Уладзімір Казбярук

Фразай яго не ахопіш

Так ужо здаралася, што па-сапраўднаму значэнне і непаўторнасць нашых найбуйнейшых пісьменнікаў я адкрываў для сябе не на лекцыях ва універсітэце, а самастойна. Янка Купала ва ўсёй сваёй абаяльнасці і сіле прыйшоў да мяне толькі пасля таго, як мне выпадкова ўдалося купіць зборнік «Шляхам жыцця». А пра Максіма Гарэцкага ў 40-я гады я, вядома, не ведаў нічога.

Упершыню я даведаўся пра яго ў пачатку 50-х гадоў у аспірантуры. Адразу ж адчуў нешта незвычайнае, але не паспеў разабрацца — добрае ўсё ў яго ці выпадковае, надуманае. З-за паўсядзённых турбот дэфіцыту часу бліжэйшае знаёмства адкладваў на больш ні тэрмін. Наступіў ён, аднак, хутка — толькі ў 60-я гады калі я працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук.

Максім Гарэцкі ўражваў мяне самабытнай манерай пісьма, раскаванасцю думкі, якая не хацела падладжвацца пад патрабаванні сацыялістычнага рэалізму. Калі мне ў другой палавіне 70-х гадоў трапіў у рукі раман аднаго італьянскага пісьменніка «Красавец священник», то я адчуў, што «Віленскія камунары», створаныя значна раней, але ў нечым блізкія па стылі, былі для мяне непараўнальна больш дасканалымі. Здаецца, дэталь. Але гэта дазволіла мне ўзняць Максіма Гарэцкага на сур’ёзны ўзровень еўрапейскай мастацкай прозы.

Максім Гарэцкі — занадта самабытны і рознабаковы пісьменнік, каб можна было адважыцца нейкай адной фразай ахапіць яго непаўторнасць, спасцігнуць сутнасць. На кожным гістарычным этапе ён станавіўся ўсё больш нечаканым, глыбокім і шматгранным.

У ягоных дакастрычніцкіх творах уражвае багацце перажыванняў простага селяніна, які быццам пераадольвае ўладу зямлі, уласнага куточка, заглыбляецца ў спрадвечныя загадкі і філасофію быцця. Без такога заглыблення немагчымы быў бы ніякіі прагрэс.

Тыя разважанні першапачаткова маглі набываць нейкі агульнафіласофскі сэнс. Але калі настала пара катаклізмаў сусветнай і грамадзянскай вайны — ідэйныя пошукі накіроўваюцца на вырашэнне ўжо не абстрактных праблем. Іх месца пачынаюць займаць праблемы нацыянальнага быцця і лёсу. Падставу для такіх назіранняў і вывадаў даюць апавяданні перыяду грамадзянскай вайны і аповесць «Дзве душы».

У сувязі з гаворкай пра гэтыя творы хацелася б звярнуць увагу на адну асаблівасць, якая, можа, не адразу кідаецца ў вочы пры знаёмстве з імі. Яна не самая галоўная, не вызначальная, але знамянальная. Пісьменнік у працэсе мастацкага асэнсавання нацыянальнай ідэі пазбягае спрошчаных, адназначных, прымітыўна-прамалінейных, але пазбаўленых трывалай глебы вывадаў.

Ні сам аўтар, ні тыя героі, да якіх па волі пісьменніка мы адносімся з сімпатыяй, не лічаць, што яны знаюць усе рэцэпты для выратавання калі не чалавецтва (выратавальнікамі яго абвяшчалі сябе бальшавікі), то свайго народу. Але самае каштоўнае тое, што яны ніколі не пойдуць проці свайго сумлемня, не прымуць фальшу ў жыцці, поглядах, паводзінах.

Усёй душою адданы нацыянальнай справе, Максім Гарэцкі тым не менш не прымае неўраўнаважаных паводзін Сухавея (аповесць «Дзве душы»), які ў кожным недастаткова ўсвядомленым беларусе можа бачыць рэнегата і здрадніка. Сам пісьменнік з выразнай дыстанцыяй адносіцца да такіх змагароў за беларушчыну.

Асабліва ўражвае мастацкае выкрыццё нікчэмнай сутнасці бальшавіцкіх дзеячаў мясцовага маштабу і нізавых звенняў. Вобраз колішняга манаха Гаршчка, п’яніцы і лайдака, перарастае ў небывалай сілы мастацкае абагульненне.

«Кто был ничем, тот станет всем». Уся бяда ў тым, што Гаршчок быў «нічым» не толькі ў сацыяльным плане, але і ў маральным.

Пазіраючы на яго, прапаршчык Абдзіраловіч пакутуе ад пытання: «Тэорыя інтэрнацыянала вінавата ў тым, што беларускім народам кіруюць цяпер бальшавіцкія камісары ўсякіх нацый, апрача беларускай? Ці яна вінавата, што ў нашым знамянітым Обліскомзапе ёсць армяне, латышы, жыды, палякі, маскоўцы, але няма нас, беларусаў? Што правінцыя маець толькі такіх кульгавых беларусаў, як гэты Гаршчок?»

Творы Максіма Гарэцкага памагаюць нам лепш за найгрунтоўнейшыя навуковыя трактаты зразумець сутнасць палітычных і сацыяльных катаклізмаў той пары. Бо ёсць яшчэ і сёння людзі з высокімі вучонымі ступенямі і званнямі, што ў Кастрычніцкай рэвалюцыі бачаць пачатак найсвятлейшай эры ў лёсе Беларусі.