Тамара Гаробчанка

М. Гарэцкі – і наш тэатр

З творчасцю Максіма Гарэцкага я пазнаёмілася даволі позна. У праграме баранавіцкай рускамоўнай сярэдняй школы, якую я скончыла і дзе беларуская мова выкладалася як прадмет, апальнаму пісьменніку, вядома ж, месца не знайшлося. Падчас вучобы ў аспірантуры даводзілася гартаць старыя выданні, на старонках і якіх раз-пораз сустракаліся і творы М. Гарэцкага — мастацкая проза і публіцыстыка. I хоць тэма маёй працы непасрэдна яго творчасці не тычылася, матэрыялы пажоўклых ад і часу газет і часопісаў літаральна захаплялі, прымушалі чытаць нумары, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі. Мяне ў асноўным цікавіла ўсё, што адносілася да беларускага тэатра, таму і ў М. Гарэцкага перш за ўсё вабіла яго тэатральная публіцыстыка. Ён шмат пісаў пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Галубка, Я. Купалы, Ф. Аляхновіча, рэцэнзаваў спектаклі, рабіў аналіз дзейнасці маладых беларускіх драматургаў.

Колькі адкрыццяў для сябе я рабіла амаль штодня! Адным з іх стаў артыкул М. Гарэцкага “Наш тэатр”, які ў 1916 годзе быў перадрукаваны з “Каляднай пісанкі” газетай “Гоман”. Нават, калі я больш блізка пазнаёмілася з крытычнымі нататкамі У. Сыракомлі, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, А. Бабарэкі і інш., “Наш тэатр М. Гарэцкага застаўся для мяне найвышэйшым узорам тэатральнай публіцыстыкі. Напісаны вельмі жывой, выразнай мовай, артыкул уражвае не толькі прафесійным разуменнем задач, што стаялі перад нацыянальным тэатрам, але і вялікай гордасцю за бацькаўшчыну, за беларускі народ, яго гісторыю і культуру: “Патрэбна паказаць з беларускай сцэны другім народам зямным, што за народ такі ёсць беларусы, што маюць яны... нешта гэткае, перад чым прыемна адчыніцца агульналюдская скарбніца векавечных здабыткаў культуры і цывілізацыі...”.

Вызначаючы асаблівасці беларускага нацыянальнага характару, М. Гарэцкі вельмі тонка, далікатна раскрывае схільнасць беларуса да творчасці, яго прыроджаны талент, унутраную патрэбу ў мастацтве. У вельмі яркай, даходлівай, эмацыянальнай форме ён гаворыць аб адраджэнскай місіі беларускіага тэатра, аб яго выключнэй ролі ў фарміраванні народнай самасвядомасці. Па сутнасці артыкул “Наш тэатр” і на сённяшні дзень мог бы быць праграмным для беларускага сцэнічнага мастацтва. Менавіта таму я ўключыла яго тэкст у праграму для студэнтаў-тэатразнаўцаў Беларускай акадэміі мастацтваў.

Прыхільнасць М. Гарэцкага да тэатра выявілася і ў тым, што ён пісаў п’есы (“Жартаўлівы Пісарэвіч”), драматычныя абразкі (“Чырвоныя ружы”), драматызаваныя аповесці (“Антон”), Агульнавядома, што аснову асноў рэпертуару нацыянальнага тэатра павінна складаць нацыянальная драматургія. Аб гэтым, дарэчы, неаднаразова пісаў і М. Гарэцкі. Мяне заўсёды здзіўляла нецікаўнасць, а то і абыякавасць нашых рэжысёраў да беларускай літаратурнай спадчыны. Звычайна ў тэатрах даводзіцца чуць: “Усё лепшае, напісанае беларускімі драматургамі, на сцэне пастаўлена”. Быццам бы яно і так. У сапраўднасці ж праўда тут аднабаковая, бо пастаўлена толькі тое, што ляжыць на паверхні. Між тым, пры больш удумлівым, творчым стаўленні да нацыянальнай спадчыны — як да драматургіі, так і да мастацкай прозы — тут можна адкрыць шмат нечаканага.

Вось толькі два прыклады: цікавае, вельмі сучаснае прачытанне хрэстаматыйна вядомай драмы “Раскіданае гняздо” Я. Купалы ў Тэатры-студыі “Абзац”, і адкрыццё для сучаснага гледача амаль забытай камедыі “Залёты” В. Дуніна-Марцінкевіча на сцэне тэатра імя Я. Коласа. Характэрна, што паставілі абодва спектаклі маладыя рэжысёры А. Савіцкі і Ю. Лізянгевіч. Не можа не радаваць і тое, што рэжысёр Маладзёжнага тэатра Беларусі В. Катавіцкі працуе над глыбока філасофскай драматызаванай аповесцю М. Гарэцкага “Антон”.

Думаецца, што і сёння вельі надзённа, актуальна, сугучна часу гучаць словы Максіма Гарэцкага: “Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння”.