпрысады», для падмацавання тэмы змешчаныя вершы Янкі Купалы «Беларушчына», «Падсякайце тое дрэва», «Брату ў чужыне».

Раскрыццю тэмы спрыяюць і іншыя творы, сабраныя ў адзіную кампазіцыю. Яны разгортваюць перад намі багатую палітру думак і пачуццяў маладой асобы, якая фармавалася на беларускіх землях у пачатку XX ст. А ва ўсіх маладых героях, прадстаўленых на кружэлцы, мы знаходзім рысы самога аўтара. З боку формы стваральнікі аўдыякнігі пагрузілі слова М. Гарэцкага ў новы музычны кантэкст, чым пашырылі яго вобразныя магчымасці. Скарыстаная музыка Антона Абрамовіча, Стыва Яблонскага, Раміна Джавадзі, гурта «Стары Ольса» ды іншых кампазітараў, спевы Д. Аксенцьевіча. Пачынаецца і заканчваецца аўдыякніга народнымі песнямі «Дубровышка ды зялёная...» і «Дарожка, дарожка, ды ты шырокая...». Гэтыя творы некалі М. Гарэцкі запісаў ад сваёй маці Еўфрасінні Міхайлаўны, тэксты друкаваліся ў 1928 г. у кнізе М. Гарэцкага і кампазітара А. Ягорава «Народныя песьні з мэлёдыямі». Адмыслова для праекта іх праспяваў фальклорны гурт «Калыханка» з Міханавічаў (Мінскі раён).

Аўтар аповесці «Ціхая плынь» маленства называе часам адкрыцця, творчай радасці. Гэта пара, «на якую не варта забывацца, - піша ён. - Хто счарсцвеў, пагінуў у будзёншчыне, - у дзіцячыя гады быў вялікім музыкаю, іграючы на скрыпачцы з лучынак і са струнамі з нітак. Iдаўлела яму, быў змысел і была радасць. Хто зрабіўся тупы, як палка, - у гады маленства з палкі вырабляў мастацкія для яго мастацкіх пачуванняў штукі: птушачак, звяроў і проста харошы кіёчак-папірашку. Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату - і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну ».

Пытанні, што ўзняў класік у сваіх творах, да сённяшняга дня застаюцца вострымі і нявырашанымі. Ягоны мастацкі свет неабсяжны, складаны і шматфарбны. I дзеля ягонага спасціжэння - новая аўдыякніга. Чытайма і спасцігайма сапраўдны «дыямант», узрошчаны на нашых адвечна беларускіх пакутах і радасцях.

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter